Знак высокага статуса

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Сярод падзей, якімі застанецца ў памяці адыходзячы год, — ініцыятыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па наданні Слуцкаму поясу статуса нацыянальнага брэнда. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краіна мае патрэбу ў сімвале, які годна прадстаўляў бы нашу мінуўшчыну і стаў адбіткам гісторыі Беларусі.

Слуцкі пояс як мастацкі шэдэўр і знак высокага сацыяльнага статуса найлепшым чынам падыходзіць на гэтую ролю. Абвясціўшы яго беларускім брэндам, усвядоміўшы гэты факт, мы вяртаем пад свой духоўны суверэнітэт цэлую гістарычную эпоху.

Ідэя адраджэння вытворчасці слуцкіх паясоў з моманту яе абвяшчэння шырока абмяркоўвалася і ў асяродку прафесіяналаў, і ў коле аматараў мастацтва. Трэба прызнацца, што сярод іх былі скептыкі: маўляў, тэхналогія страчана, спецыялістаў бракуе, грошай на гэтую справу ўзяць няма дзе... Сёння іх відавочна паменела, можа, нават яны ўвогуле зніклі. Бо Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў, разлічаная на 2012 — 2015 гады, паспяхова рэалізуецца. І ўжо ёсць пэўныя вынікі. Барысаўскі камбінат пашырыў асартымент сувенірнай прадукцыі па матывах слуцкіх паясоў. У Слуцку планамерна ажыццяўляецца мадэрнізацыя вытворчай базы. Распрацавана канцэпцыя музея, у якім будзе прадстаўлена гісторыя стварэння гэтага брэнда ў звязцы з гісторыяй краіны. Сваю частку Праграмы выконваюць навукоўцы, мастакі, тэхнолагі, эканамісты, юрысты.

Існуе выслоўе: "Вочы баяцца, а рукі робяць". Мне падаецца, што так было і тады, калі Радзівілы ставілі гэтую вытворчасць. Дадзены ж прынцып дзейнічае ў справе адраджэння вытворчасці слуцкіх паясоў і зараз. Ад пачатку задача мо і палохала каго сваёй грандыёзнасцю, але пачалася работа — і, як той казаў, працэс пайшоў. Знайшліся спецыялісты. Высветлілася, што аднаўленне тэхналогіі — задача няпростая, але вырашальная, і сродкі на добрую справу ў дзяржавы ёсць.

А па меры таго, як тэзісы Дзяржаўнай праграмы будуць станавіцца рэальнасцю, мы абавязкова згадаем, што слуцкія паясы — толькі часта страчанай матэрыяльнай культуры нашага "залатога веку". А значыць, адраджэнне Слуцкага пояса — толькі пачатак маштабнай праграмы вяртання нашай, аказваецца, не такой і страчанай, спадчыны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"