Што такое кніга-аўтамабіль?

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Лідчына: музейныя навацыі

Цягам года ў Лідзе прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Кнізе. А адна незвычайная кніжная выстаўка працуе сёння ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.

Яна мае назву “Падарожжа ў свет кнігі” і размясцілася ў літаратурным аддзеле. Асноўнымі экспанатамі з’яўляюцца кнігі, створаныя сваімі рукамі, — так званы хэнд-мэйд.

У экспазіцыі, да прыкладу, можна ўбачыць “незвычайныя” кнігі, выкананыя, натуральна, у адным экзэмпляры. Тут ёсць кніга-святлафор з правіламі дарожнага руху, кніга-гармонік з калыханкамі, кніга-замак з гісторыяй Лідскага краю, кніга-кошык з цікавымі загадкамі, кніга-аўтамабіль з узорамі транспартных сродкаў... Усе гэтыя выданні падрыхтаваны творчай групай педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі Лідчыны.

Для стварэння іншых кніг выкарыстаны разнастайныя матэрыялы: прыкладам, выданне, зробленае пры дапамозе насовак, знаёміць з загадкамі, кніга-гербарый змяшчае на мешкавіне ўзоры злакавых раслін, кніга на дысках дае першыя веды па нотнай грамаце… Ёсць нават кніга, створаная пры дапамозе пластмасавых дошчачак, а на некаторых старонках іншых самаробных выданняў малюнкі выкананы пры дапамозе круп: грэчкі, рысу, кукурузы, проса...

А яшчэ ўсе наведвальнікі выстаўкі, завітаўшы ў музей, адразу трапляюць у казку, па якой можна падарожнічаць разам з кнігай-тэатрам, кнігай-калабком, кнігамі-цацкамі, кнігамі-сюрпрызамі... Не варта і казаць, што выстаўка карыстаецца вялікім попытам у жыхароў і гасцей Ліды, якія завітваюць сюды ўсёй сям’ёй.

Наталля ХАЦЯНОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея