Як не згубіць “чалавечыя арыенціры”?

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

28 лістапада адкрываецца чарговы, XIX з’езд мастакоў Беларусі. На парадку дня — справаздача аб рабоце Рады і Рэвізійнай камісіі Саюза за трохгадовы перыяд паміж з’ездамі, выбары новага складу кіруючых органаў. Натуральна, у дыскусіях па дакладах размова пойдзе аб месцы і ролі Саюза ў культурным жыцці грамадства, аб дзейнасці творчых падраздзяленняў і мастацка-вытворчых прадпрыемстваў у справаздачны перыяд, аб выставачнай дзейнасці і ўкладзе мастакоў у эстэтычнае пераўтварэнне асяроддзя. Безумоўна, размова пойдзе і аб няпростым становішчы сучаснага мастака ў новых рынкавых умовах, аб яго ўзаемаадносінах з дзяржавай, грамадствам, гледачом, сродкамі масавай інфармацыі. Хацелася б толькі, каб, не ў прыклад папярэднім з’ездам, асноўная ўвага была нададзена ўсё ж менавіта творчым пытанням, якія тычацца пазітыўных і негатыўных аспектаў прафесійнай якасці як асобных мастацкіх твораў, так і выставак у цэлым. Бо трэба прызнаць, што крытэрыі такіх ацэнак за апошнія гады згублены, ды і, уласна кажучы, прапаганда выяўленчага мастацтва ў Саюзе мастакоў пакідае жадаць лепшага. Гэта, на мой погляд, адна з прычын таго, што выставачныя залы нават пры экспанаванні цікавых выставак пустуюць, а большасці патэнцыяльных гледачоў і ўвогуле невядома, што пэўная выстаўка працуе. Я ўжо не кажу пра тое, што большасць выставак не пакідаюць пасля сябе і следу з-за таго, што няма ілюстраваных каталогаў. Канешне, фактычная бяздзейнасць прафесійнай крытыкі, у тым ліку адсутнасць дасведчанага мастацтвазнаўцы ў штаце апарата Саюза, вядзе да таго, што крытычную думку замяніла суцэльная журналісцкая апалагетыка ў інфармацыйным выглядзе, якая без перашкод працвітае ў прэсе і на тэлебачанні. Спадзяюся, што сёлетні з’езд паставіць і новым складам Рады паспрабуе вырашыць хаця б частку арганізацыйна-творчых праблем, якіх цяпер у нашай мастацкай прасторы назбіралася больш чым дастаткова.

 /i/content/pi/cult/138/828/Socium1.jpg
Толькі што ў Палацы мастацтва закрылася выстаўка “Манументальнае мастацтва Беларусі”. Як мне думаецца, яна дала падставы сур’ёзна пагаварыць не толькі і нават не столькі ўласна аб экспазіцыі, колькі аб тых прынцыповых праблемах сучаснага манументальнага жывапісу, якія заканамерна выцякаюць з гэтай выстаўкі.
Яе чакалі даўно. Яна была другой па ліку за ўвесь пасляваенны перыяд: папярэдняя выстаўка, якая атрымала шырокі грамадскі розгалас, экспанавалася 20 гадоў таму. Для мастакоў-манументалістаў стварэнне падобных экспазіцый — вялікая праблема. Што выстаўляць? Безумоўна, эскізы, кардоны, фатаграфіі на планшэтах, фрагменты ў матэрыяле (мазаікі, вітражы, фрэскі). Як гэта было тады, у 1987 годзе. Але для гэтага патрэбны надзвычай вялікія затраты, што сёння не пад сілу і Саюзу мастакоў, і мастацка-вытворчаму камбінату.
Дзе ж выйсце? А выйсце было знойдзена своеасаблівае: прадставіць некалькі дзесяткаў планшэтаў з фатаграфіямі аб’ектаў і вялікую колькасць станковых твораў (пейзажы, карціны, партрэты, нацюрморты) сяброў секцыі манументальнага жывапісу Саюза мастакоў. Што і было зроблена. Вынік, на жаль, нагадваў тую самую страву, якая падаецца перад супам... Тым больш, што многія жывапісныя работы па сваіх мастацкіх якасцях на гэтай выстаўцы маглі б і не быць.
Ніхто не стане спрачацца, што сучасны манументальны жывапіс знаходзіцца ў крызісе, галоўная прычына якога — адсутнасць дзяржаўных заказаў на творы гэтага важнейшага віду мастацтва.
Нагадаю, што яшчэ тры дзесяцігоддзі таму гэты унікальны від творчасці ішоў у авангардзе савецкага мастацтва “вялікіх форм”, паказваючы прыклад высокага прафесіяналізму, умелага выкарыстання навейшых матэрыялаў і тэхналогій, разнастайнасці сюжэтна-тэматычных пластоў, іншым разам ламаючы рамкі і каноны партыйна-ідэалагічных патрабаванняў.
У час “перабудовы” і наступнага развалу Савецкага Саюза гэтая сфера мастацкай творчасці калі і не прыйшла ў заняпад, дык, па меншай меры, была адсунута на другі план.
Адсутнасць буйных дзяржаўных і грамадскіх заказаў, ліквідацыя сістэмы Мастацкага фонду, перманентнае аслабленне магчымасцей мастацка-вытворчыхкамбінатаў прывялі да таго, што большасць мастакоў-манументалістаў вымушана была сысці ў сумежныя віды мастацтва, у асноўным у станковы жывапіс. Ён даваў (і дае) магчымасць хоць неяк матэрыяльна існаваць, а пры спрыяльных абставінах — і выходзіць на замежны арт-рынак.
Што ж сёння адбываецца ў мастацтве “вялікага стылю”? Чаму, калі размова заходзіць пра
 /i/content/pi/cult/138/828/Socium2.jpg
сучасны стан манументальнага жывапісу, практычна ўсе спецыялісты ў гэтай сферы паціскаюць плячыма? Па сутнасці, адзіны прыклад комплекснага мастацкага афармлення унікальнай Нацыянальнай бібліятэкі, у якім прынялі актыўны ўдзел і манументалісты, не знімае гэтай праблемы.
Словам, нядаўняя выстаўка выклікае дваістае ўражанне. З аднаго боку, выдатна, што ўрэшце яна адбылася і мы ўбачылі, хаця б на фатаграфіях, што было зроблена нашымі мастакамі за апошнія два дзесяцігоддзі. І за гэта ўдзячнасць бюро секцыі манументальнага жывапісу на чале з яе старшынёй Уладзімірам Крываблоцкім. Нягледзячы на сціплае фінансаванне з боку камбіната і Саюза мастакоў, творцы ўсё ж змаглі акрэсліць тое лепшае, што было ў манументальным мастацтве, пачынаючы з 1980-х гадоў і заканчваючы мастацкім афармленнем Нацыянальнай бібліятэкі, Мінскай гарадской ратушы і гасцініцы “Еўропа”. Праўда, зусім незразумела, чаму ў некаторых выпадках, акрамя ўказанняў прозвішчаў аўтараў, адсутнічалі назвы манументальных работ і аб’ектаў, у якіх яны былі зроблены. Недапрацоўка арганізатараў? Ці гэта проста абыякавае стаўленне да гледача па прынцыпе “і так сыйдзе!”?
Я быў сведкам таго, як у зале першага паверха гледачы, у тым ліку школьнікі, аглядаючы фатаграфіі, у роспачы паціскалі плячыма, стараючыся ўзгадаць, дзе і на якім аб’екце знаходзяцца той ці іншы вітраж, роспіс ці мазаіка. Гэткая гульня ва “ўгадайку”...
І яшчэ. Чаму на выстаўцы прадстаўлены работы толькі сталічных мастакоў-манументалістаў? Хіба за папярэднія два дзесяткі гадоў у абласцях і раёнах краіны не з’явіліся творы мясцовых мастакоў, вартыя ўвагі? Ці зноў “вінавата” славутая праблема фінансавання?
 /i/content/pi/cult/138/828/Socium3.jpg
Карацей кажучы, сёлетнюю выстаўку справядліва было б назваць так: “Справаздачная выстаўка твораў сяброў секцыі манументальнага жывапісу БСМ. 1987 — 2007”.
І тады шэраг праблем быў бы зняты.
З другога боку, выстаўка, на мой погляд, дала цудоўную нагоду для пастаноўкі шэрагу важнейшых праблем, якія тычацца месца і ролі манументальнага жывапісу ў жыцці грамадства на старце ХХІ стагоддзя.
І, напэўна, гэта самае галоўнае. Паспрабую хаця б эскізна акрэсліць кола гэтых надзённых праблем. Зыходжу з таго, што манументальны жывапіс з усіх відаў выяўленчага мастацтва і па сёння з’яўляецца найбольш важнай і дзейснай сферай эстэтычнага і, калі жадаеце, ідэалагічнага ўплыву на розумы і лад жыцця чалавека, які пастаянна жыве ў асяродку такога мастацтва. Невыпадкова манументальны жывапіс называюць “чалавечымі арыенцірамі”.
Ну, а што ж адбываецца сёння?
Чаму за апошнія гады мы не можам пахваліцца значнымі па задуме і маштабным увасабленні манументальнымі творамі? Бо не збяднела ж на таленты зямля беларуская! І традыцыі, закладзеныя родапачынальнікамі сучаснага манументальнага жывапісу, нікуды не зніклі. Дастаткова прайсціся па вуліцах Мінска альбо пабачыць інтэр’еры будынкаў ці станцый метро, каб агледзець яшчэ грамадска значныя работы, скажам, нашых “патрыярхаў” Гаўрылы Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі, а таксама Уладзіміра Крываблоцкага, Генадзя Жарына, Юрыя Багушэвіча і іх калег, “старыя” і новыя работы якіх прадстаўлены ў экспазіцыі.
Мы ўжо неаднойчы пісалі, што “святло ў канцы тунэля”, у сэнсе новага адраджэння гэтага мастацтва, з’явілася з буйнейшага ў гісторыі беларускай культуры дзяржаўнага заказу — мастацкага афармлення унікальнай Нацыянальнай бібліятэкі, у якім былі задзейнічаны дзесяткі мастакоў усіх відаў творчасці. У тым ліку і манументалістаў — майстроў роспісу па разным ляўкасе, вітража, разнога рэльефу. Хочацца спадзявацца, што гэта толькі пачатак… Бо таго патрабуе новы час. Час комплекснага праектавання і будаўніцтва буйных архітэктурных аб’ектаў (культурных, спартыўных, вытворчых, гандлёвых і г. д.), у якіх поруч з архітэктурна-дызайнерскімі навацыямі неабходна ўлічваць і месца мастака — пераўтваральніка эстэтычнага прасторавага асяроддзя.
Асабіста для мяне выстаўка дала падставу закрануць і шэраг іншых спецыфічных праблем. Напрыклад, маштаб як фактар гуманістычнага фарміравання ладу нашага жыцця; узаемаадносіны жывапісу, прыкладнога мастацтва, дызайну і архітэктуры; “колеравая культура” прасторы, важнасць яе пластычнага вырашэння, а не толькі тэхнічнага і ўтылітарнага; завершанасць асяроддзя, інакш кажучы, таго напаўнення, якое фарміруецца з улікам дынамікі яго развіцця ў часе; сацыялогія — і ўнутры яе больш прыватныя пытанні: сувязь паміж прафесіяналамі-мастакамі — з аднаго боку і насельніцтвам — з другога, для якога, уласна, і робяцца гэтыя творы (пры гэтым важная зваротная сувязь для ўліку іх эмацыянальнага ўздзеяння на гледача); безумоўна, мастацкая якасць як аснова паўнацэннага сінтэзу, якая ў абавязковым парадку павінна рэгулявацца мастацка-экспертнымі саветамі Міністэрства культуры, Саюза мастакоў і яго арганізацыямі на месцах, а таксама ўпраўленнямі культуры абласных і гарадскіх выканкамаў.
Не сакрэт, што сёння большасць манументальных работ выконваюцца мастакамі па прыватных заказах, якія не праходзяць, як раней, праз “сіта” прафесійных экспертных саветаў або камісій. У падобных выпадках галоўным “экспертам” з’яўляецца заказчык (як у кіно — прадзюсер), які плаціць, і яго асабісты густ вызначае тэму і якасць. Акрамя таго, заказчык мае права выходзіць на любога мастака (і наадварот), не звяртаючыся да паслуг мастацка-вытворчых прадпрыемстваў БСМ, дзе існуюць высокія накладныя расходы і падаткі. Для заказчыкаў гэта, канешне, прасцей і танней, але вось з прафесійнай якасцю выкананых работ часта бываюць праблемы.
У савецкія часы значныя работы ва ўсіх сферах выяўленчага і афарміцельскага мастацтва, якія тычыліся комплекснага вырашэння гарадскога і сельскага асяроддзя, праходзілі праз сістэму Мастацкага фонду і Міністэрствакультуры, а кантроль над якасцю быў надта высокі. Цяпер, у эпоху “свабоды творчасці”, можна рабіць усё, што заўгодна. Толькі шэдэўраў штосьці нябачна.Між тым, толькі за апошнія тры гады са сцен Беларускай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “мастак манументальна-дэкаратыўнага мастацтва” было выпушчана 17 чалавек, 2 з якіх атрымалі дыплом з адзнакай, 5 з’яўляліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, 12 — былі рэкамендаваны ў сябры Маладзёжнай секцыі Беларускага саюза мастакоў. Але амаль усе яны сёння, на жаль, працуюць па прыватных заказах (катэджы, офісы, кавярні, прыватныя кватэры, казіно і г. д.). А чаму б манументалістаў, як, прынамсі, архітэктараў, не размяркоўваць па гарадах краіны?
 /i/content/pi/cult/138/828/Socium4.jpg

Магчыма, прыйшоў час, калі ўсе гэтыя і іншыя аналагічныя пытанні, якія тычацца, у прыватнасці, прапаноў па выпрацоўцы перспектыўнага дзяржаўнага плана развіцця, прапаганды і ўкаранення манументальнага жывапісу ў буйныя архітэктурныя аб’екты краіны, належыць абмеркаваць на спецыяльнай рэспубліканскай творчай канферэнцыі.
У гэтай дыскусіі маглі б прыняць удзел не толькі мастакі, але і тыя кіраўнічыя асобы рэспубліканскага, абласнога і раённага маштабу, ад якіх залежыць перспектыва развіцця манументальнага мастацтва, а таксама архітэктары, праекціроўшчыкі, мастацтвазнаўцы, журналісты. І з праектам пастановы, у якім павінны быць дакладна пазначаны рэальныя стратэгічныя задачы і шляхі іх рэалізацыі, увайсці ў адпаведныя дзяржаўныя структуры.
А яшчэ я падумаў вось пра што: як хацелася б у недалёкай будучыні мець для мастакоў-манументалістаў дзе-небудзь у сталіцы спецыяльнае музейнае памяшканне з сучаснымі абсталяваннем і святлом, з прыстасаваннямі для дэманстрацый буйных слайдаў, а таксам відэафільмаў і г. д. Там бы знайшлі сваю прапіску і планшэты з якаснымі фатаграфіямі лепшых работ мінулых і нядаўніх гадоў, і фрагменты манументальных твораў у матэрыяле, і эскізы, і картоны, якія захаваліся. Гэта ж так цікава бачыць, як няпроста нараджаліся тыя ці іншыя шэдэўры!
Магчыма, гэта манілаўскія мары, але ж размова ідзе менавіта аб “чалавечых арыенцірах”, аб мастацтве найбольш сацыяльна значным у грамадскім і ідэалагічным аспектах, якое з-за сваёй спецыфікі актыўна ўплывае на эстэтычную арганізацыю нашага агульнага нацыянальнага дома, у якім мы сёння жывём і ў якім будуць жыць нашы нашчадкі. Уявіце сабе, як многа згубіла б культура Мексікі без манументальных работ Сікейраса, Рыверы і Ароска, што вызначылі ідэалагічны, сацыяльны “вобраз” краіны ХХ стагоддзя, альбо Еўропа — без фрэсак вялікіх майстроў еўрапейскага Адраджэння!І апошняе. Таксама з вобласці мары — але рэальнай. Размова ідзе аб магчымасці выдання маляўнічага ілюстраванага альбома “Манументальны жывапіс Беларусі. 1967 — 2007”. Выданне падобнага роду было задумана Саюзам мастакоў і выдавецтвам “Беларусь” яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў. Але тады па розных прычынах гэтаму праекту не суджана было рэалізавацца. Можа, варта падумаць над гэтым пытаннем?
Падсумоўваючы вышэйсказанае, яшчэ раз падкрэслю, што выстаўка, нягледзячы на сур’ёзныя прабелы ў яе арганізацыі, усё ж дае падставы для прафесійных абагульненняў пра шляхі развіцця манументальнага жывапісу ў новых сучасных умовах сацыяльнага, эканамічнага і духоўнага жыцця нашай рэспублікі.
І хачу спадзявацца, што і аб гэтым пойдзе размова на будучым з’ездзе мастакоў Беларусі…

Барыс КРЭПАК