Куды прыводзяць мары

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Як фільм са стратэгіяй з’яднаў шэсць тысяч паэтаў

Гісторыя няўдалай каманды, што прыйшла да перамогі, “сінема-вар’ете”, дзе героі — музыкі з абмежаванымі магчымасцямі, партрэт апошніх каўбояў ці маладых паэтаў з Паўднёвага Бронкса... — у сталічным кінатэатры “Перамога” прайшоў Фестываль амерыканскага дакументальнага кіно.

/i/content/pi/cult/404/8259/2-1.jpeg

Па сутнасці, перад намі паўстаў вобраз той самай Амерыкі, якую мы ведаем з кніг і фільмаў класікаў. Але, у адрозненне ад тых жа персанажаў твораў Джэка Лондана, сучаснікам даводзіцца змагацца не толькі з прыроднымі стыхіямі... Напрыклад, у стужцы “Быць пачутым” (рэжысёры — Эмі Султан, Эдвін Марцінес, Роланд Лег’ярдзі-Лаўра і Дэбора Шафер) гаворка ідзе пра трох тынейджараў з Паўднёвага Бронкса, якія вядуць барацьбу за ўласную будучыню пры дапамозе паэзіі. Ці яшчэ адзін прыклад — фільм Джыма Бігхэма “Гэтым разам у маім жыцці…”. Ён паказвае, здавалася б, звычайныя будні аднаго музычнага бэнда, з той толькі розніцай, што ўдзельнікі гэтага калектыву — людзі з псіхічнымі ды фізічнымі асаблівасцямі. Чалавечае памкненне ды музыка перамагаюць усе перашкоды, асабліва такія, як стэрэатыпы ўспрыняцця...

Рэжысёры згаданых стужак Роланд ЛЕГ’ЯРДЗІ-ЛАЎРА і Джым БІГХЭМ прыехалі ў Беларусь, каб асабіста прадставіць свае работы. Карэспандэнту “К” удалося пагутарыць з творцамі.

— Джым, Роланд, вашы творы злучаны адной тэмай — выратавання людзей праз мастацтва. Наколькі блізкая вам гэтая ідэя?

Джым: — На прыкладзе маёй карціны я імкнуўся паказаць, што дзякуючы адной з арганізацый многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць атрымаць працу, не быць абузай для сваёй сям’і і нават выступаць у аркестры. Некаторыя з герояў, як вы бачылі, не здольныя нават добра размаўляць, але яны могуць мець зносіны з людзьмі праз музыку — і гэта вельмі натхняльны прыклад! Так, я хачу сказаць людзям: трэба верыць у сябе, бо часам абмежаванні — у нашай галаве.

Роланд: — У мяне трошкі інакш. Можна сказаць, што сёння ЗША ператварылася ў такога "паліцэйскага", які кантралюе грамадства знізу даверху. Таму мая мара заключаецца ў тым, каб праз мастацтва перавярнуць своеасаблівую піраміду, каб большыя пласты насельніцтва атрымлівалі роўныя магчымасці і мелі шанцы прабіцца ў жыцці.

— Атрымліваецца, што сёння за мару трэба змагацца як ніколі?

Роланд: — Як і заўсёды. Мы, ствараючы сваё дакументальнае кіно, вымушаны змагацца за сваю мару: шукаць фінансаванне, не спыняцца ўвесь час. Таму нас і прываблівае барацьба нашых персанажаў, бо, у той самы час як яны ідуць насуперак абставінам, мы змагаемся за наш фільм і, адпаведна, за мару.

Джым: — На жаль, сёння мы жывём у грамадстве, якім кіруюць грошы. І ў гэтым сэнсе рэжысёры — стваральнікі дакументальнага кіно — вымушаны разлічваць на зусім нешматлікія крыніцы фінансавання. Напрыклад, калі сродкі на фільм дае тэлебачанне, яно хоча дакладна ведаць тэрміны стварэння стужкі, яе працягласць. Усё — дзеля таго, каб падлічыць магчымую выгаду. Аднак відавочна, што падобны кантроль вельмі прыгнятае творчы працэс.

Паспяховасць, на маю думку, вымяраецца не адно фінансавым прыбыткам, а і тым, да якой колькасці чалавек вам удалося данесці ваш мэседж. Аднак гэта не значыць, што да ўласнага кіно не трэба ставіцца як да бізнес-праекта. Наабходна абавязкова ведаць этапы стварэння кіно, памятаць пра ўсе яго перыяды: перадвытворчы, вытворчы, паслявытворчы, дыстрыб’юцыя. І — выбудоўваць уласную стратэгію прасоўвання стужкі.

Роланд: — І тут, безумоўна, важны этап распаўсюджвання фільма. Распавяду на прыкладзе ўласнага кіно. Сёння стужку “Быць пачутым” мы паказалі на двух дзясятках фестываляў, паўтары тыдні яна дэманстравалася ў Нью-Ёрку і Лос-Анджэлесе на вялікім экране, таксама фільм транслявала тэлебачанне. Аднак я вырашыў выкласці карціну і ў Інтэрнэт. Мы зрабілі партал, на якім маладыя паэты маглі загружаць свае вершы стварылі адпаведную суполку, дзе зарэгістравана больш за шэсць тысяч паэтаў. Акрамя таго, дзякуючы гэтаму парталу ў нас з’явіліся дадатковыя магчымасці атрымання даходу. Зрэшты, я не хачу, каб ён ператварыўся ў сацыяльную сетку, але калі ён здолее стаць хоць бы адной тысячнай таго, што ўяўляе з сябе такая сетка, то будзе добра.

Джым: — Мы як аўтары вымушаны пра гэта думаць, бо дакументалістам немагчыма жыць адно на энтузіязме. Шукаць і знаходзіць новыя падыходы да гледача — праз Інтэрнэт, розныя медыяканалы — частка нашай "стратэгіі выжывання"...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"