Пальюка ў Мінску

№ 50 (1072) 15.12.2012 - 22.12.2012 г

17 снежня ў актавай зале Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта з нагоды 182 гадавіны з дня смерці нацыянальнага героя Венесуэлы Сімона Балівара пройдзе канцэрт Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам венесуэльскага маэстра Анжэла Пальюка з удзелам трамбаніста Дамінга Пальюка Наррада.

Акцыя адбудзецца ў рамках культурных мерапрыемстваў, якія арганізуюцца Пасольствам Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь.

Як паведамілі ў Пасольстве, гэта далёка не першы візіт у нашу краіну маэстра Пальюка, які на працягу доўгай прафесійнай кар’еры выступаў у лепшых канцэртных залах свету. З 2009 года ён прымае ўдзел у культурных мерапрыемствах, што арганізуюцца Дыпламатычнай місіяй яго краіны ў Беларусі, сумесна з прызнанымі нацыянальнымі і міжнароднымі аркестрамі ў розных гарадах Беларусі. Яго апошняе выступленне ў Мінску адбылося сёлета разам з музычным калектывам "Big Band Jazz de las Americas" у рамках XIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, дзе Венесуэла была абвешчана Ганаровым госцем.

У гэты прыезд на Беларусь Анжэла Пальюка падрыхтаваў чарговы сюрпрыз для беларускай публікі. Гаворка ідзе пра яго сына — трамбаніста Дамінга Пальюка Наррада, які прыбыў у нашу краіну ўпершыню. Натхнёны сваім бацькам, ён пачаў займацца музыкай яшчэ ў раннім узросце.