Выстаўкі дзейнічаюць, але — без гледачоў...

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Апалону ды Меркурыю стала няўтульна разам: чаму творы ўжо пад час вернісажаў сыходзяць у нябыт?

Памятаеце акуджаваўскае: “Давайте говорить друг другу комплименты…”? Дык давайце. Вельмі хочацца. Пасля кожнай выстаўкі — толькі кампліменты. Пасля кожнага спектакля — толькі кампліменты. Пасля кожнага канцэрта — толькі кампліменты. Пасля кожнага фільма альбо рэспубліканскага ці рэгіянальнага фестывалю — не палохаючыся красамоўных слоў… Мы пакутуем шмат ад чаго. Ад зласлівасці — у тым ліку. Ад вострай недастатковасці сардэчнасці, што вядзе да вострай сардэчнай недастатковасці, статыстыка якой у нас сумная. Як бы яе не прымнажаць? Кожнаму з нас…

І мне, мастацкаму крытыку, які паводле сваёй дзейнасці мае стасункі з самым неабароненым і крохкім — мастаком ды ягоным творам, варта было б стаць гэткім жа кампліментарным. Але што ж зробіш, калі твор, так бы мовіць, не зусім удалы? І калі іншаму мастаку ён таксама “не вельмі”? І калі прычына няўдач, відавочна, — агульная? Ёсць такая формула: “Маўчанне таксама крытыка”. У гарачы час яна асабліва актуальная. Пра няўдачу лепш прамаўчаць. Але як быць з прычынай, што становіцца ўжо тэндэнцыяй? “Сёння не скажаш — заўтра ўжо не паправіць”. Гэта — з іншага паэта.

/i/content/pi/cult/404/8253/1-3.jpeg

Фармальна выстаўкі дзейнічаюць…

А заўтра, баюся, сапраўды ўжо не паправіць. Ведаеце, мастацтва можа весці за сабой, а можа ісці на повадзе. Сёння часцей адбываецца апошняе. Гледачы адвярнуліся ад выставачных залаў — да больш вострых відовішчаў, напрыклад, заезджых, у асноўным “фанерных”, “зорак” расійскай эстрады, акцёраў кіно з гучнымі імёнамі, што прагнуць адхапіць тут, на Беларусі, добрае “бабло”. Таму што, відаць, там, на іх радзіме, яны ўжо прыеліся. А гасцінная Беларусь, якая заўсёды прымае ў сябе і сапраўды таленавітых артыстаў “без фанеры”, і, на жаль, халтуршчыкаў, стала для апошніх своеасаблівым “эльдарада” ці “кландайкам”…

Але многія гледачы аказаліся зусім без відовішчаў: з прычыны пачуцця самазахавання і, так бы мовіць, палохаючыся новых перагрузак. Наогул, фармальна яны, выстаўкі, дзейнічаюць, але — без гледачоў. Панылая карціна: пустыя залы, самотныя наведвальнікі, назіральнікі, якія проста спяць… Вось нашаму Саюзу мастакоў, каб пражыць, і даводзіцца круціцца ды здабываць грошы за кошт камерцыйных выставак як мастацкага, так і чыста гандлёвага кшталту, напрыклад, у Палацы мастацтва. Але і сваіх — не ігнараваць.

Ды і Нацыянальнаму мастацкаму музею не салодка, бо за кошт сучасных беларускіх экспазіцый, на жаль, фінансавага плана не выканаць. Таму кіраўніцтва прыкладае ўсе намаганні, каб “здабыць” такія знакамітыя выстаўкі, як экспазіцыі з брытанскага Музея Вікторыі і Альберта, твораў Марка Шагала з Музея Ізраіля, работ французскіх мастакоў з Нармандыі, мастакоў Парыжскай школы, альбо прымае выстаўкі беларускіх (!) слуцкіх паясоў з замежжа — Масквы і Вільнюса. На падобныя праекты людзі дзявятым валам ідуць. Праўда, і адпаведная рэклама працуе як мае быць. Не тое што ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Саюза мастакоў ці ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва…

Чаго хоча публіка?

А так… Які вынік можа мець імкненне завабіць публіку на выстаўку любым спосабам, дагадзіць ёй любым чынам? Бясплатным шампанскім? Бясплатнымі каляровымі каталогамі з аўтографамі мастакоў? Шоу-прадстаўленнямі ў дзень адкрыцця экспазіцыі з удзелам прывабных дзяўчат? Скандальнымі экспанатамі-інсталяцыямі, дзе няма і намёку на мастацкі густ? Карацей, вынік — сумны: звядзенне мастацтва на патрэбу натоўпу, маскультуры. Калі ж попыт натоўпу абцяжарвае мастака, апошні губляе сваё аблічча. І тады адны і тыя ж самыя метады выкарыстоўваюць мастакі розных школ, пакаленняў, нават талентаў. Не таму, што пазычаюць адно ў аднаго, а таму, што дагаджаюць масам. І — губляюць свой мастацкі густ, падпарадкоўваючыся густам натоўпу альбо, што не менш істотна, патэнцыйным пакупнікам — замоўцам твораў мастацтва, якіх, праўда, у апошнія гады стала зусім мала. Карацей, наплыў адсутнасці густу ператвараецца ў безгустоўшчыну. І што тут скажаш?

Вось 23 лістапада, у дзень адкрыцця Першага Мінскага трыенале сучаснага мастацтва, нейкая творчая “незалежная” група з так званай паралельнай праграмай правяла акцыю пратэсту супраць гэтай выстаўкі. Але гэтае мерапрыемства замест прафесійнага творчага пасылу і аналізу выставачнай канцэпцыі ператварылася ў “барыкадную” акцыю-фразеалогію.

Грыф змяніўся?

Але я — пра іншае. Калісьці над мастацтвам вісеў грыф “Не дазволена”. Білі люстэркі, каб не паказвалі не вельмі “прапарцыянальныя” з’явы-вобразы, што змрочна адлюстроўвалі наша жыццё. Час рэзка змяніў грыф на “Дазволена”. Але на асобных выстаўках хтосьці дзесьці змяняе яго на “Чаго жадаеце?”. Цяпер гэтае пытанне звернута да тых, хто мае “баксы” ды жаданне творам “прэстыжнага” мастака аздобіць свой офіс ці спальню.

А масам нярэдка патрэбен кітч. Я не пра “ню”. Маральнасць народа пакутуе, як мне падаецца, не ад таго, што эрмітажная рэмбрантаўская Даная аголеная, а ад таго, што на яе шызафрэнік з Літвы Бронюс Майгіс летам 1985-га выліў серную кіслату і двойчы парэзаў нажом… Мастацтва не можа быць бясполым. Яно можа быць “немастацтвам”. Ні ў якой ступені не бяруся вынаходзіць формулы. Тут усе крытэрыі — гранічна асабістыя, і, мабыць, аб’ектыўнасць крытыка — у шчырай суб’ектыўнасці. З дзесяці такіх суб’ектыўнасцей, магчыма, і складзецца меркаванне, да якога варта прыслухацца. Я толькі думаю, што мастацтву, паўнавартаснаму і плённаму, дазволена ўсё, што эстэтычна мудра, па-мастацку апраўдана ды асэнсавана.

А калі мастацтва замяняецца дэманстрацыяй “джэнтльменскага” — на сёння — набору другасных прыкмет, яно — дарэмнае. Гутарка ідзе не пра прыкметы полу — гэта кітч учарашні… Размова — пра прыкметы часу. Сёння на выстаўку прыйшоў кітч ад… камерцыі, ад гандлю. Кітч, дзе Апалону ды Меркурыю стала няўтульна разам. Увогуле, я разумею многіх мастакоў: вельмі хочацца адгукнуцца на час ды ягоныя падзеі і даты, якія датычацца, скажам, юбілеяў выдатных дзеячаў беларускай гісторыі, культуры, дзяржаўных святаў. І ўсе нібыта хочуць адгукнуцца. Імкнуцца як мага хутчэй увайсці ў патрэбную “плынь” і ці то адзначыць карцінай, гравюрай або скульптурай юбілеі Купалы і Коласа, Караткевіча і Багдановіча, Танка і Мулявіна, Міцкевіча і Скарыны, ці то “вярнуць” заснавальніка ВКЛ Міндоўга на яго гістарычную радзіму, альбо Дзень Перамогі ці чарговую трагічную дату Чарнобыля… Я нават ведаю аднаго скульптара, які, прымаючы ўдзел у конкурсе на помнік Міндоўгу, не ведаў практычна нічога пра драматычны лёс гэтага чалавека, а прачытаў штосьці пра яго ў энцыклапедыі і потым у рэпрадукцыі пабачыў помнік князю ў Вільнюсе. Дарэчы, як заўсёды, мы спазняемся і ў пытанні ўшанавання імёнаў мінулага, калі размова ідзе пра вяртанне выдатных імёнаў на іх этнічную радзіму — Беларусь.

Урэшце, прыкладаў такога стаўлення мастакоў да “спрадвечнага матэрыялу” можна прывесці шмат. На маіх вачах прайшло многа юбілеяў, на якія нашым мастакам не па закліку сэрца варта было б “адгукнуцца”. І яны — адгукнуліся. З надзеяй, што твор прымуць гледачы і ён будзе набыты нейкім музеем. І — спяшаліся… І — з’яўляліся муляжы “на тэму”. Зараз, праўда, такія надзеі ўсё больш знікаюць, бо колішняя дагаварная сістэма, калі Міністэрства культуры і Саюз мастакоў маглі праз важныя сацыяльныя заказы рабіць дзяржаўную мастацкую “палітыку” ў выяўленчай культуры, на жаль, знікла, а закупкі з рэспубліканскіх ды персанальных выставак сталі зусім рэдкімі з-за недахопу (вы ўжо здагадаліся?) грошай.

Дзіўна, у савецкія часы выяўленчае мастацтва было ў фаворы і добра фінансавалася, калі творцу не трэба было ламаць галаву, як пракарміць сям’ю, як заплаціць за майстэрню і як пражыць на пенсію, калі наша беларускае выяўленчае мастацтва ішло ў авангардзе мастацкіх працэсаў у Савецкім Саюзе і карысталася ўсеагульным прызнаннем.

А што зараз?..

Мастацтва перастае быць патрэбным грамадству і дзяржаве? Хаця, з іншага боку, за апошнія гады ў краіне было створана шмат добрых помнікаў і буйных інтэр’ерных ансамбляў кшталту Нацыянальнай бібліятэкі, гарадской Ратушы, гатэля “Еўропа”, не кажучы пра абнаўленне замкаў у Міры, Нясвіжы, іншых работ, што патрабавалі вялікіх дзяржаўных фінансаў. Ды і для аплаты ганарараў заезджым эстрадным “зоркам” і кінадзівам знаходзяцца казачныя грошы, няхай і спонсарскія. Канешне ж, пытанне — рытарычнае, але куды ад яго дзецца? Аналагічных пытанняў — шмат. Нагадаю, што нядаўна наогул атрымаўся адзіны па-свойму выпадак, калі Міністэрства культуры не прыняло ўдзел у падрыхтоўцы Рэспубліканскай мастацкай выстаўкі, прысвечанай юбілею з дня нараджэння нашых Песняроў — Купалы і Коласа…

Неяк адна студэнтка-журналістка спытала мяне, ці існуюць крытэрыі, па якіх можна выявіць у мастацтве імітацыю, нават самую зграбную. Што я мог ёй адказаць? Што ў мастацтве такіх дакладных крытэрыяў няма? Ці ўсё ж — існуюць? Я асабіста, хутчэй, адчуваю, ці ёсць у дадзенай, скажам, карціне сапраўднасць самавыяўлення і дачынення. Часта тое, што спачатку падаецца золатам, аказваецца потым кучай бітых чарапкоў, як гэта атрымалася ў гогалеўскай аповесці пра Басаўрука і пра тое, што робіцца з багаццем, здабытым несумленным спосабам. Праблема сапраўднасці ў мастацтве — адна з найважнейшых у нашым стагоддзі. Як часта ў сучасным мастацтве сапраўднасць падмяняецца імітацыяй! І зусім не цыркулярным сацрэалізмам (каго ён сёння можа захапіць?) ды не мудрагелістай інсталяцыяй ці “постмадэрнавымі” пошукамі, а нейкай беспардоннай адкрытасцю без адкрыцця. А як процістаяць гэтай несапраўднасці, у аснове якой ляжыць самы даступны спосаб самасцвярджэння?

Як бы ўзгадаць, што “служенье муз не терпит суеты”? Як і служэнне камерцыі, як і служэнне “залатому цяльцу”. Як і жыццё ўвогуле: мы страшэнна мітусімся, адсюль — тлум і безліч твораў, што ўжо пад час вернісажаў адыходзяць “у нябыт” — гэта значыць, назад у майстэрні альбо проста дахаты. Так, правільна, кожная эпоха стварала свой муляж у мастацтве: карціны-муляжы, скульптуры-муляжы, спектаклі-муляжы, тэлефільмы-муляжы, песні-муляжы, кнігі-муляжы…

Аднак, здавалася б, наша шматпакутная, унікальная паводле сацыяльных перападаў эпоха не справіцца з гэтым. Ёй неяк не да гэтага, ды і сорамна. Але, на жаль, муляжы ўжо экспануюцца ў вітрынах нашага напаўкастрыраванага ў інтэлектуальным плане жыцця — муляжы, зробленыя “сацрэалістамі” і “неарэалістамі”, “авангардыстамі” і “канцэптуалістамі”, “постсупрэматыстамі” і “інсталятаршчыкамі”… І прывабліваюць публіку, прынамсі, на шоу-вернісажах, шоу-канцэртах і г. д. Спецыфічную публіку… А можа, мастацтву патрэбен менавіта глядач? Тут ёсць нейкая розніца. Як паміж натоўпам і народам. Як паміж дыялогам і лаянкай. А лаяцца надта ж не хочацца. Куды больш пажадана казаць адно аднаму кампліменты. Магчыма, здолеем калі-небудзь?..

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"