Дырыжор сям’і

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Ровенскія: дынастыя і ансамбль

Першы Рэспубліканскі конкурс “Сям’я года-2012” стаў шчаслівым для Магілёўшчыны: сям’я Глазковых з абласнога цэнтра атрымала Гран-пры. А першае месца — за сталіцай: у сям’і Ровенскіх, дынастыі музыкаў. “Галава” сям’і Дзмітрый РОВЕНСКІ не першае дзесяцігоддзе кіруе ансамблем “Дударыкі” і аматарскім калектывам “Мінскія музыкі”.

Два гады таму яму было прысвоена званне “Мінчанін года” ў галіне культуры. У ягонай жонкі Лідзіі Сяргееўны амаль трыццацігадовы педагагічны стаж. Дачка Марыя працуе менеджарам па рэкламе, сыны Віталь і Васіль маюць тэхнічныя прафесіі, унукі займаюцца ў калектыве “Дударыкі”. А ўсе разам яны — сямейны ансамбль, які ўсё павялічваецца колькасна: у 1997-м у ім было пяць чалавек,
у 2007-м — дзевяць, зараз калектыў складаецца з трынаццаці ўдзельнікаў. Гэты мінскі ансамбль з’яўляецца “спадкаемцам” ансамбля капыльскага, дзе малады Дзмітрый у 1962 годзе пачынаў граць з бацькам.

Пасля завяршэння конкурсу наш карэспандэнт ад імя “Культуры” павіншаваў Дзмітрыя Ровенскага і ягоную сям’ю з перамогай на “Сям’і года-2012”:

 — Дзякуй! За Глазковых шчыра рады: пасябравалі з імі ў часе конкурсу. Я бачыў, на што яны здольныя, і нават казаў Мікалаю Віктаравічу: менавіта нашы сем’і будуць “дзяліць” Гран-пры ды першае месца. Так і атрымалася. Глазкоў, дарэчы, запрасіў нас у Магілёў, абяцаў паспрыяць выступленням, забяспечыць транспартам…

/i/content/pi/cult/403/8235/1-1.jpeg

— А ці часта ансамбль збіраецца разам на сцэне?

 — Нашы дзеці граюць у “Мінскіх музыках”, унукі — у “Дударыках”. А вось сямейным ансамблем Ровенскіх, калі казаць пра выступленні на радзіме, мы збіраемся не надта часта. За мяжой жа ладзім канцэрты разоў у дзесяць часцей, чым дома.

 — Чаму?

 — Не клічуць. Мабыць, мы ў якасці артыстаў-аматараў не запатрабаваны. Сёння на фестывалях народнага мастацтва рэй вядуць прафесіяналы, змагаюцца кансерваторыі. А ў нашым сямейным ансамблі толькі я прафесіянал: скончыў музычнае вучылішча, а потым — Універсітэт культуры, маю дыплом дырыжора. Але ўжо ў дванаццаць я сам навучыўся іграць на дванаццаці інструментах. Спачатку выступаў у мастацкай самадзейнасці з бацькам. Ён быў звычайны міліцыянер, але добра граў на гавайскай гітары. А потым маім ансамблем стала мая сям’я…

Калісьці ў нас быў фестываль “Мінскі гармонік”, які ладзіўся пад эгідай “Мінскканцэрта”. Цяпер жа падобныя імпрэзы ў сталіцы адбываюцца дзякуючы грамадскай ініцыятыве. Але яна не заўжды мае падтрымку. Памятаю, на 60-ю гадавіну Перамогі я прапанаваў зладзіць па галоўным праспекце Мінска шэсце не менш як ста гарманістаў. Усю арганізацыю браў на сябе. Не зацікавіла ідэя нікога…

 — У якіх краінах пабывалі Ровенскія?

 — Мы выступалі недзе ў сарака краінах. Толькі сёлета былі ў Аўстрыі і двойчы — у Польшчы, прычым абодва разы прывезлі дадому Гран-пры. У заходнюю краіну-суседку нас клічуць ізноў, а паколькі мы — у статусе пераможцаў, аргкамітэт бярэ на сябе фінансаванне нашай паездкі. Надзвычай цікавай была вандроўка ў Аўстрыю. Там мы прымалі ўдзел у фестывалі, арганізатары якога раз на год збіраюцца на месцах вялікіх бітваў, ладзяць гістарычныя рэканструкцыі баталій. І ўсё гэта суправаджаецца культурнай праграмай. Фізічна было цяжка. У дзень — два шэсці. Стаяць на пляцы даводзілася па чатыры гадзіны. Спякота — +36 градусаў, а мы — у сцэнічных касцюмах… Але вельмі спадабалася дзецям. Мы жылі на тэрыторыі ваеннай базы, і дзеці лазілі па танках... У наступным годзе плануецца фэст у Германіі — у Лейпцыгу. Мы зноў запрошаны. Дарэчы, у Аўстрыі мы атрымалі спецыяльную ўзнагароду за развіццё народнай культуры.

 — Вы бачылі фестывалі замежныя і ведаеце нашы. На чыю карысць параўнанне?

 — Маштабы розныя. Скажам, фестываль на Тайвані: 70 краін- удзельніц. Нам такое і ўявіць цяжка…

 —Якой вам бачыцца перспектыва народнага музычнага мастацтва ў Беларусі?

 — Мяне непакоіць, калі нейкую творчую групу ледзь вылучаюць сярод іншых і “прызначаюць” быць узорна-паказальнай. Гэта, як правіла, не лепшым чынам адбіваецца на творчасці. Яшчэ адна праблема ў тым, што сыходзяць з жыцця майстры ды знаўцы народнага мастацтва, і не заўжды ім знаходзіцца вартая замена. Тыпова ўсё выглядае так: раней быў ансамбль з поўным наборам унікальных беларускіх інструментаў, а цяпер аркестр складаецца з двух баянаў…

Аднак я не стаў бы драматызаваць сітуацыю. Існуе велізарная цікавасць да народнай культуры. Нядаўна ў гімназіі, дзе я выкладаю, мы праводзілі майстар-клас па беларускай народнай музыцы для прафесіяналаў з пятнаццаці кран. Нашы госці былі ў захапленні!.. Шмат у чым справу робяць энтузіясты. І гэта дае падставы для аптымізму…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"