2012 знакаў без прабелаў пра 2012-ы

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г


Шлях "праз складанасці і магчымасці"

Адна з найцікавых ды яркіх ініцыятыў, якія ўразілі ў сферы рэгіянальнай культуры, — той праект, што прадэманстравала дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра Ельскага раёна Яўгенія Шадрына пад час выязной рэдакцыі "К" на Гомельшчыну.

Пра асаблівасці задумкі ў Зашыр’і "К" пісала. На жаль, пад час выездаў у рэгіёны краіны бачыць такія адметныя ініцыятывы даводзілася вельмі рэдка. А шкада. Так, зрабіць тое, што прапаноўвае Яўгенія Шадрына, хоць і складана, але — магчыма. Чаму ж гэтым шляхам — "праз складанасці і магчымасці" — не рушаць у іншых раёнах Беларусі?

І "вечныя" нараканні на нястачу грошай тут наўрад ці спрацуюць: у Зашыр’і ўсё зрабілі сваімі рукамі і без дапамогі з боку мясцовага аддзела культуры. Праўда, важкую падтрымку аказвае спонсар — кіраўнік мясцовай гаспадаркі Рыгор Бабчанок. Але ж увагу таксама варта спачатку заслужыць...

На шчасце, адметных праектаў у сферы культуры Беларусі ў 2012-м сапраўды паболела. Вось у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці няўрымслівы начальнік аддзела культуры Уладзімір Шэляговіч стварае цэлую музейную краіну ў сельскай мясцовасці. Прычым менавіта сёлета было прынята рашэнне аб фінансаванні праекта па ўзвядзенні Музея Дастаеўскага ў вёсцы Дастоева з бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. А на Гродзеншчыне культработнікі паспяхова працуюць з грантамі па трансгранічных праграмах ЕС і ПРААН.

Так што праектная дзейнасць у рэгіёнах развіваецца. Вельмі хацелася б, каб цікавых ініцыятыў на Беларусі з’явілася яшчэ больш. Хутчэй за ўсё, так яно і будзе. Пераконвае ў гэтым, прыкладам, дзейнасць аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама: у раёне сёлета распачаўся конкурс сярод культработнікаў на лепшы інвестыцыйны ці сацыякультурны праект. Чаму б падобныя конкурсы не аб’вясціць у кожным раёне Беларусі?

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Хачу туды, дзе…

Паспрабую давесці (у першую чаргу — сабе), што мяне здзівіла, занепакоіла, узрадавала ў 2012-м…

Пастаянныя камандзіроўкі "на раёны" — справа прыцягальная і гаючая. Тыдзень пасядзіш у Мінску — і ўражанне такое, нібыта ад рэальнага жыцця адарваўся ўшчэнт. Метро — рэч шыкоўная, але праўда там, куды ў завеі можна дабрацца з экскаватарам у авангардзе. Дзе ў печы — жывы агонь, а на клубным падваконні квітнее папараць...

Здзівіла, як і летась, пазалетась, многае. Узаемадзеянне мясцовых улад з аддзелам культуры на Полаччыне. Спонсарская актыўнасць у Ашмянскім, Маладзечанскім, Клічаўскім, Жлобінскім раёнах. Масавасць і высокі прафесіяналізм народнага мастацтва на Шуміліншчыне і Браслаўшчыне. Самадастатковасць Кобрынскага аддзела культуры. Маштабы трансгранічнага ўплыву Столінскага і Бераставіцкага, крэатыўнасць Іванаўскага і Міёрскага раёнаў… За гэтым сухім пералікам — неймаверна напружаная праца. А поспех яе прадвызначае тое, што праца прыносіць работнікам культуры (якая простая выснова!) радасць. І ў камандзіроўках гэтай энергіяй, як вадой у смажны дзень, сілкуемся і мы, журналісты "К". Паглядзіце ў радасныя вочы клубнікаў, бібліятэкараў, музейшчыкаў — яны выпраменьваюць дабрыню, якой сёння так не хапае! І апошнім разам мы "купаліся" ў гэтай стваральнай энергіі пад час "круглых сталоў" нашых выязных рэдакцый у Гомелі, Мазыры, Кобрыне. І гэтыя шматлікія вочы здзівілі ў чарговы раз. Пабольш бы такіх здзіўленняў!

Так, не кожная камандзіроўка прыносіць радасць. І гэта падстава для непакою. Я не буду называць адрасы, бо кожны з вас іх цудоўна ведае. Зачыненыя клубныя дзверы ў разгар рабочага дня, безаблічныя бібліятэкі, пустыя падваконні і недасведчанасць, узведзеная ў ранг ці не асноўнай маральнай якасці…

Але я ідэаліст: добрыя вочы павінны перамагчы і яны — перамагаюць. Пакрысе, паступова, але — перамагаюць...

Яўген РАГІН

Viva праект!

2012-ы стаўся годам праектаў. Як вялікіх, так і не вельмі, як цікавых, так і не надта, але — годам, у якім слова і паняцце "праект" стала распаўсюджаным.

Так, праекты ствараліся ды раскручваліся і раней, але менавіта сёлета яны замацавалі свой статус, сцвердзіўшы, што на прыкладзе асобных ініцыятыў могуць стаць сапраўднай З’явай.

Мастацкай Падзеяй стаўся выставачны праект "Палацавы комплекс", які быў прэзентаваны ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі ўвесну. Лічу, менавіта гэтая "інтэрвенцыя" сучаснага мастацтва ў славуты аб’ект спадчыны выканала ролю праекта "Кодэкс", што прадстаўляў Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале. Публіка, нарэшце, здолела ацаніць патэнцыял таго самага contemporary art, пра які так доўга вялася гаворка і які, насамрэч, аказаўся нечаканым, свежым, дасціпным, трапным і не такім ужо і "страшным", як камусьці падавалася.

У тэатральным жыцці пошук ды магчымасці новых форм і сцэнічнай мовы падтрымаў фестывальны праект "ТэАрт". Як бы мы ні любілі свой тэатр (і Нацыянальная тэатральная прэмія відавочна садзейнічае цікавасці да сцэнічнага мастацтва), але ведаць і бачыць на ўласныя вочы, "што адбываецца" на падмостках еўрапейскіх гарадоў, — неацэнны ўнёсак у культурны "бэкграўнд" сучасніка.

Не ведаю, ці можна назваць такую "махіну" як Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", праектам, але яго сёлетняя "версія" засведчыла: высілкі нават невялікай каманды прафесіяналаў (вядома, і на падтрымку заснавальнікаў форуму забыцца нельга) могуць давезці да Мінска "вяршкі" кінасвету. Калі назваць сёлетні "Лістапад" праектам, то ён, несумненна, быў удалым. Як і выхад юбілейнага магілёўскага Фестывалю анімацыйных фільмаў "Анімаёўка", і як ператварэнне вуліцы Карла Маркса ў Мінску (хоць улетку) у музычную ды танцавальную… І здзяйсненне іншых ініцыятыў, што зрабілі наша жыццё сапраўды культурным ды жывым…

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Алгарытмы музейнай раскруткі

Хоць пакуль яшчэ не падрыхтавана статыстыка новых музейных праектаў па іх самаакупнасці, наведвальнасці, аднак першыя падсумаванні можна зрабіць ужо зараз.

Так ці не, галоўным мерапрыемствам для айчынных музейшчыкаў і іх патэнцыйнай аўдыторыі стаў Першы Нацыянальны форум "Музеі Беларусі", які прадэманстраваў рэальныя магчымасці ўстаноў культуры. Прадстаўнічы форум, у якім удзельнічалі эксперты з бліжняга і дальняга замежжа, засведчыў, што, пры ўсіх "плюсах" і "мінусах" беларускіх музеяў, апошнія як ніколі запатрабаваны ў грамадстве. Адным са сведчанняў — лаўрэат форуму, праект "ART-Vileyka" Вілейскага краязнаўчага музея, які рэгулярна збірае вялікую колькасць мясцовых жыхароў на мерапрыемствы з удзелам айчынных дзеячаў культуры.

Запатрабаванасць у наведвальнікаў сёлета прадэманстравалі, найперш, знакавыя і ўжо даўно "раскручаныя" брэнды краіны, у тым ліку такія буйныя музейныя комплексы, як Мірскі замак, Нясвіжскі і Гомельскі палацы, Брэсцкая крэпасць, Нацыянальны мастацкі музей і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Але не толькі яны "прыглянуліся" турыстам.

Сёлетнія матэрыялы ў "К" засведчылі, што нават невялікая ўстанова можа прывабліваць вялікія плыні наведвальнікаў, — дастаткова толькі гучна пра сябе заявіць, праводзіць рэкламную стратэгію, актыўна выкарыстоўваючы Інтэрнэт, нават не выдаткоўваючы на гэта велізарных сродкаў. Дарэчы будзе згадаць яскравыя прыклады брэсцкіх музеяў — "Выратаваныя мастацкія каштоўнасці" і Музея чыгуначнай тэхнікі, якія, не маючы вялікага фінансавання, плошчаў і нават самастойнага статуса, прывабліваюць дзясяткі тысяч турыстаў з усяго свету.

Відавочна, сядзець склаўшы рукі і чакаць, пакуль да цябе прыйдзе турыст, — справа няўдзячная. Важна заявіць пра сябе, не саромеючыся за нейкія недахопы. Але, разам з гэтым, варта займець і сваю адметнасць, заснаваную на рэгіянальнай традыцыі. Тут можна прыгадаць пазітыўны вопыт Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава — ці не лідара па папулярнасці сярод раённых музеяў.

Цяпер — пра выкарыстанне найноўшых тэхналогій. Сёння ў віртуальных сябрах нашай газеты ў сацыяльных сетках налічваецца ўжо пару дзясяткаў музеяў. Ды і ў сваёй паўсядзённай дзейнасці беларускія музеі ў плане выкарыстання інфармацыйных дасягненняў не адстаюць ад калег з бліжняга замежжа, пра што сведчаць тыя ж інфакіёскі, праектары, размешчаныя не толькі ў буйных сталічных музеях. Больш за тое: сёлета распачалося выкарыстанне і трохвымерных тэхналогій. Пахваліцца 3D-"наваротамі" сёння можа Літаратурны музей Янкі Купалы.

Хочацца верыць, што ў новым годзе першых наведвальнікаў прымуць археалагічныя музеі ў Юравічах на Гомельшчыне ды ў Моталі на Брэстчыне. Будзем спадзявацца і на тое, што 2013-ы прынясе Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры першую пастаянную экспазіцыю, якую грамадскасць чакае ўжо два дзесяцігоддзі. І канешне ж, "К" у наступным годзе будзе сачыць за ўзвядзеннем новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ды разам з чытачамі наведае яго першыя адкрытыя экспазіцыйныя залы.

Кастусь АНТАНОВІЧ

А вы даўно гулялі ў лялькі?

Сёлета тэатральнае мастацтва Беларусі было ў чарговы раз азорана “Пікавай дамай”. У чарговы — таму, што гэтая “містычная містыфікацыя” ў выглядзе нашумелага спектакля Алега Жугжды з’явілася ў Гродзенскім абласным тэатры лялек ажно напрыканцы 2010-га. А ў 2012-м прадоўжыла сваё трыумфальнае шэсце не толькі па замежжы, але і, што яшчэ больш важна, па роднай Беларусі.

Двойчы “…Дама” наведвала сталіцу. Увесну збірала кампліменты VII Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, увосень — узнагароды (ажно пяць!) Нацыянальнай тэатральнай прэміі краіны. Такія перамогі “гульні ў лялькі”, якая ўсё яшчэ лічыцца некаторымі, паводле завядзёнкі, чымсьці несур’ёзным, не толькі вымушалі з большай павагай ставіцца да гэтага мастацтва, але і прыводзілі да роздуму пра яго сучаснае разуменне.

“…Дама” навучыла адразу некалькім рэчам. Па-першае, усё трэба рабіць з любоўю, а не проста па абавязку. Па-другое, свет імкнецца да сінтэзу мастацтваў, жанраў, нават “гульнёвай” імправізацыйнасці з дакументалістыкай ды навуковым даследаваннем. Але каб постмадэрнісцкае “спалучэнне неспалучальнага” атрымалася натуральным, патрэбны талент. І — не абы-які! Па-трэцяе, глядач прагне не толькі відовішчаў, але і давяральнасці інтанацыі. Не толькі стадыёнаў, але і камернасці. Іншымі словамі, “сцэны розныя патрэбны”.

Не менш паказальнымі сталіся і ўласна сталічныя лялечныя спектаклі, прэм’еры якіх прыпалі на адыходзячы год: “Шоўк” у пастаноўцы Аляксея Ляляўскага і “Дзяды” — Аляксандра Янушкевіча. Увогуле, апошнім часам менавіта лялечныя пастаноўкі для дарослых маглі б прэтэндаваць на гэткі “фірменны брэнд” нашага нацыянальнага тэатральнага мастацтва.

А вось сярод драматычных спектакляў, нягледзячы на іх куды большую колькасць, працэнтныя суадносіны з якасцю былі іншымі. Тут адносным “рухам наперад” стаўся хіба спектакль “Дажыць да прэм’еры” ў РТБД. Тое, што Павел Харланчук “выцягнуў” з драматургіі Мікалая Рудкоўскага, нязвыклай для айчыннай сцэны, і з саміх артыстаў, дзе ў кожным “чытаецца” харланчукоўская манера ігры, дазваляе з надзеяй глядзець у будучыню беларускай рэжысуры.

Ну а сярод разнажанравых музычных спектакляў самымі крэатыўнымі былі работы Ганны Маторнай. Больш акцёрскага майстэрства стала ў Вялікім тэатры, асабліва ў “Сівой легендзе” і “Севільскім цырульніку”, што былі пастаўлены сёлета Міхаілам Панджавідзэ. Так што сустракаць 2013-ы хочацца з аптымізмам!..

Надзея БУНЦЭВІЧ

Змены, а затым і мільён на YouTube

У сферы кінаіндустрыі краіны адбыліся найважнейшыя арганізацыйныя змены — упершыню быў праведзены Адкрыты рэспубліканскі конкурс на лепшы кінапраект, пераможцы якога змаглі прэтэндаваць на фінансавую падтрымку з боку дзяржавы.

Паказальна, што сярод іх аказаліся не толькі дзве галоўныя кінавытворчыя арганізацыі, але і прыватныя кампаніі. Казаць пра поўную перамогу новай сістэмы пакуль зарана. Але ўжо сёння можна адзначыць, што інтарэс да кінавытворчасці ў нашай краіне, у тым ліку з боку замежных кінавытворцаў, значна ўзрос.

Нездарма самай гучнай падзеяй года стала трыумфальнае шэсце па кінафестывалях свету міжнароднага праекта "У тумане", які быў створаны пры ўдзеле Нацыянальнай кінастудыі па творы Васіля Быкава. На узбярэжнай Круазэт ужо ў другі раз быў разгорнуты беларускі павільён, і імя краіны двойчы прагучала на Канскім фестывалі, у конкурсе якога ўдзельнічала карціна Сяргея Лазніцы.

Ігравое кіно сёлета збольшага было прадстаўлена тэлевізійнымі стужкамі, але несумненным плюсам можна лічыць фінансавую мэтазгоднасць такіх праектаў, асабліва сумесных. Што ж да мастацкіх пошукаў, то, як і раней, яны былі сканцэнтраваны ў напрамку дакументалістыкі. Новыя цікавыя стужкі выпусцілі Віктар Аслюк, Міхаіл Жданоўскі, Андрэй Куціла, Вольга Дашук, Кацярына Махава ды іншыя аўтары. Паказальна, што годную канкурэнцыю "Летапісу" склаў "Беларускі відэацэнтр", які паступова займае месца вядучага вытворцы дакументалістыкі.

На жаль, не абышлося без незаменнай страты: пайшоў з жыцця таленавіты аўтар "Ваўкоў" Аляксандр Колбышаў...

Тэндэнцыяй у бягучым годзе сталі створаныя маладымі аматарамі-сінефіламі стужкі, якія атрымалі вялікі розгалас у інтэрнэт-аўдыторыі. Менавіта з гэтага боку трэба чакаць прарыву ў нашым кіно: увага павінна быць скіравана на тых, хто цяпер ладзіць аматарскія фэсты ды абменьваецца стужкамі ў Сеціве. Менавіта такога роду мерапрыемствы сёлета былі асабліва папулярныя ў маладых кінаманаў. Па ўсім свеце кіно пераходзіць у іншую, постіндустрыяльную стадыю, і не за гарамі той дзень, калі які-небудзь хлопец або дзяўчына з Мінска ці іншага населенага пункта нашай краіны прачнецца знакамітым, атрымаўшы свой першы мільён праглядаў у YouTube...

Антон СІДАРЭНКА