На радзіме "Бібліі" Скарыны

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

З 10 па 12 снежня ў Празе прайшлі Дні Францыска Скарыны.

Мерапрыемства было прымеркавана да 495-й гадавіны беларускага кнігадрукавання і 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Чэшскай Рэспублікай, якое будзе святкавацца на пачатку студзеня 2013-га.

Арганізацыяй Дзён займалася Пасольства Беларусі ў Чэхіі пры садзейнічанні Міністэрства культуры і Саюза кампазітараў нашай краіны.

Памяць пра Скарыну ўшанавалі канцэртамі арганнай і камернай музыкі. Увазе пражскай публіцы былі прапанаваны творы сусветнай класікі і сучасная беларуская музыка ў выкананні полацкіх ды сталічных артыстаў. Да памятнай шыльды Францыску Скарыну ў Славянскай бібліятэцы ў Клементыуме і да помніка асветніку на Градчанах былі ўскладзены кветкі. У часе Дзён першадрукара прайшлі перамовы і была дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве паміж Беларускім саюзам кампазітараў і Славянскай бібліятэкай.