Методыка хэнд-мэйду

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Магілёўшчына: практыкум рамяства

У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы разумеюць: для таго, каб захаваць традыцыю ў жывым, а не “закансерваваным” выглядзе, патрэбны паслядоўнікі. Арганізаваць такую пераемнасць можна толькі праз жывыя стасункі вучняў з майстрам і носьбітам рамесных традыцый. Таму для АМЦ арганізацыя семінараў, майстар-класаў, практыкумаў па захаванні і развіцці народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці — справа звычайная і традыцыйная.

/i/content/pi/cult/404/8264/1-2.jpeg

Нядаўна Цэнтр ладзіў семінар-практыкум па ласкутнай тэхніцы шыцця і ткацтве паясоў. У ім прынялі ўдзел дырэктары і метадысты раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў, кіраўнікі гурткоў ды студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкладчыкі дзіцячых школ мастацкіх рамёстваў.

Тэарэтычныя і практычныя заняткі праводзіла магілёўская майстрыха, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Вярменіч, якая прадэманстравала стылёвыя вырабы з тканіны, выкананыя ёю ў розных варыянтах ласкутнай тэхнікі: лялькі, пано, коўдры, сурвэткі, торбачкі... Іншыя рукадзельніцы перанялі ў майстрыхі сакрэты стварэння дэкаратыўных элементаў на аснове пэчворк-блокаў — тых, што можна стварыць уручную, без выкарыстання швейнай машынкі. У выніку ўдзельніцы семінара навучыліся рабіць дзівосныя ёлачныя цацкі.

/i/content/pi/cult/404/8264/1-3.jpeg

 — Жанчыны здаўна ставілі лапікі на адзенне, перашывалі старыя рэчы, стваралі коўдры, кілімы... — распавядае Алена Дзмітрыеўна... І дасюль гэтае майстэрства застаецца актуальным, прынамсі, для мяне, бо па спецыяльнасці я — мастак-мадэльер. Але ж гэты занятак даступны кожнаму: у любым доме знойдуцца абрэзкі тканін, ніткі, іголкі ды нажніцы. У адным вырабе могуць спалучацца розныя віды ласкутнай тэхнікі: традыцыйны пэчворк, квілтынг, японская тэхніка “тэмары”, руская “ляпачыха”...

Адзін з дзён семінара быў прысвечаны ткацтву паясоў на дошчачках. Сёння ў гэтай нескладанай тэхніцы вырабляюць стыльныя закладкі для кніг, торбачкі, дыванкі, сурвэткі, дэкаратыўныя падушкі. Таму майстэрства карыстаецца папулярнасцю і сярод моладзі. Заняткі праводзіла метадыст-майстар Круглянскага раённага дома рамёстваў, народны майстар Ларыса Лямцава. Яна таксама ўмее ткаць на кроснах, вырабляе тэкстыльную ляльку, займаецца вязаннем і вышыўкай.

/i/content/pi/cult/404/8264/1-4.jpeg

— Мне падабаецца перадаваць людзям сваё майстэрства, — зазначае Ларыса Міхайлаўна. — Пры нашым РДР дзейнічае дзіцячы гурток “Беларуская лялька”. Многія з удзельнікаў — вельмі таленавітыя…

Гэтае двухдзённае мерапрыемства стала апошнім з шэрагу сёлетніх семінараў-практыкумаў, што ладзіліся Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам па розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці: ткацтве карцін на кроснах, карункавязанні, выцінанцы…

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці
і культурна-асветніцкай работы

На здымках: майстар-клас па пляценні паясоў; узоры лапікавага мастацтва.