“Гэты мілы чалавек, велізарнае дараванне…”

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Мастак, які першым намаляваў партрэт Янкі Купалы з натуры

Дзмітрый Мікалаевіч Полазаў… Імя амаль невядомае ў Беларусі. Яго вы не знойдзеце нават у 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі”, хаця пачынаючы з 1911 года і да 1923-га творца жыў у Мінску (як кажа даведнік па аддзеле сучаснага беларускага мастацтва Беларускага дзяржаўнага музея 1929 года, па іншай версіі — з 1914-га). Тут да рэвалюцыі ён выкладаў у гарадскім Рэальным вучылішчы рысаванне і сацыялогію мастацтва, потым разам з Канстанцінам Елісеевым вёў 1-ю Мінскую мастацкую студыю ў былым асабняку памешчыка Снітка па вуліцы Вясёлай, загадваў Інстытутам народнай адукацыі, узначальваў этнаграфічныя экспедыцыі па Случчыне і Мазыршчыне па вывучэнні беларускай народнай творчасці, а галоўнае — сябраваў з Янкам Купалам і быў першым жывапісцам, хто ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя намаляваў з натуры тры партрэты нашага Песняра. Не кажу ўжо пра тое, што ў Беларусі ён маляваў і рысаваў шмат чаго іншага, у тым ліку партрэты Якуба Коласа і Змітрака Бядулі, якія былі прадстаўлены на першай паслярэвалюцыйнай мастацкай выстаўцы 1921 года ў Мінску.

Дапытлівых магу накіраваць у Літаратурны музей Янкі Купалы, дзе захоўваюцца некаторыя жывапісныя і графічныя творы Полазава, фотаздымкі, а таксама яго перапіска 1950-х з “цёцяй Уладзяй” — Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч, удавой Песняра і першым дырэктарам Купалаўскага музея. Такім чынам, сёння ўстанова валодае трыма партрэтамі класіка: два былі перададзены самім аўтарам у 1952 годзе; трэці — вывезены немцамі ў гады Вялікай Айчыннай у Германію, але пасля Перамогі ён вярнуўся на Беларусь і знайшоў сваё месца ў Купалаўскім музеі.

/i/content/pi/cult/404/8269/2-1.jpeg

А яшчэ Полазаў быў земляком выбітных асоб у гісторыі выяўленчага мастацтва — скульптараў Міхаіла Мікешына і Сяргея Канёнкава, ураджэнцаў Рослаўскага павета Смаленскай губерні (колішняя зямля Вялікага Княства Літоўскага, якая з часоў цара Аляксея Міхайлавіча ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі). А на малой радзіме Полазава — у “правінцыйным беларускім павятовым гарадку Рославе” (словы Мікешына) яны ў розныя часы атрымалі пачатковую адукацыю. (Для даведкі: Рослаў знаходзіцца за сотню кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Смаленска.)

Нагадаю, Мікешын — з вёскі Максімаўка, Канёнкаў — з вёскі Караковічы: гэта непадалёк ад Рослава. Дарэчы, малавядомы факт: летам 1897 года Сяргей Канёнкаў у якасці дыпломнай работы ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры выканаў скульптуру “Каменябоец” (сярэбраны медаль). Гэты вобраз, па ўспамінах самога скульптара, “адбіўся яшчэ тады, калі, прыязджаючы ў Рослаў і назад, я бачыў на шашы рабочых, якія драбілі камяні”. І натуршчыкам стаў драбільшчык Іван Купрын. Скульптуру мастак зрабіў у гліне, але потым дзякуючы фінансавай дапамозе раслаўчаніна купца Мікалая Аляксандравіча Полазава — бацькі нашага героя — ён перавёў яе ў гіпс, а затым, на грошы маскоўскіх купцоў братоў Сабашнікавых, — і ў бронзу (сёння твор знаходзіцца ў Траццякоўцы). Вось што піша Канёнкаў: “…Мікалай Аляксандравіч Полазаў, калі пачуў ад свайго сына Дзмітрыя пра тое, што я скончыў “Каменябойца”, даслаў мне пяцьдзясят рублёў на фармоўку скульптуры ў Маскву. Акрамя грошай у канверце ляжала цыдулка, якую я захоўваю да гэтага дня: “Дасылаю табе пяцьдзясят рублёў. Спадзяюся, змагу павіншаваць цябе з вялікім медалём. Не забывай нас, калі станеш знакамітым. М.Полазаў”...”

…Дзмітрый нарадзіўся ў вялікай купецкай сям’і пад сузор’ем Вадалея — 23 студзеня 1875-га, на паўгода пазней за Сяргея Канёнкава. Дом Полазавых захаваўся ў Рославе і да сёння — па вуліцы Чырвоная, 9. Хто была маці Дзмітрыя — Кацярына Рыгораўна, сказаць цяжка, але можна зрабіць здагадку, што яна — з роду беларускіх Мікешыных. У сямейным архіве Полазавых захаваўся партрэт нейкага Сямёна Полазава, выкананы 14-гадовым Мішам Мікешыным. У сваёй кнізе “Мой век” Канёнкаў піша: “Мне давялося пабываць у доме Мікешыных па Гарынскай вуліцы. Сястра Міхаіла Осіпавіча ахвотна паказвала малюнкі брата, якія захоўваліся дома, і расказвала пра яго мастакоўскую дзейнасць. Увёў мяне ў дом Мікешыных мой сябра Дзмітрый Полазаў”. Так што можна дапусціць, што паміж сем’ямі Мікешыных і Полазавых адносіны былі роднасныя.

А вось пра бацьку нашага героя вядома шмат. Мікалай Аляксандравіч карыстаўся ў Рославе вялікай павагай і аўтарытэтам. Сярод раслаўчан, як успамінае той жа Канёнкаў, хадзіла прымаўка: той, хто не прайшоў яшчэ ўніверсітэта Полазава, не можа лічыць сябе адукаваным чалавекам. Універсітэт — у сэнсе не толькі атрымання жыццёвых ведаў, але і выхавання ў сабе ўнутранай энергіі, дапытлівасці, назіральнасці, умення разбірацца ў людзях, любові да працы. Было з каго браць прыклад: ён шмат вандраваў па свеце. Аб’ездзіў усю тэрыторыю былога ВКЛ і Расію, пабываў у Кітаі і Японіі, нават у невядомым тады Сінгапуры. Усё, што рабіў, — атрымлівалася: ад канаплянага алею да мыла, якое ён уласнаручна гатаваў. А вырашчаны ім сад дзякуючы прымяненню найноўшай агратэхнікі даваў лепшыя ў рэгіёне ўраджаі. Шмат сіл ды грошай ён уклаў і ў народную асвету: пабудаваў дзве школы ў Клімавіцкім павеце, адкрыў і ўтрымліваў за свой кошт жаночае вучылішча ў вёсцы Пасёлкі Чырвоназаборскай воласці і г. д.

Поглядаў Мікалай Полазаў аказаўся вельмі дэмакратычных, прыхільнік ідэй Льва Талстога, і з палітычным упарадкаваннем сучаснага грамадства быў не згодны. Лічыў, што грошы, якія кіруюць светам, прыносяць больш зла, чым дабра, і такое становішча рэчаў трэба змяніць. Ну і змяняў — як мог: толькі ў кантэксце дапамогі народнай адукацыі ды адпаведнага выхавання сваіх дзяцей. Усе яны выхоўваліся на добрай літаратуры, у асноўным — на кнігах Льва Талстога, Гогаля, Лажачнікава, Загоскіна, Аснаўяненкі, зачытваліся папулярным махлярскім раманам “Іван Іванавіч Выжыгін” нашага земляка, амаль забытага сёння, — пісьменніка, журналіста, крытыка, выдаўца Фадзея Булгарына, ураджэнца Мінскага ваяводства ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, у юнацтве — напалеонаўскага афіцэра. Так, таго самага “героя” эпіграм Пушкіна, Лермантава, Някрасава, але і — заснавальніка рускага авантурнага рамана, кшталту будучых “Мёртвых душ” і “Дванаццаці крэслаў”.

/i/content/pi/cult/404/8269/2-2.jpeg

Старэйшая дачка Вольга (у замужжы — Колпінская) стала вядомым урачом-гінеколагам, сябравала з М.Горкім і Л.Андрэевым; сярэдняя, Марыя, — таксама ўрач, лячыла сям’ю М.І. Калініна; малодшая дачка Ніна стала настаўніцай літаратуры. Было ў Мікалая Аляксандравіча Полазава, акрамя малодшага Дзмітрыя, яшчэ трое сыноў. Сяргей — аднакласнік Канёнкава па Рослаўскай гімназіі, пазней — выхаванец медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, які шмат гадоў, да сваёй смерці ў 1937-м ад інфаркту, прапрацаваў урачом на Украіне — у Праскураўскай акрузе. Аляксандр, які ў маладым узросце захварэў і памёр у псіхіятрычнай лячэбніцы. Мікалай, самы малодшы з мужчынскага пакалення, таксама рана пайшоў з жыцця: у 1910 годзе. Цікава, што ён быў жанаты на Пелагеі Аляксееўне Мікешынай, дачцы стрыечнага знакамітага брата Міхаіла Мікешына. Вось такая была сям’я Полазавых. Чым не сага, вартая вялікага рамана накшталт таго, што пра сям’ю Фарсайтаў — трылогіі нобелеўскага лаўрэата, англічаніна Джона Галсуорсі?

Рослаўскае чатырохкласнае вучылішча, якое ў 1877 годзе было пераўтворана з павятовага вучылішча, Дзмітрый Полазаў скончыў у 1890-м і адразу ж паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Яшчэ студэнтам за малюнак з антычнай гіпсавай фігуры ён займеў званне настаўніка рысавання ў гімназіях, а ў 1897-м атрымаў Малы сярэбраны медаль — таксама за выдатныя малюнкі, потым — яшчэ адзін Малы сярэбраны медаль. Пад час навучання спачатку жыў у гатэлі на Марасейцы, а потым разам са студэнтамі Канёнкавым і Ермалаевым зняў пакой у доме Красоўскага ва Уланскім завулку. На адным курсе з Полазавым вучыліся будучыя знакамітыя мастакі — скульптар Ганна Галубкіна і жывапісец Пётр Канчалоўскі. У 1899 годзе Дзмітрый атрымаў дыплом за № 1318 і званне някласнага мастака з прадастаўленнем яму права патомнага Ганаровага грамадзяніна. Але нястомнаму выхаванцу вучылішча гэтага было мала, і ён падаў прашэнне з просьбай прыняць яго сапраўдным вучнем па жывапісе пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Прашэнне было задаволена, і Дзмітрый трапіў у майстэрню вядомага жывапісца-перадзвіжніка, прафесара Уладзіміра Макоўскага. Уплыў гэтага мастака на маладога творцу быў відавочны, мяркуючы па студэнцкай жанравай карціне “Старыя на прызбе”.

Акрамя вучобы ў Макоўскага, Дзмітрый наведваў лекцыі педагагічных курсаў пры той жа Акадэміі і ўдзельнічаў у практычных занятках, што вясной 1901 года дазволіла яму даваць самастойныя пробныя ўрокі, а з пасведчаннем 1-га разрада Полазаў атрымаў права выкладання рысавання і чыстапісання ў сярэдніх школах.

У 1902-м ён намаляваў праграмную жанравую кампазіцыю на атрыманне звання мастака “Сялянская ведзьма”, дзе была адлюстравана нейкая бабуля з пуком зёлак. Наколькі я ведаю, фотарэпрадукцыя гэтага палатна знаходзіцца ў Рослаўскім гісторыка-мастацкім музеі, але куды знікла сама карціна — пытанне. У Дзяржаўным архіве Расіі захавалася копія дыплома № 3988 ад 19 лістапада 1902 г., дзе ўказваецца, што “…былы вучань Вышэйшага Мастацкага Вучылішча пры Акадэміі мастацтваў Дзмітрый Полазаў за выдатныя веды ў жывапісе і навуковых прадметах, выяўленыя ў час прабывання на аддзяленні жывапісу і скульптуры, удастоены звання мастака з прысваеннем гэтаму званню <…> права на чын Х класа пры паступленні на дзяржаўную службу і з правам выкладання малявання ў навучальных установах”. Летам гэтага ж года Полазаў павянчаўся з дваранкай Аленай Іванаўнай Салагуб — дачкой сакратара Смаленскага акруговага суда. Цікава, што па маці яна была сваячкай павешанага дзекабрыста Пятра Кахоўскага.

А што было потым? Творчыя вандроўкі па расійскай глыбінцы і па Італіі, служба ў якасці калежскага саветніка ды настаўніка рысавання і чыстапісання ў Смаленскай гімназіі імя Аляксандра І. У 1910 г. яго зацвердзілі ў чыне калежскага асэсара, потым, па выслузе гадоў, — надворнага саветніка і калежскага саветніка. З аўтабіяграфіі Полазава: “Прымаў удзел у рабоце Смаленскага гарадскога музея, намаляваў шэраг рэчаў, якія адлюстроўвалі смаленскую старадаўнасць, і прымаў удзел разам з Баршчэўскім, загадчыкам Музея старадаўняга рускага мастацтва, заснаванага Ценішавай, у рабоце гэтага музея, а таксама працаваў у Археалагічным інстытуце пры гэтым музеі”. Сярод смаленскіх блізкіх знаёмых Полазава — І.Баршчэўскі, С.Серада, мастакі С.Шведаў, В.Мушкетаў, а таксама пісьменнік А.Жыркевіч, сябра Л.Талстога і І.Рэпіна. У верасні 1907-га Полазаў напісаў жывапісны партрэт Жыркевіча. Пад час сеансаў яны шмат гутарылі пра мастацтва, пасля пісьменнік запісаў у сваім дзённіку пра мастака: “Гэта мілы чалавек, велізарнае дараванне”. Праз гады гэты партрэт разам з іншай работай Полазава — “Нацюрморт з грыбамі” трапіў у Сімбірскі мастацкі музей.

…Упершыню Дзмітрый Полазаў наведаў Мінск у 1911 (ці ў 1910-м?) годзе...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"