Сюжэтная інтрыга не планавалася

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Першае Мінскае трыенале сучаснага мастацтва. Глабальныя задачы, відаць, не ставіліся

Што б там ні казалі, нібыта ўспрыманне твора мастацтва (калі гэта сапраўды твор) не залежыць ад кантэксту, у якім змешчаны арт-аб’ект, упэўнены, што для карціны не апошняя рэч — рама. Калі разважаць у гэтым напрамку далей, дык ва ўспрыманні выстаўкі як увасобленай канцэпцыі і твора экспазіцыйнага мастацтва прынцыповую ролю адыгрывае прастора, у якой выстаўка адбываецца, і — галоўнае — наяўнасць альбо асутнасць публікі. Можна сказаць, што “раму” выстаўкі, яе “багет”, ствараюць зала і натоўп цікаўных гледачоў.

Экспазіцыю “БелЭКСПА-Арт-2012” я бачыў двойчы: у дзень адкрыцця і ў звычайны будні дзень. Мушу адзначыць, што гэта былі дзве розныя выстаўкі. На вернісажы ў шыкоўным, адкрытым пасля рэканструкцыі, павільёне "БелЭКСПА" па праспекце Пераможцаў віраваў святочны натоўп, сярод якога можна было пабачыць V.I.P.-персон і замежных гасцей. Гучала экзатычная музыка, па зале хадзілі “робаты”, прыгожыя дзяўчаты ў сукенках сталі “жывымі скульптурамі”… Паглядзець на Трыенале прыйшоў ці не ўвесь сталічны бамонд, прыехалі аматары мастацтва з рэгіёнаў. У зале былі творцы, чые работы складаюць экспазіцыю, і студэнты мастацкіх навучальных устаноў. Я толькі паспяваў вітацца са знаёмцамі. Кагосьці з іх не бачыў год-два, а кагосьці — два дзясяткі гадоў. Па “фотасесіях” гледачоў ужо ў першы дзень можна было вызначыць прыярытэты публікі і скласці спіс найбольш папулярных твораў Трыенале. Карацей, было прыгожа, урачыста, салідна і, скажам так, прыкольна адначасова. Калі б выстаўка назаўтра зачынілася, яна засталася б у мяне ў памяці як свята. Але для аб’ектыўнасці я прыйшоў сюды яшчэ раз — буднім днём…

/i/content/pi/cult/403/8230/2-1.jpeg

Добра, калі гэтым разам у велізарнай зале быў з дзясятак наведвальнікаў. Падумалася: чаму? Чаму выстаўка, якой было наканавана стаць падзеяй ужо ў момант пачатку працы над ёю, праходзіць пры амаль пустой зале? Зрэшты, вядома, што тыя, каму насамрэч цікава, імкнуцца трапіць на вернісаж, і найбольшая колькасць гледачоў назіраецца менавіта ў дзень адкрыцця. Але гэтая выстаўка — незвычайная. Яе доўга чакалі і піярылі як ніякую іншую падзею ў галіне візуальнага мастацтва. А ў выніку — я самотна блукаю па велізарным павільёне
"БелЭКСПА"... І гэтая акалічнасць непазбежна ўплывала на маё ўспрыманне таго, што я бачу. Таму і кажу: два розныя дні — дзве розныя выстаўкі. Хоць экспазіцыя — адна і тая ж.

Можна зразумець адсутнасць наведвальнікаў, дакладней — крытычнай іх масы, на выстаўках, якія нічым асаблівым не вызначаюцца: проста партрэтамі, проста краявідамі, проста нацюрмортамі, якія той або іншы мастак зрабіў за справаздачны перыяд, сённяшняга гледача, “разбэшчанага” глабальнай інфармацыйнай прасторай, не прывабіш. Патрэбна нешта новае, здольнае здзівіць. Дык, нібыта ж, вось жа яно, новае! Не было такога яшчэ ў Беларусі!

/i/content/pi/cult/403/8230/2-2.jpeg

І тут узнікае пытанне, адказ на якое можа паставіць пад сумнеў плён велізарнай працы, што зрабілі арганізатары праекта: а ці насамрэч у павільёне "БелЭКСПА" прадстаўлена новае мастацтва? Я кажу “новае”, маючы на ўвазе “актуальнае” — гэта значыць тое, што адпавядае эстэтычным патрэбам сённяшняй Беларусі. Я, безумоўна, не супраць творчага самавыяўлення, мастакоўскай самарэалізацыі, нават калі тая або іншая праява грунтуецца на даволі спрэчнай тэзе “Я так думаю, я так бачу”. Думаць і бачыць можна што заўгодна, але калі хочаш, каб твоя выстаўка была “аздоблена” натоўпам гледачоў, дык мусіш гаварыць з людзьмі пра тое, што іх хвалюе.

Для прыкладу — “авангард” канца 1980-х. Пры ўсіх сваіх хібах: амбіцыйнасць, якая зашкальвала, недастатковы густ і кепская інфармаванасць адносна таго, што робіцца ў сусветным мастацтве, — гэтыя “дзеці падзямелля (андэграўнду)” усё ж такі здолелі “адбіць” гледача ў апалагетаў сацрэалізму. І здарылася гэта з адной простай прычыны: яны былі, так бы мовіць, “жывыя” і творча сарыентаваныя на рэальнае жыццё, а іхнія апаненты — “забранзавелыя”.

А калі зірнуць яшчэ глыбей, у часы рэвалюцыйнага “авангарда” (дарэчы, адна з конкурсных канцэпцый Трыенале трактавала выстаўку як своеасаблівы мост паміж тым часам і нашай рэчаіснасцю), дык Малевіч і ягоныя паплечнікі былі ўсур’ёз заклапочаны глабальнай эстэтычнай перабудовай свету, прытым, што нашы сённяшнія тэхнічныя ды арганізацыйныя магчымасці Малевічу нават і не сніліся. Дык, можа, мы змарнелі-здрабнелі, няздольныя мысліць глабальна і канцэптуальна дзейнічаць?

/i/content/pi/cult/403/8230/2-3.jpeg

Пытанні, якія задаю, трэба ўспрымаць як рытарычныя. Бо ўсё, што я бачу на выстаўцы, пазбаўлена канцэптуальнай акрэсленасці. У лепшым выпадку, гэта — творчая рэфлексія. Маю падставы меркаваць, што арганізатары не ставілі перад сабою глабальных задач і, адпаведна, не бачылі праблемных тэм. Маючы такую пазіцыю, яны засяродзіліся на пошуку “залатой сярэдзіны”, калі ўсё, што з’яўляецца спрэчнай з'явай у мастацтве (а менавіта гэта цікава шырокай грамадзе), падаецца, адсякалася на корані. Адкрыцці, сюрпрызы, неспадзяванкі, а разам з імі ж — сюжэтная інтрыга не планаваліся. Права прадстаўляць сучаснае беларускае мастацтва было аддадзена творцам, чые работы ўжо прайшлі апрабацыю на персанальных альбо групавых выстаўках і больш-менш трывала замацаваліся ў нацыянальным культурным кантэксце. Калі гэта ведаць і з гэтага зыходзіць, дык трэба канстатаваць, што выстаўка — атрымалася, бо пастаўленай мэты дасягнула. Але пытанне, што такое сучаснае мастацтва ў беларускім кантэксце, засталося адкрытым… Можа, дарэчы, на яго і адказу няма.

Арганізатары зрабілі стаўку на асоб, чые імёны на слыху. Гэта, да прыкладу, скульптары Канстанцін Селіханаў, Уладзімір Панцялееў, Юрый Анушка; жывапісцы Сяргей Грыневіч, Валянціна Шоба, Аляксандр Канавалаў, Руслан Вашкевіч; графік Таццяна Радзівілка; дызайнеры Уладзімір Цэслер і Руслан Найдзен; фотамайстры Уладзімір Парфянок і Ігар Саўчанка. Ды іншыя. Асобным сегментам прадстаўлены ў экспазіцыі Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва (куратар — Васіль Васільеў). Усе гэтыя творцы ў сваім асяродку — постаці знакавыя. Кепска не зробяць. Запрашэнне іх да ўдзелу ў выстаўцы гарантавала прыстойны ўзровень экспазіцыі. Разам з тым, дзіўна ўспрымаецца адсутнасць у гэтым спісе праектаў, якія мелі не толькі нацыянальны, але і міжнародны розгалас. Скажам, наш павільён на 54-м Венецыянскім біенале.

Лічу сур’ёзнай недапрацоўкай арганізатараў тое, што не была задзейнічана паветраная прастора інтэр’ера. У павільёне — высачэзная столь, пад ёй можна было падвесіць шэраг так званых мобіляў і прысвяціць гэтую кампазіцыю Марку Шагалу, юбілей з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем: Шагал любіў змяшчаць на небе тое, што прывязана да зямлі. Гэтую кампазіцыю мог бы выканаць выдатны майстар кінетычнага мастацтва Леў Талбузін, які на Трыенале прастаўлены невялікім мобілем у раздзеле Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вось і быў бы мост у 1920-я гады…

Можа, я разважаю непатрыятычна, але самае моцнае ўражанне ад Трыенале ў мяне пакінула экспазіцыя спецыяльна запрошаных гасцей — мастакоў з Сербіі. Тым часам як нашы творцы, падаецца, засяроджаны на форматворчасці, сербам баліць за радзіму. Жывапіснае палатно Радавана Трнавац Мічы з выявай сцяга сацыялістычнай Югаславіі і ягоная ж інсталяцыя “Бялградскі Саміт” — гэта спроба асэнсаваць геапалітычную сітуацыю, у якой апынулася Сербія напрыканцы 1990-х.

Такая вялікая экспазіцыя, якую мы бачым на Трыенале, павінна мець тэматычны стрыжань, інакш яна разваліцца на мноства самадастатковых фрагментаў. І гэта будзе ўжо не выстаўка, а проста салон, мастацкая крама (што мы, дарэчы, у нейкай ступені тут і маем). Нездарма кожная ўніверсальная міжнародная выстаўка пад статусам “ЭКСПА” мае дэвіз, якому павінны адпавядаць экспазіцыі нацыянальных павільёнаў. Думаю, да гэтага прыйдзем і мы, калі сёлетняе Трыенале распачне традыцыю.

Хоць пасля крытычных заўваг гэта прагучыць і дзіўнавата, але я ўдзячны арганізатарам за працу і някепскі вынік. Сабраць у адным месцы нямала з таго, што было зроблена ў пэўным кірунку за гады Незалежнасці, — гэта ўжо вялікая работа. А ўсё гэта яшчэ аздоблена шоу, перформансамі, тэатралізаванымі імпрэзамі ды прэзентацыямі.

Так што запланаваную функцыю Трыенале выканала. Яно засведчыла: у Беларусі сучаснае мастацтва — ёсць, прынамсі, па форме.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"