"Таўкачыкі" — на Каляды

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

23 снежня ў Канцэртнай зале "Мінск" адбудзецца сольны канцэрт гурта "Юр’я" з праграмай "Таўкачыкі на Каляды". Праект фінансава падтрыманы Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

"Юр’я" — гэта праект этнографа-фалькларыста, музыканта і кампазітара Юрыя Выдронка, добра вядомага сваімі арыгінальнымі эксперыментамі са старажытнаславянскай і індаеўрапейскай музыкай, стваральніка праектаў "Палац", "Крыві", а таксама фольк-мадэрн-фэсту "Таўкачыкі".

Канцэрт адбудзецца 23 снежня — у першы дзень зімовага сонцастаяння. У канцэртнай праграме прымуць удзел бабулі — жывыя носьбіты старажытных абрадаў, калектывы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў "Грамніцы", "Ветах", "Талака", струнны квартэт "Аніма", малыя склады духавога i эстраднага аркестраў, студыя індыйскага танца "Наваратна" і гурт "Relikt". Таксама чакаецца выступленне госця з Польшчы — мультыінструменталіста Барталамея Леха Палыгі.

А за два дні да гэтага, 21 снежня, у камернай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца яшчэ адзін фальклорны праект — "Posth folk-projekt "Колаварот". Мэта канцэрта — паказаць яскравыя і цікавыя прыклады адлюстравання музычнага фальклору Польшчы і Беларусі ў творчасці прафесійных кампазітараў.

Ю.Ч.