А каго ж там відаць?

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Калаж з гісторыі ды ідэнтычнасці

Вынікі Конкурсу беларуска-польскіх графічных праектаў “Мы-2012” былі падведзены на аднайменнай выстаўцы ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў.

Нагадаем, што конкурс, мэтай якога было праз выяўленчыя сродкі паказаць, “прамовіць” адметнасці дзвюх культур, быў зладжаны, уласна, Беларускім саюзам дызайнераў і Таварыствам творцаў ужытковай графікі (Польшча).

Як адзначыў пад час адкрыцця выстаўкі беларускі мастак Міхал Амнепадыстаў, на сённяшні дзень мы маем відавочную нястачу сучасных візуальных абліччаў, што дапамагалі б фіксаваць у свядомасці беларусаў і замежнікаў повязь з нашай краінай ды культурай. Мэта конкурсу акурат і заключалася ў тым, каб знайсці творы, якія ўтрымліваюць новыя вобразы ідэнтычнасці.

/i/content/pi/cult/404/8260/2-3.jpeg

Беларускія канкурсанткі Дар’я Мандзік і Яна Войцік, да прыкладу, зрабілі літаральна моўную шпаргалку, нагадаўшы ў сваім праекце “Не маўчы па-беларуску” пра азы беларускай мовы. Немудрагелістыя малюнкі чалавечага цела, адзення, прадметаў побыту — посуду і мэблі — былі падрабязна падпісаны на плакаце: вочы, выя, пантофлі, чаравік, філіжанка, слоік, канапа, лядоўня… І сапраўды, ці часта ва ўжытку мы чуем гэтыя словы ды самі іх выкарыстоўваем?

Да язычніцкай культуры ў сваёй рабоце — календары беларускіх традыцыйных святаў — звярнулася Алена Дашкевіч. Аўтарка пазначае ў ім язычніцкія святы, выяўляючы светапогляд нашых продкаў да гадавога цыкла, і прапануе не забывацца на гэты этнаграфічны скарб.

/i/content/pi/cult/404/8260/2-2.jpeg

Дызайнер Уладзімір Голубеў таленавіта візуалізаваў знакавыя гістарычныя падзеі. Да прыкладу, на плакаце з подпісам “Унія” выяўлены дзве запалкі, галоўкі якіх ледзь дакранаюцца адна да адной.

Немагчыма прайсці і міма шпалераў Андрэя Дурэйкі, якія абыгрываюць “рыцарскае” ды ваярскае мінулае Беларусі. Ды, вядома, нельга не адзначыць праект “Стваральнікі гісторыі” Яны Герасімовіч і Зміцера Краўчанкі, што прадставіў яскравыя стылізаваныя калажныя выявы знакамітых постацей гісторыі Беларусі. Той жа канцлер ВКЛ Леў Сапега “каранаваны” львінай галавой, лоб паэта Максіма Багдановіча атачае цярновы вянок, а славутая выява кампазітара і мастака Напалеона Орды займела галаўны ўбор яго легендарнага французскага цёзкі. Іншымі словамі, аўтарам удалося “ажывіць” ды асучасніць знакамітыя выявы, да якіх прызвычаіліся беларусы. Больш за тое: Яна і Зміцер далі і шэраг парад у выкарыстанні іх калажоў: ад адпаведнага прынту на футболках да змяшчэння на грамадскім транспарце.

/i/content/pi/cult/404/8260/2-32.jpeg

Польскія работы на выстаўцы вылучаліся збольшага дасціпнасцю ды пэўнай прастатой успрыняцця беларускай культуры. Тая жа Агнешка Зямішэўска ў праекце “Карысныя звароты” нагадала пра ўнікальную мастацкую спадчыну нашага земляка Уладзіслава Стржэмінскага, пра якога мы пісалі ў рубрыцы "Вяртанне імёнаў". А Малгажата Фрыц звярнулася да ўлюбёнай беларусамі стыхіі лесу, абыграўшы яе сімвалы ў шпалерах праекта “Лясныя змагары”. Лена Марчыньска ідэнтыфікавала беларусаў праз мову, умоўна кажучы, прадэманстраваўшы, чым мы ў першую чаргу цікавыя суседняй краіне.

Адзначым, што пераможцы конкурсу “Мы” былі ўзнагароджаны як грашовымі прызамі, так і спецыяльнымі стажыроўкамі ў Беларусі і Польшчы.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"