З "Каменнай горкі" — у "Верхні горад"

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Учора сталічная Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 17 адзначыла сваё 35-годдзе. Але ўрачыстасці з гэтай нагоды, што адбыліся ў Канцэртнай зале “Верхні горад”, кампакт-дыск з выступленнямі выкладчыкаў і вучняў сталі хіба святочнай “часткай айсберга”. “Вяршыня” ж яго — у іншым: асобна ўзятая дзіцячая школа ледзь не на ўскраіне Мінска не проста запаўняе вольны час дзяцей, а і… уплывае на нацыянальныя выканальніцкія школы па розных музычных спецыяльнасцях.

Апошнія словы — не перабольшанне, бо гэтая школа папраўдзе шмат у чым унікальная. Нават змяшчаецца яна — пад адным дахам з… міліцыяй. Наогул, у той час як многія такія школы не могуць набраць дастатковую колькасць вучняў, тут конкурс пры паступленні складае да сямі чалавек на месца. Можа, “геаграфія” вінаватая? Раён — спальны, новабудоўлі, дзяцей — шмат, а школа — адна на ўсю акругу. Вядома, гэта таксама адыгрывае сваю ролю. Але не асноўную! Бо тады штосьці падобнае здаралася б у кожным мікрараёне. Аднак не!

Дык, можа, справа ў лініі метро? Ад станцыі “Каменная горка” — літаральна некалькі крокаў. Але ж у цэнтры горада такім “метрознаходжаннем” могуць пахваліцца, зноў-такі, многія. Лепшых выкладчыкаў “пераманілі”? Не без гэтага, але ж чаму тады іншыя не “перацягнуць” іх да сябе? Намагаючыся знайсці сапраўдную прычыну, раптам лаўлю сябе на думцы, што паўтары гадзіны, праведзеныя ў школе, праляцелі за адно імгненне, і хочацца вярнуцца сюды зноў — прытым, што з дзяцінства, нягледзячы на выдатныя адзнакі, у мяне сфарміравалася ўстойлівая “алергія” на школу як месца для заняткаў, і тыя “плямы на душы” толькі замацаваліся, калі школьнікамі сталі мае дзеці.

/i/content/pi/cult/404/8262/1-1.jpeg

Дзверы ў гэтую школу не зблытаеш з суседнім аддзяленнем міліцыі. Пад школьнымі вокнамі — клумбы, фігуркі жывёлін, грыбкі, нават гэткае “лебядзінае азярцо”, якое “ўчынілі-сачынілі” загадчык гаспадаркі і ягоная жонка. Усе калідоры завешаны графічнымі малюнкамі, карцінамі на музычную тэматыку, выкананымі студэнтамі Акадэміі мастацтваў, вынікамі “фотасесіі”, што ладзілася тут нядаўна. У канцэртнай зале — авангардны роспіс на ўсю сцяну, які таксама стаўся курсавой работай студэнтаў-жывапісцаў. У класах — відэа, каб можна было глядзець оперы ды балеты. На ўваходзе — тэлевізар, каб бацькі не сумавалі, чакаючы сваіх юных музыкантаў. Спецыяльны “столік забытых рэчаў”. А ля адных дзвярэй (дарэчы, зачыненых, але з маленечкай прыпіскай: “Без білета”) — цэлы “хіт-парад” вялізных “тэпцікаў”.

— Гэты гурт у нас “кватаруе”, — усміхаецца дырэктар Мікалай Шэпель. — Але ў нас і сваіх калектываў хапае: ажно чатырнаццаць…

Сапраўды, школа ўнікальная яшчэ і сваёй “універсальнасцю”, што спалучаецца з куды больш разгалінаванай, чым у іншых, “спецыялізаванасцю”. Патлумачу: далёка не ва ўсіх такіх установах ёсць усе музычныя спецыяльнасці і спецыялізацыі. Тут жа іх — ажно два дзясяткі. Не хапае хіба выкладання ігры на фагоце (хаця ёсць — нават на тубе): проста, няма пакуль самога фагота. Затое ёсць усе іншыя інструменты, старыя і новыя, у добрым стане. Штосьці дапамагае набываць упраўленне культуры Мінгарвыканкама, нешта, дзякуючы ініцыятыўнасці школьнай адміністрацыі, перадалі Белтэлерадыёкампанія, Музычны тэатр, штосьці — Акадэмія музыкі: для прафесіяналаў тыя інструменты ўжо не прыдатныя, а для пачаткоўцаў — падыдуць.

Выкладаюцца ў школе і эстрадныя спевы — з лёгкай рукі кампазітара і знанага спецыяліста ў гэтай галіне Алены Атрашкевіч, якая падабрала добрых педагогаў, і нават… народныя. Народна-спеўны кірунак для мінчан такога ўзросту — штосьці новенькае. Пачынальнікам яго выступіла Ірына Катвіцкая — заснавальнік і мастацкі кіраўнік фольк-джаз-гурта “Akana-NHS”. Аўтар шматлікіх метадычных распрацовак, яна падрыхтавала эксперыментальную праграму народных спеваў, якая летась была прызнана тыпавой. Ёй змогуць карыстацца па ўсёй краіне, асабліва ў рэгіёнах, дзе народныя спевы бываюць нават больш запатрабаванымі, чым акадэмічныя, толькі раней гэтаму ў музычных школах не вучылі. А між тым, патрэба ў такіх спеваках ёсць і будзе, прычым — рознага ўзросту, а не толькі дарослых.

Навучаюць у школе і ігры на такіх народных інструментах, як дудкі ды акарыны. Зноў-такі, раней іх “асвойвалі” хіба ў БДУКіМ. Ёсць у школе і адпаведны ансамбль, лаўрэат конкурсу ў Стоўбцах, — “Вясёлыя музыкі” пад кіраўніцтвам гітарысткі Юліі Лепінай, дзе на акарыне выступае сам дырэктар, габаіст паводле спецыяльнасці: “Я іх вучу працаваць, яны мяне — граць”.

Увогуле ж, у школе сабраны не толькі лепшыя выпускнікі Акадэміі музыкі, але і некаторыя з яе выкладчыкаў, тыя, хто скончыў магістратуру і аспірантуру. Ёсць сярод выкладчыкаў і шматлікія пераможцы міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Тая ж Лідзія Скачко, лаўрэат Гранд-прэміі фонду, якая ўзначальвае аддзяленне баяна і акардэона, кіруе ажно двума ансамблямі.

— Наш асаблівы гонар, — працягвае Мікалай Мікалаевіч, — юныя піяністы, якія пад кіраўніцтвам Веранікі Сахаравай неаднойчы станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных конкурсаў, у тым ліку ў Італіі ды Францыі. А гітарыстка Ганна Аляксеенка зараз стала лаўрэатам Рэспубліканскай музычна-тэарэтычнай алімпіяды ў Гродне. Некаторыя, асвоіўшы адзін інструмент, прыходзяць вучыцца і на іншых. Мастацтва — гэта заўсёды сінтэз. І выхоўваць эстэтычныя памкненні ў дзяцей трэба ў комплексе…

Што ж, застаецца дачакацца, пакуль школа атрымае хаця б не цэлы “комплекс” будынкаў, а проста крыху большае памяшканне. Ёсць спадзеў, што ў 2014 годзе пачне рыхтавацца да пераезду міліцыя. Тады, пэўна, школа зможа далучыць яшчэ некалькі пакояў — так, як у свой час яна “пашырылася” за кошт ЖЭС, фотаатэлье і саўны, што змяшчаліся тут жа. Тады яна зможа выпускаць штогод не пяцьдзясят шэсць аматараў прыгожага, а куды больш…

На здымку: Канцэртная зала "Верхні горад".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"