Майстар-клас ад/для "БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ"

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Правакаванне да асэнсавання. У тым ліку — музычнай еўрапейскасці

Снежань — самы час падвесці вынікі “Беларускай музычнай восені”. Тым больш, што сёлетні, 38-ы па ліку, Міжнародны фестываль мастацтваў быў, бадай, самым насычаным за ўсю гісторыю, увабраўшы ў сябе яшчэ і Міжнародны музычны форум “Беларусы свету”. Якімі ж паўсталі тыя нашы творцы, якія з розных прычын жывуць ды працуюць у замежжы?

Панарама атрымалася — з трох “п”: паэтычна, практычна, праблематычна. Але пра ўсё — па парадку.

Паэтычна

Дзве галіны аднаго беларускага дрэва гарманічна зліваліся ў адну. Асабліва цікава было назіраць, як нашы “іншаземцы”, нягледзячы ні на што, заставаліся “шчырымі беларусамі”, нават большымі, чым мы самі. Ці як “у дошку нашы”, нікуды не з’язджаючы, ганарыліся сваімі еўрапейскімі (а часцяком — і псеўдаеўрапейскімі) манерамі. Як бы тое ні было, але нашы кампазітарская і выканальніцкія школы на гэтым фестывалі-форуме ледзь не ўпершыню паўсталі ў сваім больш поўным абліччы, як два раўнацэнныя бакі аднаго медаля. Не як “белы” ды “шэры” (а тым больш — “чорны”), а як штосьці непадзельнае: якім бокам мы ні паварочвалі б той медаль, разглядаючы на ім выявы, а “разрэзаць” яго на дзве часткі не атрымаецца.

Такія паралелі-параўнанні, больш “аб’ёмнае” назіранне за развіццём нашых творцаў і іх мастацтва, працяглыя часавыя супастаўленні (як было — і як стала, а менавіта: як хтосьці граў раней — і як цяпер) — усё гэта прыводзіла да самых разнастайных роздумаў. Не толькі пра канкрэтныя знакавыя імёны нашай нацыянальнай культуры, але і пра тое, як дзякуючы нашым “пасланцам” пашыраецца спрадвечна “донарская” функцыя беларускай культуры. Як не толькі мы, беларусы, падпітваемся найноўшымі еўрапейскімі ды сусветнымі тэндэнцыямі, але і іншыя краіны адкрываюць для сябе штосьці новае — менавіта ў нас, беларусаў. І гэтак жа, як мы, “перакладаюць” яго на сваю нацыянальную мову, што ўзбагачае абодва бакі.

Прыклады? Колькі заўгодна. Практычна

У цэнтры сёлетняй “Беларускай музычнай восені” і форуму “Беларусы свету” аказаўся такі музычны інструмент, як беларускія цымбалы. У назве інструмента падкрэслім слова “беларускія”. Бо самі цымбалы — усходняга паходжання, потым атрымалі распаўсюджанне ў Еўропе, гучалі нават пры каралеўскім двары, ды з цягам часу саступілі месца іншым тэмбрам. Але ў некаторых краінах — не толькі захаваліся, але і атрымалі другое нараджэнне. Такіх цымбалаў, як у нас, няма больш нідзе. Ёсць кітайскія — зусім іншыя, знешне падобныя на гэткі “міні-арган”. Вельмі распаўсюджаны ў свеце цымбалы венгерскія — з доўгімі палачкамі і педаллю. А сёння, як фестываль даказаў нават самым вялікім скептыкам, для нашых беларускіх цымбалаў новыя творы пішуцца не толькі ў нас, але і ў Грэцыі ды Германіі. Прычым у Грэцыі імі зацікавіліся мясцовыя кампазітары, ды яшчэ як!

Калі наша знакамітая цымбалістка Аліна Ткачова, пабраўшыся шлюбам, з’язджала ў Грэцыю, многія глядзелі на дзяўчыну спачуваючы: ну што яна будзе рабіць там са сваёй спецыяльнасцю, патрэбнай толькі нам — і больш нікому? Нават зараз некаторыя не верылі: што, грэчаскія кампазітары вось так узялі і напісалі для цымбалаў? І што, гэта вось так і гучала ў Грэцыі? І не толькі там! Зусім нядаўна, калі маладая салістка Вераніка Прадзед мела фурор у Санкт-Пецярбургу, тамтэйшыя кампазітары былі ўзрушаны гэтак жа. Адзін з іх таксама запаліўся жаданнем напісаць нешта для незвычайнага інструмента. І калі юная Саша Дзенісеня “лётала” палачкамі ды “варажыла” над цымбаламі на класічным “Еўрабачанні”, гэткае ж зачараванне стаяла ў вачах венскіх аркестрантаў, якія акампаніравалі ёй у творы нашага Уладзіміра Кур’яна.

Але ж ці можна напісаць для цымбалаў лепш за беларускіх творцаў? Хаця лічыцца, што “свежы погляд” бывае карысней, чым “зашмальцаваны” штодзённым назіраннем, на форуме стала відавочна: вітаючы цымбалы, беларускія кампазітары ўмеюць “фантаніраваць” фантазіяй лепш.

З асаблівай нецярплівасцю ўсе чакалі, як жа выканае Канцэрт У.Кур’яна для цымбалаў з аркестрам Міхаіл Лявончык, які ў апошнія гады жыве і працуе ў Германіі. Сапраўды, інтэрпрэтацыя часам была настолькі іншай, што нават аўтар, прысутнічаючы ў зале, не пазнаваў свой твор. Мы пачулі, насамрэч, новую рэдакцыю, ажыццёўленую выканаўцам, які вельмі вольна паставіўся да аўтарскага тэксту — амаль гэтак жа, як ён ставіцца да музычнага матэрыялу, робячы джазавыя апрацоўкі. Новы погляд, які асабліва ярка сканцэнтраваўся ў сольных кадэнцыях (а кампазітар іх наўмысна не выпісваў, вярнуўшыся да старадаўніх традыцый і даўшы магчымасць выканаўцам напоўніцу рэалізаваць свае здольнасці), толькі падкрэсліў важнасць кампазітарскага асэнсавання формы, драматургіі і ўсёй канцэпцыі твора.

Затое менавіта ў Германіі Міхаіл Лявончык змог паказаць (а потым разам са сваімі замежнымі сябрамі прадэманстраваць і ў нас) яшчэ і джазавую сутнасць беларускіх цымбалаў, а таксама новыя магчымасці развіцця ды распрацоўкі беларускіх тэм, якія раптам атрымалі нечаканыя імправізацыйныя схільнасці, загучалі на імпрэсіянісцкі манер. Раптам падумалася: менавіта беларускія цымбалы, з усімі недахопамі іх канструкцыі (немагчымасць “гасіць” гук, “плаванне” гукавышыннасці, адсутнасць агромністай моцы гучання), маглі б стаць цудоўнай глебай для развіцця беларускага імпрэсіянізму — прычым даўно, яшчэ ў даваенныя часы, калі на Захадзе працягвалі развівацца каларыстычна-санорныя тэндэнцыі ў музыцы. І тое, што робіць Лявончык з гэтым інструментам, быццам вяртае нам тыя магчымасці, страчаныя калісьці з ідэалагічных прычын, калі той жа імпрэсіянізм лічыўся яскравым паказчыкам крызісу музычнай культуры пры капіталізме.

Шмат новых паваротаў думкі ўзнікала і ў час выступленняў такіх прызнаных у свеце нашых музыкантаў, як піяніст Андрэй Паначэўны, скрыпач Арцём Шышкоў. Іх выкананне, заснаванае не толькі на віртуознасці, але і на пакланенні прыгажосці гуку, вымушала перагледзець многія эстэтычныя пастулаты беларускасці, правесці паралелі паміж нашай праславутай “памяркоўнасцю” — і шляхетнасцю яе музычнага выяўлення.

Прыезд знакамітага трубача Андрэя Кавалінскага суправаджаўся не толькі яго бліскучым выступленнем — папраўдзе на мяжы фантастыкі, — але і працяглым, грунтоўным майстар-класам. Дарэчы, чаму б не выкарыстоўваць такія магчымасці часцей? З практычнага пункта гледжання, трэба навучыцца і надалей максімальна выкарыстоўваць кожную магчымасць хаця б часовага “вяртання на радзіму” нашых выхаванцаў, каб яны маглі дзяліцца набытым у замежжы вопытам. І рабіць гэта не толькі ў час прыватных размоў, але і на творчых сустрэчах, майстар-класах. Чаму б не “правакаваць” іх і да сумеснага ансамблевага музіцыравання? Чым больш размаітай будзе палітра нашых двухбаковых стасункаў, тым больш карысці яны прынясуць для далейшага развіцця беларускай нацыянальнай культуры. У тым ліку — у асэнсаванні яе “еўрапейскасці”.

Шмат цікавага падкідвалі і аўтарскія вечары беларускіх кампазітараў. Ніколі яшчэ не было такога, каб на адным фестывалі іх “збеглася” ажно чатыры: на працягу месяца мы пачулі гэткі “зрэз творчасці” Віктара Войціка, Уладзіміра Карызны-малодшага, Віктара Капыцько, Эдуарда Ханка. Змяшчэнне гэтых канцэртаў у атмасферу “беларускага замежжа” (ці “замежнай беларускасці”) таксама дало не толькі паэтычныя ўзнёсласці, але і новыя практычныя выхады на асэнсаванне нашай нацыянальнай культуры.

Вечар Віктара Войціка, да ўсяго, прэзентаваў новы калектыў — інструментальнае трыа, якое магло б цудоўна “раскручваць” нашу музыку, старадаўнюю і сучасную, на любую аўдыторыю. З творамі даўніны, шляхетна і з густам апрацаванымі В.Войцікам, — калі ласка, канцэрты ў Нясвіжскім і Мірскім замках, у іншых салонных колах, дзе трэба стварыць адчуванне подыху мінулых стагоддзяў. З сучаснай музыкай, у тым ліку — з аўтарскімі творамі, спецыяльна напісанымі для гэтага калектыву, — на любыя выстаўкі, інсталяцыі, прэзентацыі. Чаму ж мы гэта не выкарыстоўваем? Мабільнасць калектыву, майстэрства кожнага з салістаў — гэта ж падарунак і для кампазітараў, і для прадзюсараў. А праз іх — для публікі, нашай і замежнай.

Вечар Віктара Капыцько, вядомага сваімі авангардысцкімі эксперыментамі і не толькі піетэтным, але і іранічным стаўленнем да “пошукавізмаў”, прывёў на іншыя рэйкі — дэмакратызму беларускага мастацтва. Здавалася, патрабаванне пісаць “для народа” найбольш актуальным было ў савецкія часы, асабліва ў даваенныя і пасляваенныя. Сёння яно трансфармавалася ў неабходнасць “прывабіць публіку”, дасягнуць неабходнай “запаўняльнасці залы”, каб “зрабіць касу”. Але — якім коштам? Ці трэба за гэта расплачвацца самой мастацкасцю паказаных твораў? Кампазітар быццам правёў мяжу той “новай прастаты”, пераходзіць за якую небяспечна. Дазволіць сабе гэткі “парубежны” дэмакратызм на мяжы “флірту” з публікай мог толькі той, хто пачувае сябе Майстрам. І не баіцца быць абвінавачаным за ўсялякія “занадта”. Чым не еўрапейскі погляд на сябе ды сваю творчасць?

Праблематычна

А яшчэ ўсе аўтарскія вечары ў чарговы раз даказалі, што выратаванне “тапельцаў” — справа рук саміх "тапельцаў". Без кампазітарскай ініцыятывы нічога не адбылося б. Але і без выканаўцаў кампазітары ніколі не правялі б свае канцэрты! Няўжо не наспеў час неяк “з’яднаць намаганні”? Вечары нашай музыкі на фоне “Беларусаў свету” літаральна падштурхвалі да ідэі, даўно рэалізаванай у замежжы, — неабходнасці прадзюсарства не толькі эстраднага, але і акадэмічнага мастацтва.

Дзякуй вялікі Уладзіміру Карызну-малодшаму і ўсім, хто яму дапамагаў, што нарэшце адбыўся першы такі буйны яго творчы вечар. А між тым, кампазітару, якога прызвычаіліся называць “маладым”, споўнілася пяцьдзясят гадоў — самы час падводзіць першыя вынікі. І тое, што мы пачулі на больш як трохгадзінным канцэрце, не проста ўразіла — скарыла! Усіх. Стала сапраўдным адкрыццём. Нават для тых, хто, як я, лічыў, ведае творчасць гэтага аўтара больш-менш поўна. Справа не толькі ў тым, што на канцэрце прагучалі прэм’еры (раней, да прыкладу, Уладзімір Уладзіміравіч ніколі не пісаў нічога для свайго знакамітага сына — сусветна вядомага віяланчэліста Івана Карызны). “Кампактны”, “спрэсаваны” ў часе паказ харавой, інструментальнай, эстраднай творчасці кампазітара дазволіў шырока раскрытымі вачыма ўбачыць тое, пра што раней можна было толькі здагадвацца. Уладзімір Карызна-малодшы — найвялікшы пясняр Прыгажосці, яе рыцар і ахоўнік, які не імкнецца трапіць “у аб’ектывы”, а факусіруе ўвагу на самой прыгажуні. Пры гэтым прыгажосць паўстала як спрадвечна беларуская рыса! Але не гаротная, як яе прызвычаіліся маляваць многія, і не “ваяўніча-ганарлівая” сваёй звышунікальнасцю, як часам імкнуцца яе ўявіць, а… спакойная. Бо ўпэўненая ў сваёй прыгажосці. Упэўненая настолькі, што не збіраецца гэта неяк спецыяльна даказваць, робячы неверагодныя выбрыкі: маўляў, усё і так відавочна, бо — дасканала.

Але ў тым і праблема, што не было б гэтага канцэрта — мы яшчэ доўга ішлі б да простай ісціны: хто ўвогуле можа ў нас стаць прызнаным? Толькі той, хто спярша будзе прызнаны ў замежжы?

Няма прароку ва ўласнай айчыне — гэта праблема не толькі наша. Яна — агульначалавечая. Але гэта не робіць яе маленькай, нязначнай “дробяззю”. Бо форум “Беларусы свету”, уведзены ў кантэкст традыцыйнага Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Беларуская музычная восень”, акрэсліў праблему не толькі прызнання, але і далейшага творчага развіцця нашых талентаў у замежжы. Тут, як аказалася, не ўсё так проста. З аднаго боку, сапраўды, многія атрымліваюць новыя магчымасці для рэалізацыі сваіх мастацкіх памкненняў. І не наша ў тым віна, што мы пакуль не можам прадаставіць сваім творцам тых магчымасцей канцэртавання па ўсім свеце з лепшымі калектывамі, як гэта распаўсюджана ў краінах, дзе культурныя традыцыі не перапыняліся гадамі ды дзесяцігоддзямі “жалезнай заслоны”. Дзе больш шырока развіта і прадзюсарства, і мецэнацтва, якія ў нас яшчэ толькі-толькі пускаюць свае парасткі. З іншага боку, існуе і небяспека: у надта спрыяльных умовах раптам… адсунуць творчасць на другі план. З тымі, хто стаў госцем нашага форуму, гэтага не адбылося. Але, на жаль, здаралася з некаторымі тымі, каго мы сёння ўжо не памятаем. Яшчэ і таму, што ў замежжы яны папросту змянілі спецыяльнасць, знайшоўшы іншыя сродкі дасягнення дабрабыту...

Таму хацелася б верыць, што падобныя форумы стануць традыцыйнымі. І ўвогуле, што для далейшых прыездаў знаных “беларусаў замежжа” ды “замежных беларусаў” будзе больш падстаў…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"