Культурны турызм. Пытанне з няпэўным адказам?

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

6 — 7 снежня ў Мінску адбыўся III Міжнародны форум "Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць". Сярод дакладаў, што абмяркоўваліся пад час падзеі, найбольш цікавым падалося выступленне кіраўніка аднаго з турыстычных аператараў Галіны Патаевай, якая падзялілася сваімі думкамі і досведам, набытым фірмай у справе абслугоўвання замежных гасцей. Прааналізуем больш падрабязна, для чаго замежныя турысты наведваюць Беларусь, абапіраючыся на ўнутранае сацыялагічнае апытанне яе кампаніі.

Як падкрэсліла Галіна Патаева, па выніках апытання крыху больш за 90% прыезджых гасцей — гэта турысты з Расіі і Украіны, і, адпаведна, менш за 10% — госці з іншых краін. 67% турыстаў — жанчыны, а ўзрост, які складае “касцяк” груп, вагаецца ў межах ад 36 да 55 гадоў. Большасць гасцей — 61% — звязваюць наведванне Беларусі з пазнаваўчымі мэтамі, 52% даведваюцца пра турыстычныя магчымасці нашай краіны з Інтэрнэту, а наступнай па папулярнасці інфармацыйнай крыніцай з’яўляюцца расповеды сяброў ці так званае сарафаннае радыё (20%).

Не магу не пракаменціраваць апошнія лічбы. “К” рэгулярна піша пра тое, што выхад у Інтэрнэт праз стварэнне сваіх сайтаў аддзелаў культуры ды нават устаноў культуры Беларусі — перспектыўны і дальнабачны крок, які дазволіць прыцягнуць пад тыя або іншыя рэгіянальныя мерапрыемствы значную колькасць замежных гасцей. Даныя статыстыкі сведчаць пра гэта, на мой погляд, даволі пераканаўча. А займеўшы такіх гасцей з дапамогай Інтэрнэту, можна з вялікай верагоднасцю казаць пра тое, што розгалас ад культурнай падзеі — свята народнай кухні, фальклорнага фестывалю, рыцарскага турніру — будзе яшчэ большы. Але ж, на жаль, пакуль што асобных сайтаў аддзелаў культуры ці РДК ды ГДК у Байнэце — адзінкі. Мо таму і не карыстаюцца попытам у замежнікаў тыя цікавыя ды арыгінальныя культурныя мерапрыемствы, што ладзяцца ў краіне цягам года? Так што, на каго наракаем? Хіба на саміх сябе. Таму выснова тут можа быць толькі адна: з Інтэрнэтам культработнікам Беларусі сябраваць трэба і нават неабходна, бо патэнцыял у гэтым аспекце маецца даволі вялікі.

Вярнуся да агучаных лічбаў. Паводле слоў Галіны Патаевай, большая частка замежных турыстаў траціць на паездку ў Беларусь ад 500 долараў (73%), прычым 55% з гэтых грошай выдаткоўваецца на сувеніры.

— Аднак у Беларусі на сёння адсутнічаюць годныя сувеніры, якія сапраўды захацелася б узяць з сабой дадому замежным турыстам, — заўважыла Галіна Патаева.

Камандзіровачныя выезды ў рэгіёны Беларусі пераканаўча пацвярджаюць гэтую выснову кіраўніка турфірмы. Шматлікія дамы рамёстваў, створаныя ў нашай краіне, часцяком яшчэ толькі падступаюцца да вырабу цікавай сувенірнай прадукцыі, да супрацоўніцтва ў гэтым аспекце з прыватным ды і з дзяржаўным гандлем, а часам нават не маюць і салона-крамы, дзе можна набыць тую або іншую ўпадабаную турыстамі рэч. Гаворка пра гэтую праблему ідзе ўжо не першы год, і прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь неаднойчы казалі пра неабходнасць адкрыцця падобнага салона пры кожным Доме рамёстваў краіны… Рэалізаваць гэтыя прапановы ўдалося, як вядома, не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. А значыць, культработнікі пакуль не змаглі выкарыстаць вялікі патэнцыял дамоў рамёстваў у сферы пазабюджэту. Калі ж весці гаворку ў маштабах краіны, дык сферай культуры фактычна недаатрыманы сотні мільёнаў рублёў, якія маглі б пайсці на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы РДР, на арганізацыю міжнародных рамесніцкіх фестываляў і пленэраў ды на многія іншыя патрэбы супрацоўнікаў гэтых устаноў... І ці зменіцца гэтая сітуацыя хаця б у бліжэйшы вясенне-летні турыстычны сезон — пытанне з досыць няпэўным адказам.

І апошнія лічбы, прыведзеныя ў дакладзе Галіны Патаевай. Самым важным для сябе 81% прыезджых лічыць знаёмства з мясцовымі славутасцямі, для 57,4% найбольш прывабнай з’яўляецца, натуральна, сталіца Беларусі. А вось з невялікіх гарадоў гасцям падабаюцца Мір, Нясвіж, Паставы, Глыбокае, Камянец, Ветка, Лагойск і Браслаў.

Гэтыя лічбы і факты, на мой погляд, — яшчэ адзін яскравы доказ таго, што патэнцыял беларускіх гарадоў ды мястэчак па прыцягненні замежных гасцей сваімі культурнымі акцыямі далёка не вычарпаны. Чым не рэзон для культработнікаў Беларусі ствараць у сваіх раёнах запатрабаваны культурны ды турыстычны прадукт, пастаянна рэкламаваць і піярыць сябе, завязваць кантакты ды пашыраць сферы сваёй дзейнасці…

Гэтую выснову, дарэчы, пацвердзіла і Галіна Патаева. Яна заўважыла, што, паводле яе меркавання, толькі наша культурная спадчына, толькі культурны турызм змогуць прыцягваць замежнікаў. І таму менавіта гэты від турызму павінен стаць прыярытэтам для працы аператараў.

Зразумела, для таго, каб пра культуру Беларусі даведаліся ў свеце, трэба яшчэ шмат што зрабіць. Прыкладам, стварыць цікавыя інтэрактыўныя музеі, цэнтры інтэрпрэтацыі культуры, этнаграфічныя паркі, наладзіць сістэму тэатралізаваных прадстаўленняў і многае іншае. Праца ў дадзеным кірунку паступова ідзе, таму Беларуссю цікавіцца ўсё больш і больш замежных турыстаў. Але ж ці будзе гэтая тэндэнцыя паспяхова развівацца і надалей, залежыць менавіта ад супрацоўнікаў сферы культуры краіны, ад іхняга творчага стаўлення да сваёй працоўнай дзейнасці. Іншага шляху ў гэтым кірунку, на мой погляд, папросту не дадзена.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"