У гонар Песняроў

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармрніі адбудзецца ўрачысты вечар, прысвечаны завяршэнню юбілейнага года народных Песняроў Беларусі — Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Сярод афіцыйных асоб, якія возьмуць у ім удзел, — міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, кіраўніцтва Аршанскага, Лагойскага, Маладзечанскага і Стаўбцоўскага раёнаў.

Праграма канцэрта складаецца з выступленняў Тэатра песні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Пятра Ялфімава і Ганны Благавай, саліста Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі Дзмітрыя Качароўскага, Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята", беларускіх пісьменнікаў, акцёраў драматычных тэатраў ды іншых.

П.В.

11 — 12 снежня ў Гродне прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа з удзелам навукоўцаў, краязнаўцаў, супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк, пісьменнікаў з Беларусі, Польшчы, Латвіі. Арганізатарамі выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага.

Як паведаміла карэспандэнту "К" дырэктар бібліятэкі Лідзія Мальцава, канферэнцыя выклікала цікавасць і цягам двух дзён збірала поўныя залы ўстановы. У першы дзень у рамках канферэнцыі прайшоў канцэрт, а таксама былі ўручаны прызы пераможцам конкурсу "Песнярам роднай зямлі", пры падтрымцы ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, на лепшае эсэ і лепшы верш.

У другі дзень адбыліся адкрыты агляд літаратуры, прысвечанай беларускім Песнярам, пленарнае пасяджэнне з прадстаўленнем даследаванняў іх творчасці, урок-прэзентацыя ў дзіцячым філіяле бібліятэкі. Ганаровай госцяй была ўнучка Якуба Коласа Вера Данілаўна. Па словах Лідзіі Мальцавай, яна вельмі яскрава распавяла пра жыццё і побыт сям’і Коласа.

У бліжэйшай будучыні ўпраўленне ідэалагічнай работы Гродзенскага выканаўчага камітэта, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і абласная навуковая бібліятэка правядуць дабрачынную акцыю ў гонар Элізы Ажэшка. Будзе дзейнічаць дамова з мастакамі, якія перададуць у дар свае карціны, што выставяць на аўкцыёне, а на атрыманыя грошы тромстам малечам (сіротам і дзецям-інвалідам) будзе ўручаць калядныя падарункі актрыса ў вобразе Элізы Ажэшка.

М.С.