Стратэгія Прада

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Як укараніць музейны маркетынг на Беларусі?

Станоўчы імідж устаноў культуры Беларусі залежыць ад многіх фактараў. У тым ліку — і ад актыўнага ўзаемадзеяння са спецыялістамі ў сферы маркетынгу ды менеджменту. Адным з першых важкі крок у дадзеным кірунку зрабіў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Не так даўно яго генеральны дырэктар Уладзімір Пракапцоў і кампанія “SATIO” падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў развіцці маркетынгу ды менеджменту ў сферы культуры, мастацтва і музейнай справы.

Рэалізацыя пагаднення распачалася са снежня гэтага года. Пра далейшыя перспектывы стратэгіі сумеснай дзейнасці “К” запыталася ў дырэктара групы кампаній “SATIO” Жанны ГРЫНЮК.

/i/content/pi/cult/404/8266/2-1.jpeg

— Наколькі важнае падпісанае Пагадненне для развіцця маркетынгу і менеджменту ў сферы музейнай справы?

— Гэта ўвогуле першы ў Беларусі праект падобнага кшталту, які носіць сацыяльны характар і не мае камерцыйнага інтарэсу. А падпісанне дакумента адкрывае перад намі шматлікія магчымасці для супрацоўніцтва, сярод якіх — рэалізацыя сумесных праектаў у галіне маркетынгу і менеджменту, садзейнічанне ў прыцягненні міжнародных экспертаў, фінансавых і валанцёрскіх рэсурсаў.

— Але чаму першым быў абраны менавіта Нацыянальны мастацкі музей? І ці плануецца развіваць супрацоўніцтва ў сферы маркетынгу ды менеджменту з іншымі ўстановамі культуры краіны?

— Рашэнне падпісаць пагадненне аб партнёрстве з НММ прынята невыпадкова: установа — прызнаны лідар як у галіне дзяржаўна-прыватнага партнёрства, так і ў сферы ўкаранення сучасных інструментаў маркетынгу і менеджменту, а Уладзімір Пракапцоў прызнаны пераможцам у намінацыі “Лепшы кіраўнік музея” на Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”. Што да нашай кампаніі, то мы маем шматгадовы вопыт працы, у нас ёсць паспяхова рэалізаваныя праекты, вядомыя ў Беларусі і за яе межамі: нацыянальны конкурс “Брэнд года”, Міжнародны фестываль тэрытарыяльнага маркетынгу “Open” ды іншыя.

Не сакрэт, што практыка музейнага маркетынгу і менеджменту паспяхова рэалізуецца ва ўсім свеце. Сучасны музей — гэта не статычны аб’ект. Такія найбуйнейшыя культурныя ўстановы як Эрмітаж, Бостанскі музей прыгожых мастацтваў, Луўр, Музей Прада з’яўляюцца цэнтрамі прыцягнення турыстаў з усяго свету. Яны аптымізаваны для правядзення культурных і адукацыйных праектаў. У вядучых музеяў на высокім прафесійным узроўні працуе менавіта маркетынг, наладжана камунікацыя з рознымі мэтавымі групамі, развіты сэрвісы ды многае іншае. Такое плануем зрабіць і ў Нацыянальным мастацкім музеі. І, натуральна, мы адкрыты да супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі культуры Беларусі, у першую чаргу — музейнымі.

— А ці плануецца ажыццяўляць навучанне музейшчыкаў з рэгіянальных музеяў у сферы маркетынгу і менеджменту?

— Безумоўна. У рамках падпісанага пагаднення мы плануем наладзіць развіццё нацыянальнай школы музейнага маркетынгу і менеджменту праз арганізацыю на базе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі адкрытых семінараў, трэнінгаў і канферэнцый. Упэўнена, што калегі з рэгіёнаў павінны актыўна развіваць прафесійны маркетынг і менеджмент. Гэта дазволіць нашым музейным установам стаць больш дэмакратычнымі, дынамічнымі і адкрытымі пляцоўкамі для сваіх наведвальнікаў, турыстаў ды партнёраў. У Нацыянальнага мастацкага музея ўжо сфарміраваны імідж культурнай “візітоўкі” краіны. І менавіта вопыт НММ, а таксама вядучых музеяў свету — гэта найлепшы прыклад для вывучэння ды ўкаранення інавацыйных маркетынгавых падыходаў у маштабах усёй краіны, у тым ліку і ў рэгіёнах...

У тэму

Якія скарбы Беларусі?

Цягам апошніх гадоў на Беларусі сталіся папулярнымі шматлікія інтэрнэт-галасаванні па вызначэнні таго або іншага культурнага ці турыстычнага брэнда, выбітных асоб, знакавых падзей у гісторыі і культуры нашай краіны. А цягам некалькіх апошніх дзён на партале кампаніі “Усе беларусы” распачалося яшчэ адно чарговае галасаванне — “Сем скарбаў Беларусі”.

У апытанні, што працягнецца да 13 студзеня ўключна, ужо прынялі ўдзел сотні беларусаў. У сямі катэгорыях галасавання прадстаўлены найбольш вядомыя імёны, падзеі, архітэктурныя ды прыродныя помнікі, а таксама аб’екты культурнай спадчыны нашай краіны.

Мэта праекта — не столькі вынік, колькі працэс, пошук, знаёмства і вывучэнне сваёй культурнай спадчыны. Летась калядныя тэсты ад кампаніі, прычым на роднай мове, прайшлі дзясяткі тысяч нашых землякоў. Дарэчы, акрамя “Сямі цудаў Беларусі”, арганізатары плануюць запусціць у хуткім часе яшчэ два праекты: асобнае галасаванне для скарбаў ХХ — ХХI стагоддзяў, а таксама галасаванне пра ўнікальныя культурныя каштоўнасці нашай краіны.

У рэйтынгу “Сямі скарбаў…”, да слова, ужо намеціліся нечаканасці. Так, знакамітая песня “Касіў Ясь канюшыну…” — пакуль што толькі трэцяя. А ў катэгорыі нацыянальнай кухні тройка лідараў — дранікі, мачанка і бабка. Што ж атрымаецца напрыканцы галасавання?..

На здымку: Жанна Грынюк.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"