Пачынаем з "…Легенды"

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Заўтра ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі адкрываецца ІІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Ён збярэ каля 200 гасцей з 18 краін свету: артыстаў, дырэктараў оперных тэатраў замежных краін, музычных крытыкаў.

У праграме сёлетняга форуму — усяго чатыры спектаклі, але ж якія! Усе тры — пастаноўкі нашага тэатра, у якіх возьмуць удзел запрошаныя замежныя салісты — прэм’ерныя. Асабліва прыемна, што распачнецца форум нацыянальным творам — "Сівой легендай" Дзмітрыя Смольскага паводле Уладзіміра Караткевіча. Паказальна, што ў гэтым спектаклі, які ідзе на беларускай мове, таксама будзе спяваць заслужаны артыст Расіі, вядучы саліст Вялікага тэатра ў Маскве Раман Муравіцкі. У адпаведнасці са сваім імем ён выканае партыю шляхціча Рамана. Ажно чатыры расійскія салісты збяруцца ў "Князі Ігары" А.Барадзіна, які аднаўляўся ў нашым тэатры (у новай рэдакцыі, але таго ж самага рэжысёра Юрыя Аляксандрава) спецыяльна да гэтага форуму. У "Яўгеніі Анегіне" П.Чайкоўскага цэнтральныя партыі выканаюць салісты Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра. Адной з кульмінацый абяцае стаць прыезд Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета, які пакажа "Зігфрыда" Р.Вагнера — оперу, што ніколі не ішла на нашай сцэне.

/i/content/pi/cult/404/8247/1-2.jpeg

Адметнасцю сёлетняга форуму стане і тое, што ў яго рамках адбудзецца прэстыжны Міжнародны конкурс спевакоў — выканаўцаў італьянскай оперы. Колькі гадоў ён праводзіўся ў Германіі, летась прайшоў у Вялікім тэатры Расіі, а сёлета эстафету прыме наш тэатр, што вельмі пачэсна. Трое лаўрэатаў конкурсу возьмуць удзел у заключным гала-канцэрце форуму разам з сусветна вядомымі майстрамі сцэны.

Сімвалічна і тое, што гэты буйны оперны форум, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры нашай краіны, Мінгарвыканкам і непасрэдна Вялікі тэатр Беларусі, праходзіць пры падтрымцы "Беларусбанка", які сёлета святкуе сваё 90-годдзе. І — абяцае "сябраваць" з нашай операй і надалей.

Н.Б.