Клуб-музей: чатырнаццаць ідэй

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Бізнес-план дырэктара ўстановы новага тыпу

“Настольнай кнігай” загадчыка старавасілішкаўскага Клуба-музея Чэслава Нэмэна Уладзіміра Сянюты яшчэ ўвесну стаў зялёны нататнік, дзе некалькі старонак займае праект бізнес-плана развіцця ўстановы. Усё ў ім — канкрэтна, абдумана, выбудавана па пунктах, якіх на той час было чатырнаццаць. Нават — без выпраўленняў.

Што ж найперш патрэбна вясковай установе культуры, калі райвыканкам у яе лёсе ўдзел прымае, ёсць неабыякавыя папулярызатары са сталіцы, падтрымка ад мясцовых прадпрыемстваў, што атрымана і дзякуючы аўтарытэту ў раёне самога Сянюты?

— Першы пункт — запісы твораў Нэмэна, якія нас просіць прадаць кожны. Адпаведна, патрэбен той, хто зможа забяспечыць выкананне аўтарскіх правоў і выпусціць самі запісы. Як і жаданне захаваць памяць пра наведванне ў выглядзе паштовак ці буклетаў. Сувенірнае пытанне — актуальнае. Лік наведвальнікаў музея ў Старых Васілішках расце: на летні квартал іх колькасць перавальвае за тысячу!

— Здымаючы стужку пра Марка Шагала, — дзеліцца разважаннямі на гэтую тэму кінасцэнарыст Вера Савіна, адзін з ініцыятараў з'яўлення ўстановы, — даведалася, што ў віцебскіх музейшчыкаў няма правоў на ўзнаўленне работ Шагала на ўласнай паліграфічнай прадукцыі. Але яны зрабілі брэндам сам адрэстаўраваны Дом-музей мастака. Адносна ж старавасілішкаўскай установы мне бачацца тры серыі паштовак: дзіцячыя і юнацкія гады Нэмэна, мясцовыя краявіды і, вядома ж, мясцовы касцёл ды сам дом музыканта....

А я б прапанаваў павесіць ля весніц паштовую скрыню, куды можна закінуць паштоўку з тэматычнай “карцінкай” і фірменным штэмпелем.

— Важны момант — захаванне музейнага будынка. Усё ж хаце амаль стагоддзе, трынаццаць гадоў, да 2010-га, яна стаяла закінутая, калі закрылі краму. Пажадана прывесці некаторыя дэталі ў адпаведнасць з аўтэнтычным станам: скажам, дах цяпер пакрыты шыферам, а так не было адпачаткова. Наогул, за дом узяліся, калі ён быў у “кепскаватым стане”. Як тагачасны старшыня сельсавета зацыраваў дах, скасіў траву вакол, нешта падфарбаваў. Печы былі абернутыя, але захаваліся, як і падлога, па якой хадзіў Нэмэн, маем і люстэрка сям’і Выджыцкіх, крыж у драўляным модулі. Адзін з музейшчыкаў, які наведаў установу, сказаў, што такіх на ўсю Беларусь — з дзясятак, — кажа Уладзімір Сянюта.

Існуе праблема навігацыі да Клуба-музея. Установа размешчана ўбаку ад трасы “Мінск — Гродна”. Каб не зблытаць паварот і, праехаўшы дзесяць кіламетраў, трапіць у Старыя Васілішкі, не зашкодзіў бы ўказальнік.

— А яшчэ лепш — заўважны бігборд, — мяркуе Вера Савіна.

— Гэта той выпадак, калі ў змесце бігборда можна спалучыць сацыяльную рэкламу пра ўраджэнца краю і звесткі аб музеі. Падобны фармат запатрабаваў бы менш узгадненняў, а таксама мог бы стаць сумеснай акцыяй мясцовых улад з прыватнікамі, паколькі ад з’яўлення падобнага кшталту ўказальніка выйгралі б усе, — дзеліцца думкамі прафесійны рэкламшчык Сяргей Філіпаў. У дадзеным выпадку ён выступае і як актывіст, мецэнат шэрагу праектаў установы.

— Што да рэкламы, дык варта папрацаваць з ужываннем для сваёй прадукцыі нэмэнаўскага брэнда ў яго беларускім гучанні і для прадпрыемстваў вобласці, чыя прадукцыя экспартуецца ў Польшчу. Хацелася б выйсці і ў Інтэрнэт, наладзіць кантакты з турагенцтвамі, — дадае Уладзімір Сянюта.

Звесткі пра ўстанову і сёння закінутыя ў Сеціва, але казаць пра эфектыўнасць прамоўшну не выпадае. Адыгрывае сваю ролю пытанне інфраструктуры (з яе аб’ектаў у Старых Васілішках ёсць толькі рабочая сталоўка). У кіраўніцтва васілішкаўскага сельгаспрадпрыемства маюцца планы пабудаваць гасцініцу з рэстаранам. А прамежкавым варыянтам сёння, на думку Сянюты, можа стаць стварэнне ў Старых Васілішках аграсядзібы. З цягам часу яна магла б “дарасці” да V.I.P.-паслуг кшталту “правесці захад сонца з салаўямі ў нэмэнаўскім яблыневым садзе”.

А вось статус клуба-музея можа паказацца шмат у чым вызначальным. Усё ж форма — незвычайная. Дык мо варта прадставіць яе на Другім Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” з праектам, датычным варыянта развіцця адносін дзяржаўна-прыватнага парнёрства, распачатага ў вёсачцы на дзясятак двароў? Нарэшце, як прыклад таго пачынання, калі мясцовыя жыхары, улады раёна ды ініцыятыўная група, у складзе якой прысутнічаюць і сталічныя бізнесмены, на дзіва аднолькава бачаць “зыходны прадукт”. Зразумела, у тым бачанні ёсць свае “вузкія месцы” для кожнага з бакоў, але факт заслугоўвае ўвагі.

— А чаму б не паўдзельнічаць? І гэты бізнес-план прадставіў бы там, — разважае Уладзімір Сянюта. — Увогуле, тое, што ўстанова атрымала гэткі статус, дазволіла надаць ёй дынамічны і шматгранны фармат развіцця. Гэта стварыла нам імідж у раёне…

Цікава, што музей, па сутнасці, мае інтэрактыўны характар. Тут не адмовяць і ўключаць патэфон, з ахвотай дазволяць сыграць нэмэнаўскую мелодыю на піяніна ці гітары.

— Ды і рэчы перадаюць з ахвотай, хто папросіць — намагаюся заплаціць, — дзеліцца Уладзімір Уладзіміравіч. — Бывае, цэны “заломваюць” высокія. Адна лямпа “пяты нумар”, дзе кнот ішоў па крузе, каштуе 40 долараў… Прызнацца, хацелася б, каб на практыку да нас прыязджалі студэнты-музейшчыкі з Універсітэта культуры і мастацтваў, — гэта паспрыяла б развіццю музейнага складніка, пошуку прадметаў. А яшчэ — дапамагло б са свежымі ідэямі…

Пра Клуб-музей Чэслава Нэмэна кажуць: гэта — цэнтр патрыятызму для раёна. Безумоўна, важная і прыемная ўвага польскага боку да музея, да асобы Нэмэна і яго сталення, у тым ліку — творчага, на беларускай зямлі. Але ці не найбольш істотным стаў той момант, што фактычна паралельна з суседзямі актывізаваліся і нашы дзеячы культуры ды бізнесу...

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах