Скіфы ў Любані: новыя таямніцы

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Некалькі гектараў ля адкрыццяў археолагаў

Не так часта ў краіне праводзяцца археалагічныя раскопкі, тэрыторыя якіх складае адразу некалькі гектараў. Гэта вельмі вялікі клопат для даследчыкаў: трэба падрыхтаваць план, знайсці каманду і неабходнае фінансаванне. Але раскопкі — магчымасць выявіць унікальныя артэфакты, якія змогуць унесці карэктывы ў гісторыю.

Сёлета такім аб’ектам стала старажытнае гарадзішча першабытнага чалавека каля вёскі Обчын Любанскага раёна, дзе археолагамі ўсяго за два месяцы была даследавана плошча ў тры тысячы квадратных метраў і выяўлены таямніцы. Карэспандэнт “К” паспяшаўся даведацца пра знаходкі ў кіраўніка экспедыцыі Зоі Харытановіч, навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая днямі вярнулася з палявых даследаванняў.

/i/content/pi/cult/404/8267/1-1.jpeg

Як аказалася, гэты археалагічны помнік быў вядомы яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя. Па словах Зоі Харытановіч, у 1920-х па ўсіх раённых школах рассылалі так званыя апытальныя лісты — анкеты, якія да сёння захаваліся ў архіве. У адной з такіх анкет і зафіксаваны археалагічны помнік “Рачэнь” — па назве вёскі, што за два кіламетры ад Обчына. Цікава, што разам з гэтым была зафіксавана і легенда: мясцовыя жыхары верылі, што па начах на тэрыторыі гэтага помніка свецяцца маленькія агеньчыкі, і калі не спалохацца ды падысці да іх, то яны падкажуць, дзе схаваны скарб.

Пакуль жа шлях да сапраўдных скарбаў — унікальных артэфактаў мінуўшчыны — падказвае адмысловая тэхніка для археалагічных доследаў. Дарэчы, прычына, па якой толькі цяпер было вырашана грунтоўна вывучаць аб’ект, традыцыйная для нашага часу: выратавальныя раскопкі. Справа ў тым, што на тэрыторыі Любанскага раёна плануюць узвесці горна-абагачальны камбінат калійных солей. Высветлілася, што зона будаўніцтва закранае старажытнае гарадзішча каля вёскі Обчын, якое ўваходзіць у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

/i/content/pi/cult/404/8267/1-2.jpeg

У такой сітуацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам прадпрыемствы "Славкалій" і "Белгорхімрам" прафінансавалі правядзенне археалагічных раскопак на ўсёй плошчы помніка. Як адзначыла Зоя Харытановіч, работы на аб’екце распачаліся яшчэ напрыканцы лета, калі быў зроблены агляд мясцовасці і закладзены некалькі шурфоў. Поўнамаштабныя ж раскопкі стартавалі толькі ў кастрычніку і доўжыліся амаль два месяцы, якраз да снегападаў.

На ўзгорку ля возера

Што ж уяўляе з сябе гэтае старажытнае гарадзішча? Як выявілася пад час раскопак, вакол помніка знаходзіцца вялізны тарфянік: гэта сведчанне таго, што ў даўнія часы тут было возера, якое пазней ператварылася ў балота і ўрэшце цалкам высахла.

Па словах Зоі Харытановіч, гарадзішча размяшчалася на самай высокай кропцы мясцовасці. Яно было пабудавана на выцягнутай пясчанай дзюне, дзе нашы прашчуры пабудавалі абарончы вал — вялізны земляны насып, які абкружае пляцоўку па перыметры. Цікава, што, па папярэдніх прагнозах, гарадзішча датавалася эпохай ранняга жалезнага веку і адносілася да мілаградскай культуры. Але раскопкі трохі адкарэкціравалі даныя. У прыватнасці, на помніку не было выяўлена ніводнага кавалка старажытнага жалеза. Разам з тым, знойдзены каменныя і бронзавыя ўпрыгожанні ды прылады працы. Гэта сведчыць пра тое, што помнік быў заселены і існаваў да таго часу, як людзі ў гэтай мясцовасці пачалі вырабляць жалеза.

На жаль, культурны пласт аказаўся не насычаны артэфактамі мінуўшчыны. Сёлета на аб’екце выяўлена вельмі мала знаходак, у тым ліку — даволі распаўсюджанай на аналагічных старажытных пасяленнях керамікі. У той жа час, на раскопках гэтага гарадзішча апісана вельмі шмат аб’ектаў: рэшткі ям, западзін, слупавых ямак. Гэта прымусіла гісторыкаў звярнуцца да еўрапейскага досведу ў справе раскопак. Пашкоджаная частка пласта здымалася з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі, у прыватнасці, экскаватара з шырокім каўшом. Пасля гэтага ішлі рабочыя і акуратна зачышчалі пласт, каб зафіксаваць усе знойдзеныя аб’екты. Усяго былі зроблены дзве вялікія траншэі, якія цалкам перасякалі помнік, пры гэтым заходняя частка траншэі праразала вал, а таксама распачаліся работы на вялікім раскопе ў паўночна-заходнім сектары гарадзішча.

/i/content/pi/cult/404/8267/1-3.jpeg

Узнавіць па вуглях

Асноўную ўвагу археолагі надавалі даследаванню менавіта гэтых аб’ектаў. Справа ў тым, што любыя ямы, рэшткі жытлаў — гэта ўмоўна закрытыя комплексы. І ў выніку, калі жытло разбуралася, рэшкі культурнага пласта там нібыта кансерваваліся. Што ж да нашага гарадзішча, то толькі ў адной з траншэй было больш за семдзесят падобных аб’ектаў. Але самае цікавае, што знойдзена на гэтым помніку, — рэшткі ўнутрывальных канструкцый — перапаленыя бярвенні, якія складалі аснову насыпу вала. Калі гісторыкі правялі разборку, высветлілася, што існавалі тры ўзроўні, або, лепш сказаць, перыяды пабудовы гэтых канструкцый.

На думку Зоі Харытановіч, гэта азначае, што гарадзішча зведала як мінімум тры напады. У прарэзцы валоў выяўлена шмат бярвенняў, якія дазваляюць узнавіць канструкцыю асновы гэтага вала. Адметна, што для дадзенага перыяду гісторыі такіх добра захаваных канструкцый у нашай краіне пакуль не знойдзена. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што першапачаткова прашчурамі было пабудавана дзве сцяны, паміж якімі засыпаўся пясок ці гліна. Ужо на аснове гэтых сцен насыпалі вал. Тое, што добра захавалася перапаленае дрэва, дазваляе спадзявацца, што ў перспектыве можна будзе датаваць усе выяўленыя ўзроўні пабудовы вала. Так, ужо зараз адбываецца вугляродны аналіз выяўленых фрагментаў драўніны.

Што ж да цікавых знаходкак асобных прадметаў, дык варта адзначыць невялікую бронзавую шпільку кіяпадобнай формы. Яна мае вельмі спецыфічны выгляд, які раней сустракаўся на тэрыторыі Беларусі толькі ў трох месцах — каля вусця Бярэзіны. Пры гэтым аналагі бронзавай шпількі ў свой час былі знойдзены на ўкраінскіх гарадзішчах мілаградскай і высоцкай культур. Самае галоўнае, што гэтае невялічкае ўпрыгожанне дазваляе дакладна датаваць любанскае гарадзішча, якое існавала 2700 — 2600 гадоў таму.

Але чаму культурны пласт надта бедны на знаходкі? Гэта, па словах Зоі Харытановіч, можа тлумачыцца тым, што гарадзішча выкарыстоўвалася ў якасці сховішча — месца, дзе можна ўратавацца пад час нейкай пагрозы. Справа ў тым, што побач маецца яшчэ некалькі гарадзішчаў, на якіх выяўлена значна больш знаходак. Адно з іх знаходзіцца літаральна за два кіламетры ад Обчына.

Працяг — вясной

Раскопкі на Любаншчыне паспрыялі выяўленню не столькі новых артэфактаў першабытнай гісторыі, колькі новых... загадак, адказы на якія гісторыкі паспрабуюць атрымаць ужо вясной наступнага года. Тым больш, засталася недаследаванай тэрыторыя плошчай у дзесяць квадратных кіламетраў. Да прыкладу, пакуль не зафіксавана ніякіх слядоў тых, хто дзве з паловай тысячы гадоў таму знішчыў гарадзішча. На некаторых помніках мілаградскай культуры знаходзілі артэфакты, звязаныя са скіфамі: адметныя наканечнікі стрэл і рэшткі мячоў. Магчыма, у той час меліся сутыкненні з гэтымі жыхарамі стэпаў, але ці даходзілі апошнія да тэрыторыі сучаснай Любані? Пытанне гэтае — адкрытае.

Налета плануюцца яшчэ тры прарэзкі вала. Магчыма, атрымаецца знайсці ўваход у гарадзішча, ці нават браму. Для гэтага вырашана прыцягнуць валанцёраў, студэнтаў ды школьнікаў. Будзе прадоўжана супрацоўніцтва і з мясцовымі меліяратарамі. Па словах Зоі Харытановіч, важна тое, што мясцовыя жыхары зацікаўлены ў знаходках. Але ці не самы зацікаўлены ў раскопках музей — мясцовы краязнаўчы. Справа ў тым, што ўсе знаходкі, выяўленыя на аб’екце, будуць перададзены ў гэтую ўстанову і стануць часткай пастаяннай экспазіцыі.

На здымках: пад час раскопак на Любаншчыне.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"