Прызначаны міністр культуры

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка прызначыў Барыса Святлова міністрам культуры Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт чакае, што з прыходам новага міністра культуры ў развіцці гэтай сферы будзе зроблены значны крок. Ён адзначыў, што Барыс Святлоў у гэтай сферы  — чалавек не новы: "Вы рыхтавалі кадры для Міністэрства культуры і культуры ўвогуле. І павінен сказаць, што вы не проста не пагоршылі сітуацыю ва Універсітэце культуры, а значна палепшылі там работу і арганізацыю справы, таму я з вялікай надзеяй гляджу на вашу будучую працу ў Міністэрстве культуры. Спадзяюся і думаю, што гэта будзе значны крок наперад, пры ўсіх праблемах і цяжкасцях у нашай культурнай сферы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы Міністэрства культуры ведаеце вельмі добра. Вас добра ведаюць, паважаюць. І вы адносна збоку бачылі гэтыя праблемы, ведалі недахопы нашай сферы культуры і зможаце значна дабавіць у гэтым напрамку".

/i/content/pi/cult/404/8244/1-1.jpeg

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі на ўсіх узроўнях, ад сельскай мясцовасці да Мінска, створана добрая інфраструктура ўстаноў культуры: "У кожным аграгарадку ёсць Дом культуры, і нядрэнны. Ніводная краіна не можа пахваліцца такой вертыкаллю інфраструктуры ад вёскі да сталіцы".

Асаблівую ўвагу беларускі Лідар папрасіў звярнуць на ўзвядзенне новага будынка Музея Вялікай Айчыннай вайны. "Гэта павінен быць храм, вельмі добры музей", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама даў даручэнне па далейшым развіцці Нацыянальнага гістарычнага музея: "Трэба паглядзець на гэтыя экспазіцыі, падысці па-дзяржаўнаму, так, як гэта прынята ў нашай краіне, і каб гэта ішло ад народа".

Яшчэ адзін важны напрамак працы новага міністра заключаецца ў рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій вытворчасці слуцкіх паясоў. "Нам трэба гэты праект развіваць, зрабіць яго дастойным і нефальшывым. Трэба аднавіць тую вытворчасць. Няхай мы няшмат спачатку будзем вырабляць гэтых паясоў, але гэта павінны быць узоры не горшыя, чым яны былі ў свой час", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў наконт хутчэйшага завяршэння рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: "Мне абяцаюць, што ў новым тэатры на гэтай пляцоўцы "Паўлінка" з’явіцца ў новым прачытанні. Я з задавальненнем прыйду, пагляджу, і мы адкрыем гэты тэатр. Гэта будзе адзін з лепшых тэатраў Еўропы. Там па апошнім слове тэхнікі ўсё зроблена: і сцэна, і ўмовы для артыстаў". У цэлым беларускі Лідар адзначыў, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб творчыя работнікі маглі сябе праявіць.

У панядзелак адбылося ўрачыстае прадстаўленне калектыву Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь яго новага кіраўніка.

Віце-прэм’ер Урада Беларусі Анатоль Тозік на пачатку сустрэчы падзякаваў Паўлу Латушку за ягоную плённую працу на пасадзе міністра культуры Беларусі. Прадстаўляючы Барыса Святлова, віцэ-прэм’ер зазначыў, што гэта вопытны і высокакваліфікаваны чалавек, які ўжо доўгі час працуе ў сферы культуры Беларусі, і пажадаў новаму міністру поспехаў у працы на новай пасадзе.

У сваю чаргу, Барыс Святлоў падкрэсліў, што ягоная праца будзе грунтавацца на традыцыях пераемнасці, на ўсім тым плённым, што зрабілі ягоныя папярэднікі на гэтай пасадзе, — для далейшага сістэмнага развіцця сферы культуры Беларусі.

СВЯТЛОЎ Барыс Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Мінску. У 1980-м годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна.

У 1980 — 1989 гадах — старшы лабарант, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. У 1989 — 1990-м — член рэдакцыйнай калегіі ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры БССР. У 1990 — 1991 гадах — памочнік міністра культуры БССР.

У 1991 — 1994-м — намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь.

З мая 1994 года па снежань 1994-га — начальнік аддзела кінавідэамастацтва Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь.

Са студзеня 1995 года па жнівень 1995-га — намеснік дырэктара фінансава-інвестыцыйнай кампаніі "Фінансы і актывы".

У 1995 — 1998-м — намеснік дырэктара, дырэктар Фонду падтрымкі беларускай культуры.

У 1998 — 2003-м — начальнік аддзела кінавідэапрадукцыі, начальнік аддзела арганізацыі інфармацыі, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы "Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь".

У 2003 — 2008 гадах — рэктар прыватнай установы адукацыі "Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва".

У 2008 — 2012-м — рэктар установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў".

У снежні 2012 года прызначаны міністрам культуры Рэспублікі Беларусь.