Ці справяцца з Інтэрнэтам у вясковай бібліятэцы?

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Да канца Дзяржпраграмы — усяго тры гады

Дзяржпраграма “Культура Беларусі”: ліст у рэдакцыю

У мінулым нумары "К" быў надрукаваны артыкул “А навошта нам e-mail?”. А ўжо ў панядзелак на электронную пошту прыйшоў водгук на яго. Вось фрагменты з ліста.

“…Добрае пытанне вы ўзнімаеце у сваім артыкуле. Але ёсць такое адчуванне, што высновы вы зрабілі, не пагаварыўшы з кіраўнікамі бібліятэк. Інакш яны б вам распавялі, што ўсе публічныя бібліятэкі працуюць па штатным раскладзе 1996 года, поводле якога пасада інжынера прысутнічае ва ўсіх групах па аплаце працы ў колькасці адзін чалавек пры наяўнасці камп’ютараў. Ні пра якія аддзелы аўтаматызацыі з паўнавартасным штатам супрацоўнікаў і гаворкі быць не можа.

Вось і ўявіце: знайшлі “хлопчыка” (добры спецыяліст на заработную плату ў 1 117 994 рублі да вас не пойдзе), які павінен устанавіць праграмнае забеспячэнне на камп’ютар, падключыць да электроннай пошты кожную бібліятэку, стварыць сайт ЦБС, пажадана — старонку ў сацыяльных сетках і яшчэ многае іншае (да прыкладу, адрамантаваць МФУ або пракласці лакальную сетку). Вы можаце зрабіць заўвагу: маўляў, электронную скрыню можа стварыць і першакласнік. Згодная, першакласнік — можа, а цётачка ў вясковай глушы — не. Не так проста ў яе і з асваеннем інтэрнэт-прасторы. Усё па-старому: патэлефанавалі, напісалі справаздачу, завезлі ў галаўную бібліятэку. Таму не лічу пытанне, узнятае вамі на старонках газеты, вельмі ўжо актуальным.

Вядома, было б выдатна, каб усе ўмелі карыстацца інтэрнэт-тэхналогіямі або сэрвісамі Googlе — гэта эканоміць наш час і фінансы... Больш вострым лічу пытанне адключэння бібліятэк ад сацыяльных сетак (маю на ўвазе Брэсцкую вобласць), бо ні пра якія старонкі або блогі бібліятэчных супольнасцей у такіх умовах і гаворкі весціся не можа.

Прабачце за сумбурнасць, набалела.

З павагай — дырэктар Баранавіцкай ЦБС Вольга Аляксеенка.

P.S.: Усе бібліятэкі горада Баранавічы (сем) маюць электронную пошту і выхад у Інтэрнэт”.

У сваім артыкуле “А навошта нам e-mail?” сакцэнтаваць увагу хацеў зусім на іншай праблеме: устаноўка ў бібліятэках і клубах камп’ютараў з падключэннем да Інтэрнэту не заўсёды выклікае ў культработнікаў цягу да асваення найноўшых тэхналогій. І рашуча не пагаджуся з шаноўнай Вольгай Аляксеенка наконт таго, што пытанне, узнятае ў артыкуле, не такое ўжо і актуальнае. Мяркуйце самі. Да 2015 года камп’ютарамі з Інтэрнэтам, паводле Дзяржпраграмы "Культура Беларусі", будуць абсталяваны ўсе (!) публічныя бібліятэкі краіны. Значыць, найноўшыя тэхналогіі прыйдуць і ў тыя вясковыя паселішчы, дзе пра іх пакуль не ведаюць. Атрымліваецца, супрацоўнікі там не будуць ведаць, як скарыстацца гэтым “падарункам нябёс”, набытым за дзяржаўныя сродкі, — вось у чым праблема. Нагадаю, Дзяржпраграма дзейнічае да 2015-га года. Таму і гаварыць аб пытанні варта і цяпер, і праз год. І менавіта ад сельскіх бібліятэкараў ды клубнікаў залежыць, ці здолеем прывіць азы камп’ютарнай пісьменнасці вясковым жыхарам нават у самых аддаленых і маленькіх паселішчах. Або будзем і далей жыць “па-старому”, “тэлефанаваць, пісаць справаздачы ды завозіць іх у галаўную бібліятэку”?

Гаворку тут варта весці, натуральна, пра кадравы патэнцыял сельскіх бібліятэк і клубаў: у многіх раёнах ён даволі слабы. Але і ад кіраўніцтва той або іншай ЦБС залежыць многае. Чаму б не ладзіць курсы камп’ютарнай пісьменнасці, семінары па інфармацыйных тэхналогіях, адпраўляць на вучобу сваіх супрацоўнікаў? А бібліятэкарам, якія пройдуць падобную “школу”, няблага стварыць пры ўстановах аматарскія аб’яднанні, што стануць зацікаўліваць наведвальнікаў рознага веку найноўшымі тэхналогіямі.

І кажу гэта, паверце, не галаслоўна, бо па пальцах адной рукі магу пералічыць тыя сельскія бібліятэкі, дзе падобныя аматарскія аб’яднанні, з прыцэлам на старэйшае пакаленне, ствараюцца. А не ўзнікаюць яны ў Беларусі з той жа, ужо названай мною, прычыны: бібліятэкары часцяком самі не ўмеюць карыстацца найноўшымі тэхналогіямі, а таксама не надта зацікаўлены ў тым, каб іх асвоіць. Натуральна, нашмат лягчэй стварыць традыцыйнае аматарскае аб’яднанне пад той жа традыцыйнай назвай “Чамучка”: і праверана часам, і клопату менш.

Прабачце за магчымую рэзкасць, але мне таксама набалела.

Што ж да іншай тэмы, узнятай Вольгай Аляксеенка, дык праблема недахопу камп’ютаршчыкаў для ЦБС вартая асобнай размовы. Сёння работнікі, звязаныя з камп’ютарнай сферай, атрымліваюць самыя высокія заробкі ў Беларусі. І сапраўды, як далей праводзіць аўтыматызацыю ды камп’ютарызацыю бібліятэк і клубаў, калі ў гэтых устаноў няма асаблівых фінансавых магчымасцей, каб запрасіць на працу прафесійнага камп’ютаршчыка, а патрабаванні да найноўшай тэхнікі растуць не па днях, а па гадзінах?.. Да гэтай тэмы мы абавязкова вернемся ў адной з наступных публікацый, як і да пытання адключэння бібліятэк ад сацыяльных сетак, паколькі ў шэрагу ўстаноў да апошніх абмяжоўваюць доступ — як супрацоўнікам, так і карыстальнікам. Мусіць, менавіта таму так мала бібліятэкараў сярод чытачоў на нашых старонках у сацыяльных сетках, пра якія паведамляем штонумар.

І апошняе. Паўторымся: артыкулы “К” звернуты ў першую чаргу да вас, шаноўныя чытачы, да тых неабыякавых культработнікаў, якім сапраўды баліць за тыя або іншыя праблемы ў развіцці рэгіянальнай сферы культуры. Гэткім пасылам кіруемся і мы, журналісты газеты. Таму звяртаемся да вас яшчэ раз: давайце абмяркоўваць узнятыя на старонках газеты праблемы, знаходзіць выйсце з той або іншай сітуацыі, працаваць на перспектыву і будучыню.

За водгук жа і актыўнасць шаноўнай Вользе Аляксеенка шчыра дзякуем.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"