Залаты кабыз

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры была падпісана Дамова пагаднення аб далейшым супрацоўніцтве з Карагандзінскім акадэмічным тэатрам музычнай камедыі.

Абмен афіцыйнымі дакументамі і падарункамі (госці падарылі нашаму тэатру залаты кабыз — сувенірную выяву свайго нацыянальнага інструмента) адбыўся проста на сцэне нашага тэатра, непасрэдна перад спектаклем "Аднойчы ў Чыкага" з удзелам гасцей з Казахстана — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Алены Філінковай і Андрэя Шкалдычэнкі.

Цяперашні сумесны спектакль стаўся далёка не першым прыкладам творчага супрацоўніцтва. У верасні наша пастановачная каманда ў складзе рэжысёра Сусанны Цырук, мастака Любові Сідзельнікавай і харэографа Алены Лаўрыновіч ажыццявіла ў Карагандзе прэм’еру аперэты Аскара Штраўса "Сэрца карсіканкі". Адным з прэм’ерных спектакляў дырыжыраваў наш Мікалай Макарэвіч. Ды і нашы салісты сталі частымі гасцямі ў Казахстане.

"Аднойчы ў Чыкага", дарэчы таксама ставіла ў Карагандзе Цырук, яшчэ ў 2005 годзе. Дзякуючы гэтаму і стала магчымым увядзенне салістаў-гасцей у гэты складаны спектакль, насычаны нечаканамі мізансцэнамі ды пластыкай. Любяць свае партыі і самі артысты. Калектывам нашага тэатра ў іх адбыліся дзве рэпетыцыі, пад час якіх усе хутка знайшлі агульную мову. Але можна было заўважыць і элементы індывідуальнага прачытання: у гасцей пераважалі буйныя штрыхі, яркія сродкі пародыі, у нашых артыстаў — больш тонкія, "пастэльныя", псіхалагічныя фарбы. Можа, у гэтым і ёсць адрозненне нашай нацыянальнай вакальнай школы?..