"Цудоўныя звесткі" пра...

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Справай вяртання вывезеных у свой час з Беларусі гісторыка-культурных каштоўнасцей працягвае займацца Музей гісторыі горада Магілёва. Як вядома, дзякуючы ініцыятыве ўстановы і прыхільнікаў айчыннай гісторыі ў нашу краіну быў вернуты арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага.

Дырэктар музея Аляксей Бацюкоў кажа, што цяпер працягваецца збор сродкаў для пакупкі кнігі Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі". Выданне мае 304 старонкі тэксту, а таксама 22 табліцы з 206 малюнкамі. Адметна, што ўсе графічныя табліцы ў выданні выкананы Якубам ван Мэйрсам, а малюнкі зроблены самім Семяновічам, які тым самым праявіўся не толькі як вучоны, але і здольны мастак. На сёння, дзякуючы водгуку шырокай грамадскасці, сабрана, у эквіваленце, ужо больш за шэсць тысяч долараў ЗША.

Але не толькі кнігай выдатнага вучонага Казіміра Семяновіча плануе папоўніць свае экспазіцыі Музей гісторыі горада Магілёва. Сярод іншых прыярытэтных і патэнцыйных экспанатаў, якія зараз выстаўлены на продаж калекцыянерамі, — эскіз да карціны В.Бялыніцкага-Бірулі "Веснавыя воды" 1930 года. Пры гэтым твор пакуль знаходзіцца ў прыватнай асобы ў Польшчы і выстаўлены на аўкцыёне коштам у дзесяць тысяч долараў.

Вялікая ўвага Магілёўшчыне і, у прыватнасці, Мітрапаліту Станіславу Богуш-Сестранцэвічу нададзена ў яшчэ адной кнізе, якую хацеў бы бачыць музей у сваёй калекцыі, — "Цудоўныя звесткі ад езуітаў з Беларусі". Выданне выпушчана ў 1785 годзе ў Франкфурцка-Лейпцыгскім выдавецтве і распавядае пра становішча езуітаў ды Каталіцкай Царквы на беларускіх землях, далучаных у ХVІІІ ст. да Расійскай імперыі. На жаль, кніга была знята з продажу, а таму музей вырашыў правесці акцыю па выданні гэтай кнігі па падпісцы. Дзякуючы наяўнасці яе электроннага варыянта, зараз ажыццяўляецца пераклад выдання з нямецкай мовы валанцёрамі і адбываецца публікацыя асобных яго частак на сайце музея. Як адзначыў Аляксей Бацюкоў, тыраж кнігі будзе абмежаваны колькасцю заявак, таму кожны, хто жадае набыць надрукаваны экзэмпляр, мусіць даслаць замову на электронную пошту музея.