Дыяпазон роднасці

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Другая Нацыянальная тэатральная прэмія яскрава паказала, што тэатр лялек сёння сямімільнымі крокамі “абагнаў” тэатр драматычны. І вось яшчэ адна нагода пагаварыць пра гэты від мастацтва: у віцебскім Беларускім тэатры “Лялька” адбыўся бенефіс бліскучай і яркай артысткі, вядучай актрысы тэатра Вольгі Корзун, прысвечаны яе юбілею.

Без перабольшання можна сказаць: Вольга Валер’еўна — з тых “служыцеляў сцэны”, якія могуць сыграць практычна любую ролю, што яна і даказвае з самых першых дзён існавання тэатра “Лялька”. У ім, дарэчы, яна стала першай актрысай, залічанай у штат тады яшчэ Тэатра Якуба Коласа, пры якім лялечнікі існавалі ў якасці філіяла. Сярод самых яркіх работ актрысы — Ліса ў “Цераме-церамку” С.Маршака, Мамка і Іванава жонка ў “Чароўным пярсцёнку” паводле народных казак, Маці Хлопчыка-зоркі ў “Хлопчыку-зорцы” А.Уайльда, Яжыха Фіня, Сарока і Мышаня ў “Адважных братах” Г.Матвеева, Пашачка ў “Марозцы” М.Шурынавай, Чорная жанчына ў “Жураўліным пяры” Д.Кінасіты... Ды, зрэшты, пералік яе роляў можа даць толькі слабое ўяўленне пра той багаты акцёрскі і лялечны дыяпазон, у якім актрыса пачувае сябе як рыба ў вадзе.

/i/content/pi/cult/403/8232/2-4.jpeg

Вольга Корзун не проста віртуозна валодае самымі рознымі лялькамі і тэхнікамі іх ваджэння, пачынаючы ад шырмавых, планшэтных і заканчваючы марыянеткамі. Адметнасць і адна з галоўных акцёрскіх якасцей актрысы — у яе ўменні далікатна і граматна “падаваць” сваю ляльку: зжывацца з ёй як з персанажам сцэнічнай гісторыі, але, у той жа час, не “злівацца”, атаясамліваючы сябе з ёй. Думаецца, што гэты тонкі баланс і дае актрысе багатую амплітуду ў выяўленчых сродках, якімі яна карыстаецца на сцэне. Адсюль — і наша, глядацкае, разуменне таго, што ў кожнай яе ролі мы сустракаемся не проста з выканаўцай, але — з актрысай, якая думае, разважае, правакуючы і нас на інтэлектуальнае “спажыванне” спектакля.

Бенефіс, які Беларускі тэатр “Лялька” зладзіў для сваёй вядучай актрысы, скарыў прысутных сваёй цеплынёй і “хатняй” атмасферай. Пры ўсіх стандартных складніках — творчай частцы, у якой мы ў жартаўлівай форме ў чарговы раз згадалі любімыя ды самыя яркія ролі Вольгі Корзун, і віншаваннях, што перамяжоўваліся вясёлымі “капуснымі” нумарамі, — не пакідала адчуванне непаказной жыццярадаснасці і “сямейнасці” ўсяго, што адбывалася на сцэне. І гэта натуральна: сярод усіх айчынных тэатраў лялек віцебскі калектыў, бадай, больш за іншых славіцца акурат гэтым уменнем дарыць сваім гледачам адчуванне сямейнай цеплыні, утульнасці і... роднасці. Прычым асаблівасць гэтую адзначаюць як дзеці, так і дарослыя: кожны, хто хаця б аднойчы трапляе ў сцены “Лялькі”, вяртаецца сюды яшчэ і яшчэ. У тым ліку, не ў апошнюю чаргу і дзякуючы тым ролям, якія больш за чвэрць стагоддзя на сцэне гэтага тэатра сыграла Вольга Корзун і яшчэ сыграе.

На здымку: Вольга Корзун — Ліса (справа) у спектаклі "Церам-церамок".