Адкуль стыль Людовіка ХV у Асвеі?

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

ТОП-5 брэндаў Верхнядзвіншчыны

Як вядома, крайнім рубяжом нашай краіны на поўначы з’яўляецца Верхнядзвінскі раён. Сведчаннем памежнага статуса гэтай мясцовасці з’яўляецца Курган Дружбы — пункт, у якім сыходзяцца межы Беларусі, Расіі і Латвіі.

Сярод славутасцей раёна — курганны могільнік ля вёскі Дзянісенкі, маляўнічы парк у Каханавічах, побач з якім захавалася магіла грамадскага дзеяча Ігната Храпавіцкага, святая крыніца, а таксама “Маяк” на гары Гарадзілаўскай, — найвышэйшы пункт Верхнядзвінскага раёна, які ўзняўся на 192 метры над узроўнем Сусветнага акіяна і мае статус помніка прыроды. І ўсё ж цэнтральнымі аб’ектамі турыстычнай інфраструктуры раёна хочацца вылучыць іншыя славутасці, большая частка з якіх сёння толькі чакае сваёй чаргі на аднаўленне колішняй велічы.

/i/content/pi/cult/404/8268/1-4.jpeg

1. Палацава-паркавая рэзідэнцыя роду Гільзенаў і Шадурскіх у Асвеі. Манументальны гмах узведзены Янам Аўгустам Гільзенам у 1782 г. у стылі класіцызму пад уплывам эстэтыкі эпохі Рэнесанса. Мураваны палац, вядомы па двух малюнках Напалеона Орды і фотаздымку пачатку XX ст., складаўся з галоўнага корпуса, аб’яднанага акруглымі кароткімі галерэямі-аркадамі з двума флігелямі. Па-класічнаму строгі і аскетычны знешні выгляд палаца кантраставаў з інтэр’ерамі багатага дэкору. У вестыбюлі знаходзілася парадная мармуровая лесвіца. На другім паверсе размяшчалася абсталяваная ў стылі Людовіка XV люстраная бальная зала. Яе падлога была пакрыта ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонных парод дрэва. Акрамя бальнай і сталовай залаў, салонаў, кабінета і будуара на верхнім паверсе размяшчалася бібіятэка. У адным з крылаў палаца быў створаны двухпавярховы зімовы сад,. Раскоша палацава-паркавага ансамбля захоўвалася да 1914 г., калі з пачаткам Першай сусветнай вайны ён быў разбураны. Цяпер на ягоным месцы — рэшткі сцен..

/i/content/pi/cult/404/8268/1-5.jpeg

2. Будынак шпіталя ў Асвеі, унесены ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, мае і барочныя рысы. Ён быў створаны пры кляштары ў 1859 годзе на сродкі мінскага ваяводы Яна Аўгуста Гільзена. У 1928 — 1929 гг. савецкія ўлады прыстасавалі будынак пад адміністрацыйную ўстанову, а пасля Вялікай Айчыннай — пад бальніцу. Першапачатковая планіроўка захавалася толькі ў левым, усходнім, крыле будынка.

3. Незвычайнасцю архітэктуры вылучаецца праваслаўны храм у вёсцы Сар’я. Ярка-чырвонае збудаванне лічыцца адным з найбольш выразных узораў архітэктуры рэтраспектыўнай готыкі. У 1852 — 1857 гг. архітэктар Густаў Шахт узвёў прысядзібную капліцу Найсвяцейшай Панны Марыі ў маёнтку дрысенскага маршалка Ігната Лапацінскага, якая была прысвечана яго памерлым жонцы і сыну. Праз два гады пасля паўстання 1863-га храм быў перададзены праваслаўным. У савецкі час яго перарабілі пад склад угнаенняў, а ў 1989 годзе вярнулі праваслаўным вернікам. Кампактная пабудова прасторавай кампазіцыі, графічная штрыхоўка фасадаў робяць помнік адным з найлепшых узораў адраджэння высокай готыкі.

/i/content/pi/cult/404/8268/1-6.jpeg

4. Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў вёсцы Росіца, узведзены ў 1884 годзе ў неараманскім стылі, быў пабудаваны на сродкі шляхцічаў Лапацінскіх. Адметна, што цэглу для касцёла вазілі з іх уласнага завода ў Сар’і.

Гэты касцёл звязаны з лёсам двух ксяндзоў — Антонія Ляшчэвіча і Ежы Кашыры, далучаных да ліку святых Рымска-каталіцкай Царквой. Святары загінулі разам з жыхарамі вёскі, спаленай у час адной з карных аперацый фашыстаў у 1943-м. Касцёл застаўся некранутым, але пасля вайны ён ужо выкарыстоўваўся як вясковы клуб, стайня, крама і нават млын. Толькі ў 1988 годзе храм перадалі вернікам,
а ў 2000-м — цалкам адрамантавалі.

5. Помнікам архітэктуры класіцызму з’ўляецца праваслаўны сабор, узведзены ў гонар святога Мікалая Цудатворца ў Верхнядзвінску ў 1819 г. У сілуэце храма дамінуе трох’ярусная званіца, завершаная невысокім шатром. Сцены і скляпенні ў інтэр’еры пакрыты алейнай фарбай некалькіх тонаў з трафарэтным малюнкам…

На здымках: руіны палаца ў Асвеі; праваслаўны храм у вёсцы Сар’я; касцёл у Росіцы.