Не пра вакзал

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

У чаканні “Залы…”на вялікай сцэне

Дачакаліся! Нарэшце, нацыянальная прэм’ера з’явілася і ў балетным жанры: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі паказаў у Малой зале аднаактовую “Залу чакання”.

Музыка Алега Хадоскі, знанага сімфаніста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі. Лібрэта, харэаграфія і пастаноўка — заслужаных артыстаў краіны Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова, якія ў свой час сталі аднымі з першых салістаў, хто, не кідаючы класікі, аддана рынуўся ў сучасныя кірункі. Спектакль нараджаўся ў “экстрэмальных” умовах: наша балетная трупа актыўна гастралюе, занята тэрміновымі справамі. Праз тры дні пасля прэм’еры — чарговая замежная паездка. Так што рэпетыцыі ладзіліся ўрыўкамі, з перапынкамі. З асобна пастаўленых фрагментаў спектакль складаўся ўвогуле літаральна за дзень-два. Пры гэтым фінал, паказаны на прагоне і на прэм’еры, крыху адрозніваўся: пастаноўшчыкі паспелі яго перарабіць за ноч.

/i/content/pi/cult/404/8257/1-1.jpeg

У цэнтры аказваецца не толькі ўласна герой, але і сама асоба Дзяніса Клімука, які становіцца сапраўдным “камертонам” усяго спектакля, бо надзвычай “гаваркая” пластычна-харэаграфічная манера артыста дае “код” да далейшага прачытання аповеду. Некаторая стрыманасць, гэткі “працоўны” стыль Юліі Алейнік, памножаныя на адсутнасць музычнага лейтматыву гераіні, дазваляюць адразу заўважыць “нешта не тое”, што і выльецца ў фінале ў трагедыю “замкнёнага кола”.

Новы спектакль — не пра вакзал, на што магла б скіраваць яго назва. Але некаторыя элементы сцэнаграфіі (Аляксандр Касцючэнка) адразу вядуць да расшыфроўкі сімвалаў: спынены гадзіннік, стрэлкі якога складаюцца ў крыж, там-сям кінутыя “беспрытульныя” чамаданы, містычная прастора, сцены якой нагадваюць камуфляжную расфарбоўку, трывожна-фіялетавыя адценні асвятлення, чорна-бела-шэрыя колеры сцэнічных строяў (Ніна Гурло). І пасярод усяго гэтага — чырвоны каптан, жудасна “нястыльны”, у якім нібыта злучаны рознастылёвыя “адсылкі”.

У музыцы выкарыстаны такія ж “універсальныя”, гістарычна трывалыя элементы, што могуць прачытвацца па-за часам і прасторай, але маюць і прыхаванае нацыянальнае аблічча. Паступовае ўзыходжанне, якое нагадвае пытанне без адказу, абмежавана малым дыяпазонам, што звычайна выкарыстоўваўся ў даўнейшых фальклорных пластах славянскіх народаў. Яму супрацьстаіць запаволены “броўнаўскі рух” паўтонаў — найдробных музычных часцінак. Першую тэму, якая ў поўным выглядзе прагучыць толькі бліжэй да фіналу, можна было пачуць у музыцы кампазітара да спектакля “Не мой” Купалаўскага тэатра. Але тут гэтая аўтацытата атрымлівае зусім іншае развіццё. Завершаныя нумары (паўзы паміж некаторымі з іх усё ж маглі б быць карацейшымі) спалучаюцца з магутным сімфанічным развіццём, прычым не толькі ўнутры гэтых частак, але і між імі. У тэмбравай драматургіі на першы план выходзяць сола віяланчэлі, габоя, вібрафона і іншых “празрыста-касмічных” гучанняў, якія толькі выйгралі б ад аркестравага, а не камп’ютарнага выканання (пасадзіць аркестр у Малой зале папросту няма куды, а каб замест “дэма-варыянту” зрабіць якасны аркестравы запіс, патрэбны час і грошы).

Харэаграфічная лексіка “Залы чакання” шмат у чым нагадвае пошукі Раду Паклітару. Але гэта не столькі капіраванне яго пластычнай мовы, колькі працяг традыцый, часам — пераасэнсаванне. А галоўнае — жаданне ісці следам за музыкай, якая “падказвае” многія хады. Цікава назіраць за ператварэннем у пластыку інтанацый “маналогаў”, дуэтаў, за харэаграфічным увасабленнем поліфанічнага шматгалосся і асабліва прынцыпу “фугата”.

У агульным філасофскім аповедзе крыху “іншароднымі” глядзяцца дзве “жанравыя” ўстаўкі — гісторыі жыцця і смерці Афіцэра (Іван Савянкоў), які застрэліўся з-за нявернасці Нявесты (Вікторыя Трэнкіна), ды аўтамабілістаў, якія разбіліся ў аўтакатастрофе. Шкада, што “падсветка” ў руках артыстаў усяго толькі “ілюструе” фары, хаця гэты прыём гульні з асвятленнем, распаўсюджаны ў сучаснай харэаграфіі, мог бы набыць і іншую семантыку — ад пошукаў жыццёвага шляху да містычных “прывідаў”.

Дык пра што новы балет? Пра таямніцы псіхалогіі, якія абвастраюцца на мяжы жыцця і смерці. Пра каханне, у якім бачаць выйсце нават “загартаваныя” працаголікі. Пра самае цяжкае выпрабаванне — нават не “меднымі трубамі”, а ўладай над душамі. Што лепш: пераступіць праз чалавечнасць дзеля кар’еры ці кінуць усё дзеля кахання — і быць падманутым? Усе героі балета — дуалістычныя, усе ў пэўны момант паварочваюцца да нас іншым бокам, раскрываючы сваю сутнасць.

Кожны можа “прачытаць” балет па-свойму. Галоўнае — яго хочацца глядзець зноў ды зноў. Калі ў цэнтральных партыях з’явяцца самі Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, гэта будзе, безумоўна, яшчэ адзін “новы” спектакль. І так — з кожным артыстам і з кожным чарговым паказам. Гэты балет проста павінен трапіць на вялікую сцэну!..

На здымку: сцэна з балета.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"