“Сталічныя” пярэбары: з Нясвіжа ў Магілёў
Ёсць клопаты, ёсць і рух
Адыходзячым годам начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль
АКУШЭВІЧ задаволены: удасканалена матэрыяльна-тэхнічная база, вырашаны пытанні з рэканструкцыяй многіх устаноў культуры і адукацыі, паспяхова прайшла акцыя “Нясвіж — Культурная сталіца Беларусі 2012 года”.
— У рамках гэтай рэспубліканскай акцыі мы зладзілі, — зазначае ён, — больш за 70 яркіх мерапрыемстваў, у тым ліку і культурных акцый з удзелам творчых рэспубліканскіх сіл ды прадстаўнікоў Саюзнай дзяржавы. Нясвіж, як гэта і было пры Радзівілах, стаў некаранаванай сталіцай культуры… Згадайце, якімі феерычнымі былі лютаўскія ўрачыстасці ля Нясвіжскай ратушы! За гэты час у Культурнай сталіцы выступілі хор Цітовіча, маладзёжны камерны аркестр, “Песняры”, Дзяржаўны ансамбль танца… Фестывальная праграма ўключыла выступленні піяніста Барыса Беразоўскага, калектыву Уладзіміра Співакова. Займеў працяг праект аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга “Музы Нясвіжа”. Не магу не згадаць і Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Карацей, канцэртна-тэатральныя залы Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” не пуставалі. Аматары класічнай музыкі атрымалі асалоду. Папулярнасцю карысталіся Музычныя вечары Вялікага тэатра оперы і балета, Тэатр Уршулі Радзівіл. Гасцямі былі Купалаўскі і Коласаўскі тэатры, Мінскі абласны драматычны і Тэатр імя Горкага… А зусім нядаўна ў замку адбыўся шыкоўны дабрачынны Баль…
— А як была прадстаўлена народная творчасць?
— Нясвіж стаў асяродкам традыцыйнага нацыянальнага мастацтва ўсёй Міншчыны. Мы аб’ядналі тры фэсты: “Грай, гармонік!”, фальклорны — “Талака” і “Саламяныя дзівосы”. Быў арганізаваны Дзень майстэрства юных мастакоў вобласці “Фарбы роднай зямлі”. Прайшоў і Міжнародны пленэр імя Міхаіла Сеўрука…
— Досыць прадстаўніча адзначылі і Год кнігі…
— У рамках акцыі “Славуты нясвіжскі друкар” прайшла Навукова-практычная канферэнцыя “Пісьменнік і інтэлектуал эпохі Рэфармацыі”. Праект прысвячаўся 450-годдзю выдання Сымонам Будным у Нясвіжы першых друкаваных кніг на беларускай мове. Да падзеі прымяркоўваліся, натуральна, літаратурныя выстаўкі. У акцыі прынялі ўдзел і прадстаўнікі краін СНД…
— Якія мэты ставіла перад сабой Культурная сталіца сёлетняга года і ці дасягнула іх?
— Рэспубліканская акцыя, адкрыццё замка прыцягнулі велізарную ўвагу грамадскасці, у тым ліку замежнай, да ўнікальнай і старадаўняй нясвіжскай культуры, гісторыі. Такія мэты і ставілі перад сабой.
— Наколькі клапотна мець сталічны статус?
— Безумоўна, клапотна. Але ёсць клопаты — ёсць і рух, крэатыў, цікаўнасць. Работнік культуры не мае права знаходзіцца ў застоі.
— Калі праз час прадаставіцца шанц ізноў прэтэндаваць на гэты статус, які яшчэ горад Міншчыны будзе прапанаваны для ўдзелу ў праекце “Культурная сталіца Беларусі”?
— Заслаўе.
Лагатып у тралейбусе
Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль СІНКАВЕЦ упэўнены, што абласны цэнтр займее званне “Культурная сталіца Беларусі і краін СНД 2013 года” цалкам заканамерна:
— Мы ішлі да гэтай канкрэтна пастаўленай мэты сістэмна і не адзін ці два гады. Нашы разнастайныя і пастаянна новыя творчыя праекты далі дадатковы імпульс для таго, каб Міністэрства прыняло прапановы ўпраўлення і пачало ўзгадняць статус Культурнай сталіцы для Магілёва.
— Калі і з чаго канкрэтна пачалася падрыхтоўка да прыняцця названага статуса?
— Усё пачалося з 2006 года, калі ў Бабруйску прайшлі рэспубліканскія “Дажынкі”. Тады пры Кіраўніку дзяржавы Магілёўшчына была абвешчана фестывальнай вобласцю. Потым адкрыўся філіял Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра (цяпер у нас штомесячна можна спрычыніцца да балетнага, опернага мастацтва). Захавалі і філіял Акадэміі музыкі. Зараз вядзём перамовы з міністрам культуры краіны Барысам Святловым, каб гэты філіял займеў статус Магілёўскай кансерваторыі.
— Цягам наступнага года пад знакам “Культурная сталіца-2013” будзе задзейнічаны не толькі горад?
— Безумоўна. У Магілёве прайдуць знакавыя абласныя форумы: “Залаты шлягер”, жывапісны пленэр, “Анімаёўка” з удзелам “Беларусьфільма”, “М.@rt-кантакт”…
— Але ж на Магілёўшчыне існуе шэраг брэндавых фэстаў, што ладзяцца ў райцэнтрах. Ці ўбачаць іх жыхары ды госці Культурнай сталіцы?
— Клімавіцкая “Залатая пчолка” будзе стартаваць, да прыкладу, менавіта ў Магілёве. Тое ж — і з Фестывалем сямейнай творчасці, які прапісаны ў Глуску…
— Вядома, што ў горадзе распрацавана адпаведная праграма, скіраваная на самыя шматгранныя “сталічныя пераўтварэнні”. У чым яе сутнасць?
— Яна — надзвычай рознабаковая. Мэр Магілёва Станіслаў Барадаўка дае даручэнні транспартным службам, гандлю, адукацыі, камунальшчыкам, словам — літаральна ўсім гарадскім інстанцыям… 22 снежня, у суботу, у губернатара вобласці Пятра Рудніка зацвярджаюцца і праграма, і лагатып Культурнай сталіцы. Апошні неўзабаве будзе прысутнічаць у кожнай краме, паліклініцы, у тралейбусах, аўтобусах. І паўсюль павінна знаходзіцца інфармацыя пра тое, чаму ж Магілёў здолеў займець сталічны статус. Словам, Культурная сталіца абавязана прэзентаваць культуру ў цэлым.
— Праграма, наколькі ведаю, прапаноўвае мерапрыемствы, разлічаныя літаральна на ўсе ўзроставыя катэгорыі…
— Так. Задзейнічаны не толькі ўпраўленне ды аддзелы культуры, а і ўсе сацыяльныя службы, прамысловыя прадпрыемствы. Так што ўплыў Культурнай сталіцы адчуюць і выхаванцы дзіцячых садкоў, і пенсіянеры..
— Якім першым мерапрыемствам Магілёў заявіць пра сябе ў новай якасці?
— У студзені вобласці спаўняецца 75 гадоў. Пад час святкаванняў і пры ўдзеле паслоў краін СНД Магілёву будзе ўручаны адпаведны сертыфікат.
— Адказнасць у вас — двайная: абласны цэнтр стане і Культурнай сталіцай краін СНД. А што зроблена для гэтага?
— Дакументы, падпісаныя прадстаўнікамі краін Садружнасці, ужо ляжаць на маім стале. Наша праграма знаходзіцца ў Савеце кіраўнікоў дзяржаў СНД. Арганізацыя збіраецца прафінансаваць некалькі нашых творчых праектаў… Згодна з планам, мяркуецца, натуральна, і самае шчыльнае творчае ўзаемадзеянне з нашымі замежнымі сябрамі. Маю на ўвазе і прафесійных артыстаў, і прадстаўнікоў народнага мастацтва. У Фестывалі сямейнай творчасці, да прыкладу, удзел возьмуць сем’і і з краін Садружнасці...
Фота Юрыя ІВАНОВА