Перш чым выносіць прысуд…

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Частка 2. “Навадзел”, што дасталі з-пад друзу вякоў

(Працяг. Пачатак у № 48.)

...Ля ўзножжа вала непадалёк ад барочнай брамы наведвальнік бачыць невысокі мур з маленькай вежачкай-ратондай. І тут жа згадвае, што да рэстаўрацыі яго не было. Не праглядаецца гэты элемент і на ўсіх вядомых фотаздымках радзівілаўскай рэзідэнцыі. А таму немінуча ўзнікае пытанне: адкуль ён узяўся? І вось, на языку ўжо пачынае круціцца кплівае слова “навадзел”...

А ўслед за гэтым пытаннем узнікае наступнае: ці трэба было аднаўляць з нуля фартыфікацыйныя збудаванні XVI стагоддзя побач з шыкоўным палацавым ансамблем сярэдзіны XVIII-га, які абарончай функцыі ўжо не нясе?

Зрэшты, як адзначыў навуковы кіраўнік аб’екта Сяргей ДРУШЧЫЦ, з нуля нічога аднаўляць і не спатрэбілася, а фрагменты ўмацаванняў мы бачым толькі таму, што яны... захаваліся.

/i/content/pi/cult/404/8252/1-1.jpeg

— Да пачатку рэстаўрацыйных работ руіны фартыфікацыйных збудаванняў былі абвалаваны зямлёй і поўнасцю схаваны ад вачэй, — распавядае архітэктар. — Але ўжо тады мы ведалі пра іх існаванне, бо, як і належыць, пад час комплексных даследванняў дбайна праштудзіравалі архіўныя матэрыялы. Як вядома, толькі ў Мінску — каля 12 тысяч адзінак захоўвання, якія датычацца гісторыі роду Радзівілаў, а ёсць жа яшчэ архівы ў Вільнюсе, Варшаве, Стакгольме... Не магу сказаць, што дасканальна вывучыў усе гэтыя крыніцы — там хопіць тэм яшчэ не на адзін дзясятак дысертацый. Але ж матэрыялы, датычныя гісторыі самога радзівілаўскага котлішча, безумоўна, не абмінуў сваёй увагай.

Археалагічныя раскопкі толькі пацвердзілі архіўную інфармацыю. Мы зусім не былі здзіўлены, знайшоўшы ў нетрах зямлі рэшткі бастыёнаў: дзякуючы старым інвентарам нам ужо было пра іх вядома. Затое здзівіла іншае — стан захаванасці нясвіжскай фартыфікацыі. Яе профілі, выкананыя з гарызантантальна насланых пластоў гліны, дайшлі да нас некранутымі, апорныя сцены сям-там ацалелі на вышыню да чатырох з паловай метраў! І ўсё гэта ладны час праляжала пад слаямі друзу, схаванае ад вачэй.

Чаму тыя ўмацаванні (або хаця б іх парэшткі) не ўбачыш на старых фотаздымках? Тлумачэнні тут — вельмі простыя. Згадайма, напрыклад, дзённікі жонкі Антонія Радзівіла — Марыі Дароты дэ Кастэлян. Яна піша, што ў апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя заспела палацавы комплекс у вельмі занядбаным стане, равы былі проста засыпаны смеццем. Калі дбайная кабета ўзялася за навядзенне парадку, зразумела ж, іх часткова раскрылі і добраўпарадкавалі, але... самыя цікавыя знаходкі трапілі на паверхню толькі ў наш час — стараннямі беларускіх археолагаў.

/i/content/pi/cult/404/8252/1-2.jpeg

Усвядоміўшы, у якім каласальным аб’ёме захаваліся аўтэнтычныя фартыфікацыйныя збудаванні, мы немінуча сутыкнуліся з пытаннем: што з імі рабіць далей? Вядома, можна было проста зноў засыпаць зямлёй — і ўсё. Тады б ніхто, апрача купкі навукоўцаў, пра тыя знаходкі і не даведаўся б. Тым не менш, усё ж вырашылі распарадзіцца імі іначай. Было прынята рашэнне, што адзін бастыён будзе раскрыты і замацаваны, а страчаныя элементы належыць аднавіць. На тое ёсць некалькі прычын.

Мы ўсведамлялі, што для Беларусі кожны такі ацалелы фартыфікацыйны элемент з’яўляецца неацэнна каштоўным. Тым больш, як высветлілася, гэта ледзь не адзінае збудаванне такога кшталту ва Усходняй Еўропе, якое захавалася хаця б настолькі. Забягаючы наперад, магу сказаць, што мы не памыліліся ў сваіх прагнозах: той бастыён нязменна прыцягвае ўвагу наведвальнікаў і часта трапляе на прэзентацыйныя фота.

Да таго ж, калі б мы не зрабілі гэтую работу, не атрымалася б раскрыць і ўключыць у экспазіцыю пяць унікальных падземных збудаванняў, якія цяпер ужо прыведзены ў належны стан ды чакаюць экскурсантаў. А гэта таксама значна абядніла б нясвіжскі тураб’ект.

Дадам яшчэ, што адноўлены быў толькі адзін фрагмент колішніх умацаванняў замка. Іншыя рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў (прыкладам, падпорны мур на другім беразе рова) былі проста закансерваваны, і сёння іх пакуль не ўбачыш.

Кіруючыся Венецыянскай хартыяй ды іншымі міжнароднымі канвенцыямі ў галіне рэстаўрацыі, мы перадусім дбалі пра захаванне аўтэнтычнасці помніка — яго планіроўкі, асяроддзя, выкарыстаных матэрыялаў. Гэта нашы дагматы! І тыя элементы муроўкі, якія з‘явіліся ўжо ў наш час, нават няўзброеным вокам можна лёгка адрозніць ад арыгінальных частак. Тое ж самае, дарэчы, тычыцца і работы з галоўнымі будынкамі комплексу, дзе вы можаце заўважыць і арыгінальныя блокі, і працу ўжо сучасных каменячосаў.

Адзначу, што наша рашэнне было прадстаўлена на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей і атрымала станоўчую ацэнку яе членаў. Дарэчы, мне неаднойчы даводзілася чуць ацэнку зробленай намі работы з боку менавіта прафесіяналаў ад архітэктуры і рэстаўрацыі, і без лішняй сціпласці магу адзначыць, што была яна выключна добрай.

Я таксама задаволены вынікам. Не трэба грэбаваць ніводнай магчымасцю лішні раз нагадаць, што высокая культура (а фартыфікацыю, без сумневаў, належыць успрымаць як яе праяву) была ўласціва нам, беларусам, ужо ледзь не палову тысячагоддзя таму. Нехта тут запярэчыць: дык замак жа, маўляў, будавалі замежныя дойліды ды майстры, той жа Бернардоні. Гэта сапраўды так. Але мала хто ведае, што кантракты, якія Радзівілы заключалі з італьянцамі, немцамі, галандцамі, абавязкова ўтрымлівалі і такі пункт: наняты замежны майстар мусіў узяць сабе ў вучні сем мясцовых хлапцоў ды перадаць ім свае навыкі. Так нараджаліся школы, якімі мы маем поўнае права ганарыцца!..

(Працяг будзе.)