Зорная прастора

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Штогадовыя канцэрты лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі сталіся добрай традыцыяй. З кожным годам талентаў, падтрыманых дзяржавай, усё большае. Таму не дзіва, што сёлета замест аднаго справаздачнага канцэрта адбылося два: у лютым — акадэмічны, а зараз, у снежні, — эстрадны.

/i/content/pi/cult/404/8251/2-2.jpeg

На сцэну Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра выйшлі не толькі спевакі, хаця іх, вядома, было больш: юная Саша Няхай выступіла ў дуэце з Пятром Ялфімавым, Інга Кісялёва паўстала жывым увасабленнем мулявінскай "Чырвонай ружы", Маша Новік з Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна замахнулася пераспяваць саміх бітлоў, таксама мы пачулі Крысціну Святлічную, Мішу Ліла, Тэатр песні "Хвілінка" ды многіх іншых. Канцэртная праграма аказалася прасякнута думкай, што эстрада — гэта яшчэ і інструментальная музыка (ансамбль скрыпачоў "Капрыс" Мінскага музычнага каледжа, біг-бэнд сталічнай Дзіцячай музычнай школы № 14), а таксама сучасная харэаграфія, цыркавое майстэрства.

/i/content/pi/cult/404/8251/2-4.jpeg

Сапраўдным упрыгожаннем вечара сталі выхады навучэнкі харэаграфічнага каледжа Валерыі Грудзінай і ансамбля харэаграфіі БДУКіМ з яркімі сучаснымі нумарамі. Дадамо, што апошні калектыў літаральна напярэдадні трымаў яшчэ адну справаздачу: ладзіў сольны вечар на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады. І — ператварыў праграму ў цэласны завершаны спектакль, сатканы з адметных мініяцюр, пастаўленых выкладчыкамі і, што вельмі важна, самімі студэнтамі кафедры. Не менш важна і тое, што ўсе кампазіцыі былі рознымі — не толькі "лепшымі" ды "проста добрымі", але і вырашанымі ў розных стылістыках ды тэхніках: маўляў, нам усё падуладна, а фантазіі няма межаў.

/i/content/pi/cult/404/8251/2-5.jpeg

Кульмінацыяй канцэрта лаўрэатаў фонду сталі абодва нумары цыркавой студыі "Арэна" з Мазыра. Гэта быў найвышэйшы пілатаж — неверагодныя гімнастычныя трукі і, адначасова, іх сэнсавае напаўненне, прасякнутае нацыянальнай ды касмічнай тэмамі. Дарэчы, мазырчане былі не адзінымі прадстаўнікамі рэгіёнаў: ад Віцебшчыны прыехалі Наста Васільева і Максім Пісарэнка, ад Магілёўшчыны — цэлая "анёльская" дэлегацыя на чале з Лідзіяй Заблоцкай. Таму канцэрт "Таленты Беларусі" ў чарговы раз даказаў, што зоркі (а фінальная песня Яўгена Алейніка, праспяваная Веранікай Цыкуновай і ўсімі ўдзельнікамі, так і называлася: "Зорная прастора") свецяць не толькі ў сталіцы…

/i/content/pi/cult/404/8251/2-6.jpeg

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"