Каб не сапсаваць свята

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

З 10 па 29 снежня ў мэтах папярэджання пажараў і няшчасных выпадкаў пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў праходзіць рэспубліканская акцыя “Бяспечны Новы год!”. Яна складаецца з трох этапаў. Першы пачынаецца 10 снежня ў агульнаадукацыйных установах, другі — 17 -га, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, трэці — 22 снежня, у месцах масавага знаходжання людзей.

Пераднавагодні перыяд заўжды суправаджаецца рэзкім павелічэннем колькасці пажараў і траўмаў. Да прыкладу, летась за пяць святочных дзён у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў у рэспубліцы адбылося пяцьдзясят няшчасных выпадкаў. Сем з траўміраваных — дзеці.

Кожнаму, натуральна, хочацца зрабіць навагоднія і калядныя святы вясёлымі і незабыўнымі. Але нельга забывацца на тое, што бенгальскія агні, петарды, ракеты і феерверкі, акрамя яркіх уражанняў, могуць пакінуць і непрыемныя ўспаміны, бо ўсе яны траўма- і пажаранебяспечныя. Таму набываць іх неабходна толькі ў спецыялізаваных магазінах, дзе ёсць сертыфікат адпаведнасці правілам бяспекі. Інструкцыя па выкарыстанні павінна быць напісана на беларускай ці рускай мове. Не купляйце піратэхніку з дэфектамі, звярніце ўвагу на тэрмін яе прыдатнасці. Перад выкарыстаннем абавязкова прачытайце інструкцыю і не парушайце яе. Не насіце піратэхніку ў кішэнях, не выкарыстоўвайце яе пры моцным ветры. Не забывайцеся на тое, што нельга запускаць піратэхніку ў адлегласці бліжэй за 30 метраў ад пабудоў, дрэў, ліній электраперадач, прадметаў, якія лёгка загараюцца.

Не накіроўвайце піратэхніку на людзей, падпальвайце на адлегласці выцягнутай рукі, не нахіляйцеся над ёй. Калі выраб не спрацаваў, не падпальвайце яго зноў.

Нельга захоўваць піратэхніку ў вільготных памяшканнях. Калі яна спачатку адсырэе, а потым падсохне, дык, у лепшым выпадку, феерверк не спрацуе, а ў горшым — стрэліць з затрымкай, прычым у самы непадыходзячы момант.

Пры ўстаноўцы ёлкі трэба прыбраць з памяшкання дываны. Выкарыстоўваюцца толькі ўстойлівыя падстаўкі. Галіны і вершаліна не павінны датыкацца сцен, столі, мэблі. Паблізу не павінны знаходзіцца ацяпляльныя прыборы.

Калі ж здарылася так, што полымем ахапіла электрагірлянду, яе трэба абясточыць. Потым неабходна вывесці з памяшкання людзей, паваліць ёлку, каб полымя не ўзнялося ўверх, і накрыць яе шчыльнай тканінай. Калі ёлка натуральная, для тушэння можна выкарыстоўваць ваду. Калі штучная, вада не выкарыстоўваецца, бо сінтэтычныя матэрыялы плавяцца і расцякаюцца, пад уздзеяннем вады палаючыя кроплі распырскваюцца, і плошча гарэння павялічваецца. У дадзеным выпадку полымя знішчаецца пяском альбо з дапамогай вогнетушыцеля.

Будзьце ўважлівыя і асцярожныя! Беражыце сябе!

Таццяна БЫЧАНОК,  спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС Мінска