Прыручыць “птушку шчасця”

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Крычаўшчына: цуды выцінанкі

Адным з вядучых майстроў выцінанкі ў Падняпроўскім рэгіёне з’яўляецца член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, выкладчык Крычаўскай ДШМ Наталля Бярнадская. Гэтым відам мастацтва яна займаецца больш за дваццаць пяць гадоў. Не так даўно творца правяла чарговы семінар-практыкум для спецыялістаў раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў, кіраўнікоў гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мерапрыемства арганізаваў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.

/i/content/pi/cult/403/8238/1-2.jpeg

Наталля Бярнадская расказала пра гісторыю выцінанкі, асноўныя прыёмы выразання і віды папяровай выразкі. Потым яна правяла майстар-клас па стварэнні віншавальнай паштоўкі ды розных аб’ёмных вырабаў: падвеснай ажурнай птушкі, каляднага анёла, сняжынкі, ёлачнага ўпрыгожання… Дарэчы, дызайн гэтых твораў — аўтарскія распрацоўкі Наталлі Мікалаеўны, якімі яна шчодра дзялілася з калегамі, раздаючы шаблоны для капіравання.

— Першым маім настаўнікам была мая бабуля Ганна Фёдараўна Сямёнава, якая выразала ручнічкі ды сурвэткі для аздаблення хаты, а я паўтарала за ёй, — распавядае майстрыха. — Потым я навучалася ў Крычаўскай ДШМ, у Магiлёўскiм вучылiшчы культуры, Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце культуры і мастацтваў… У 1999 годзе стала стыпендыяткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi за адну са сваіх работ — “Дрэва жыцця”…

/i/content/pi/cult/403/8238/1-3.jpeg

Наталлю вабяць міфалагічныя вобразы, народныя святы: Купалле, Багач, Каляды, Саракі, Вялікдзень… Ім яна прысвячае многія свае работы, сярод якіх — творы станковага характару, складаныя шматслойныя пано. Нават неабазнаны чалавек заўважае, колькі ў іх народнага каларыту і фальклору. А калі прыглядзішся, бачыш, наколькі тонка выразаны ўзоры — бы намаляваныя... Адметныя сваёй арыгінальнасцю выкшталцоныя паштоўкі Наталлі: на іх расцвітаюць ажурныя кветкі, мілуюцца галубкі, усміхаюцца коткі… І ва ўсім — адточанае майстэрства ды непаўторны стыль.

Цяпер майстрыха паглыбляе веды ў стварэнні аб’ёмных вырабаў. Сярод іх — ажурныя падвесныя птушачкі, што прышліся даспадобы ўдзельнікам семінара. “Птушкі шчасця”, — так называлі творы Бярнадскай шматлікія пакупнікі на “Славянскім базары ў Віцебску”…

Стварыць падобную прыгажосць здольны практычна кожны, нават дзіця. Прынамсі, у Наталлі ёсць вучні шасцігадовага ўзросту. Як некалі і ён настаўніца, яны захапляюцца папяровымі карункамі і ўжо робяць у гэтым мастацтве пэўныя поспехі. Да прыкладу, выхаванцы Бярнадскай прымалі ўдзел у афармленні экспазіцыі дзіцячых падворкаў на Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах…

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы