...Але ж пры чым тут робаты?

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Трыенале актуалізавала пытанні. А трэнд?

Куратар Мінскага трыенале сучаснага мастацтва “БелЭКСПА-Арт-2012” Віктар Альшэўскі вельмі слушна расстаўляе акцэнты: падзея павінна не столькі зафіксаваць пэўны статычны зрэз, колькі справакаваць аналіз актуальнай мастацкай сітуацыі, крытыку, ацэнкі, стварыўшы тым самым інтэлектуальныя перадумовы для далейшага развіцця.

Як і трэба было чакаць, “начынка” Трыенале атрымалася даволі пярэстай ды  разнастайнай, і таму наўрад ці знойдзецца хоць адзін наведвальнік, які не адшукаў у павільёне “БелЭКСПА” твор “на свой густ”. З іншага боку, упадабаць абсалютна ўсё было таксама складана — з той самай прычыны. Ні ў якім разе не прэтэндуючы на ўсеахопнасць і аб’ектыўнасць, падзялюся хіба некаторымі думкамі, што прыйшлі пад час прагляду экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/404/8258/1-2.jpeg

Цёмны калідор у светлай зале

Як ні дзіўна, галоўным экспазіцыйным “ноу-хау” Трыенале стаў не канцэптуальны праект Руслана Вашкевіча (праанансаваны “спектакль” з падглядваннем за гледачамі, на маю думку, так і застаўся на ўзроўні цікавай ідэі), а сінтэтычны твор “Калейдаскоп” зусім маладой куратаркі Кацярыны Лісіцынай. Стварэнне герметычнай “прасторы ў прасторы”, своеасаблівай татальнай інсталяцыі, што ахоплівае гледача з усіх бакоў, — з’ява калі не новая для родных пенатаў, дык, прынамсі, да крыўднага нераспаўсюджаная. На жаль, светлавыя інсталяцыі, якія напаўнялі цёмны калідор у светлай зале, не заглыбілі мяне ў нейкую іншую рэчаіснасць — па праўдзе кажучы, яны падаліся шчырым “вучнёўствам”, практыкумам з падручнымі матэрыяламі. Але... Вучыцца гэтым новым сродкам выяўлення і сапраўды трэба!

Пра тое, што ў Віцебску ёсць арт-жыццё, мінчане, вядома ж, здагадваліся — балазе пра гэта сведчылі і рэдкія з’яўленні тамтэйшых аўтараў на сталічных пляцоўках. Але, нягледзячы на невялікую адлегласць, пра паўнавартасны абмен інфармацыяй казаць не выпадала. Трыенале выправіла гэтую недарэчнасць, прадэманстраваўшы цэлы зрэз сучаснай “віцебскай школы” некалькіх пакаленняў. І асабліва варта адзначыць, што ў дадатак да “абоймы” ўжо даўно вядомых аўтараў (Галіна і Васіль Васільевы, Аляксандр Малей, Генадзь Фалей) у павільёне “Абстракт” было прадстаўлена і нямала тых імёнаў, якія ў Мінску мала хто чуў. Сярод іх — не толькі моладзь, але і масцітыя творцы. Скажам, Алег Крошкін або Валянціна Ляховіч: абое знайшлі свае адметныя шляхі на такой, здавалася б, разаранай ніве, як абстрактны жывапіс.

Як і выпадала чакаць, панарама беларускай скульптуры атрымалася даволі разнапланавая, хаця тая цікавая эвалюцыя ад уласна пластыкі да канцэптуальнага аб’екта, што спакваля назіраецца ў гэтай галіне, на жаль, у экспазіцыі не была адлюстравана. А вось наяўнасць у ёй узораў якаснага “салона” — накшталт скульптуркі вадалаза з русалкай аўтарства Аляксандра Шапо — і наогул здзіўляла: яны яўна “не адсюль”.

/i/content/pi/cult/404/8258/1-3.jpeg

Крэслы ўсё ж розныя...

Заблукаўшы ў лабірынтах Трыенале, можна было выпадкова абмінуць увагай някідкія, але цікавыя работы. А вось затое робатаў убачыў ды запомніў, не раўнуючы, кожны наведвальнік! Мяркуючы па ўсім, шматлікія жалезныя істоты былі пакліканы нейкім чынам выяўляць “тэхнагеннасць” сучаснага мастацтва. Ды вось толькі... трошкі яны спазніліся. Гадоў прыкладна на пяцьдзясят.

Выкарыстанне новых тэхналогій — гэта папраўдзе модны трэнд у сусветным contemporary art. Прыкладам, асноўны праект апошняга Маскоўскага біенале прадэманстраваў шэраг арыгінальных інжынерных рашэнняў, што ўвасаблялі ў жыццё вынаходлівыя ідэі мастакоў — збольшага, між іншым, інтэрактыўныя. Ты падыходзіш, дакранаешся — і раптам нешта здараецца! Але... пры чым тут робаты?

Напэўна, гэтая частка прасторы ўспрымалася б зусім іначай, каб была забяспечана нейкім канцэптуальным і экспазіцыйным ходам — балазе тэма своеасаблівага арт-”сэканд-хэнду”, другога жыцця ўсіх састарэлых пыласосаў, магнітол ды іншых адкідаў цывілізацыі, з якіх былі звараны гэтыя стварэнні, напрошвалася сама сабою, і тут ёсць над чым паразважаць... Цікавая ідэя можа ажывіць нават бяздушны метал, але, як падаецца, “куток юнага тэхніка” так і не быў належным чынам апрапрыіраваны ў мастацкі кантэкст.

/i/content/pi/cult/404/8258/1-4.jpeg

Увогуле, тэкставых эксплікацый у экспазіцыі яўна бракуе. Так, бываюць выпадкі, калі іх зашмат і тэксты нават засланяюць самі работы, “праграмуючы” іх успрыняцце, але... Калі ўнікнуць гэтай спакусы, яны стануць сапраўдным мастком паразумення паміж аўтарам ды гледачом. Прыкладам, у выпадку з фотаграмай Паўла Бранштэтэра “Вопыт рэгістрацыі святла” тлумачэнні былі папросту неабходнымі — іначай ідэю твора ніяк не зразумець неабазнанаму ў дакладных навуках чалавеку.

Безумоўна, нейкія эксклюзіўныя тэхналагічныя рашэнні айчынным мастакам пакуль не па кішэні. Але паколькі высокія тэхналогіі ўжо сталі ўсеагульным здабыткам, можна абысціся і толькі самымі даступнымі. Гэта пераканаўча засведчыў фотапраект амаль нікому невядомага аўтара Максіма Дасько. Ён зроблены з дапамогай такой досыць распаўсюджанай забаўкі, як вэб-камеры, што кругласутачна транслююць карцінку з самых розных мясцін свету наўпрост на твой манітор. Аўтар піша: “Скарыстаўшыся гэтай магчымасцю, я цягам пэўнага часу рабіў своеасаблівыя падарожжы па ўсёй планеце. Гэта займала ўсё больш і больш часу, бывала, некалькі дзён запар, не выходзячы з дому, я толькі гэтым і займаўся. Паступова стаў заўважаць, што некаторыя мясціны мяне прыцягваюць больш за іншыя, — там бываў часцей, яны сталі як бы знаёмымі і блізкімі…”

У выніку Максім Дасько чамусьці спыніўся на правінцыйным гарадку Белаазёрскі недзе ў глыбінцы Расіі, які стаў для аўтара праекта “міфічным месцам”. Падоўгу падглядаў за буднямі яго жыхароў — ахвяруючы ўласным жыццём. Атрымалася надзвычай лірычнае і суб’ектыўнае даследаванне ўплыву сучасных камунікацый на свядомасць і падсвядомасць іх карыстальніка, па матывах якога можна напісаць цэлы філасофскі трактат.

Увогуле, “фотазакуток”, створаны стараннямі куратара Таццяны Стрыга, атрымаўся даволі цэласным і “дагледжаным”, аўтары не наступалі адно аднаму на пяткі — як гэта адбылося, скажам, з творам Уладзіміра Цэслера: яго гарэзлівае крэсла з жаночымі ножкамі суседнічае ў экспазіцыі з аналагічнымі прадметамі мэблі сербскага мастака Радавана Трнаваца Мічы. Але тэму, якую адлюстроўвае апошні — драматычны падзел Югаславіі, — легкадумнай не назавеш.

“Дэмаркацыйныя лініі”

Безумоўна, паняцце “добрае мастацтва” з’яўляецца рэлятыўным, бо залежыць ад густу. Паняцце “сучаснае мастацтва” — таксама. Спрачацца на гэты конт можна да бясконцасці — і безвынікова. Тым не менш, варта канстатаваць, што на Захадзе — ды і ці не ва ўсім свеце — гэты ўстойлівы выраз мае пэўныя тэрміналагічныя межы, няхай сабе і не заўсёды дакладна акрэсленыя. Абагулена яго прынята трактаваць як мастацтва ідэй, а не ўмельстваў — ва ўсялякім выпадку, другія выразна прэвалююць. І прыйшоўшы на біенале сучаснага мастацтва ў Стамбуле або, скажам, Сіднеі, мы, хутчэй за ўсё, убачым там разнастайныя канцэптуальныя праекты, а не звыклыя для нас карціны ці скульптуры — вядома, калі апошнія не з’яўляюцца часткай тых самых праектаў. Мінскае трыенале яўна выпадае з гэтай парадыгмы. Але ці варта спяшацца яго ў гэтым папракаць?

Упарта ігнараваць міжнародныя стандарты (як падаецца, апошняе слова не будзе тут недарэчным) — гэта стратэгія адважная, але малавыніковая. Пытанне ў іншым: ці мэтазгодна іх бяздумна “прышчапляць” на нашу глебу, спадзеючыся, што ў спецыфічным тутэйшым арт-клімаце гэтыя экзоты самі сабою дадуць добрыя плады? І ці не апынуцца ў выніку па-за рамкамі фармату многія выдатныя беларускія аўтары? Прыкладам, скульптар Андрэй Вараб’ёў, які, як заўсёды, прадэманстраваў грунтоўнае валоданне візуальнай мовай мадэрнісцкай пластыкі, арганічна спалучанае з самабытнай вобразнасцю і філасафічным мысленнем. Ва ўсялякім выпадку, я вельмі рады, што гэтым разам ён не застаўся “па-за дыскурсам”. Было б прыкра, калі б яго адкінулі, каб дагадзіць чамусьці парожняму, але “трэндаваму”.

Магчыма, такіх творцаў трэба выстаўляць пад іншай “шыльдай” — чаму б не стварыць для іх асобны арт-брэнд пад умоўнай назвай “Беларуская (пост)акадэмічная школа”? А магчыма, наадварот: варта паказваць побач са “стопрацэнтным” contemporary art, мякка ўплятаючы іх у агульную канцэптуальную канву — хаця б дзеля таго, каб засведчыць, што на больш глыбінным узроўні ўсе тыя “дэмаркацыйныя лініі” не настолькі і важныя?

У любым выпадку, Трыенале і сапраўды актуалізавала нямала важных тэм для развагі...