Дакументальнае кіно: прадыктавана жыццём

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Упершыню “Лістапад-2007” поруч з ігравым кіно досыць шырока прэзентуе і дакументальныя фільмы. Яшчэ адзін пераканаўчы доказ таму, што Мінскі міжнародны кінафорум з кожным годам упэўнена пашырае творчыя маштабы. Першыя конкурсныя паказы былі распачаты яшчэ ў чацвер, 15 лістапада, і прайшлі, як і можна было прадказваць, з поспехам. Больш падрабязней пра новы фармат фестывалю распавядае “К” галоўны рэдактар па спецпраектах Нацыянальнага прадстаўніцтва міжнароднай тэлерадыёкампаніі “Мір” і дырэктар конкурснай праграмы дакументальных фільмаў “Лістапада-2007” Ірына ДЗЯМ’ЯНАВА.

 /i/content/pi/cult/137/823/Demjanova.jpg

— Ірына Мікалаеўна, мы ўжо маем падставы для гаворкі пра пэўны досвед арганізацыі “фестывалю ў фестывалі”?

— Гэта сапраўды першы досвед у рамках “Лістапада” — фестывалю, які ўжо заваяваў сваю аўдыторыю, набыў заслужаны аўтарытэт, — наладзіць конкурс неігравога кіно. Прадыктавана гэта ў першую чаргу тым, што беларускія кінадакументалісты працуюць вельмі цікава, ярка, разнастайна, прозвішчы іх — добра вядомыя ў кінематаграфічным свеце, а фільмы — уганараваны самымі прэстыжнымі прызамі. Маю на ўвазе і Віктара Аслюка, і Галіну Адамовіч. Апошняя, напрыклад, прывезла летась з Карлавых Вараў Гран-пры. А гэта фестываль класа “А”! Дык чаму б нашым гледачам не паказаць лепшыя ўзоры дакументальнага кіно і Беларусі, і свету?
У першую чаргу для таго, каб усвядоміць уласнае нацыянальнае існаванне ў абсалютным сусветным кантэксце, зразумець, што ў нас ёсць чым ганарыцца, а свет — разнастайны і цікавы.
І пра ўсё гэта нам распавядае менавіта дакументальнае кіно…
Для мяне існавала два пабуджальныя матывы, пасля якіх я зразумела, што арганізацыя конкурснай праграмы — рэч неабходная, нягледзячы на нейкія першасныя цяжкасці.
Першы матыў: мы можам паказаць хаця б некалькі сучасных стужак сусветнага класа — і замежных, і нашых. Другі: у рамках фестывалю ёсць усе магчымасці нагадаць аматарам неігравога кіно пра фільмы 1970 — 1980 гадоў, якія сталі неад’емнай часткай беларускай нацыянальнай культуры, а аўтары іх ужо, як ні шкада, пайшлі з жыцця. Гэта і Аркадзь Рудэрман — вельмі цікавы дакументаліст, і Сяргей Пятроўскі — аператар экстра-класа і непаўторны рэжысёр, і Вадзім Сукманаў, і Юрый Марухін, і Адольф Канеўскі — усе з выключна адмысловым бачаннем жыцця. Фільмы, якія мы выбралі, абсалютна не састарэлі. А ўсе разам яны вельмі выразна і даходліва малююць абагульнены партрэт часу і нашага грамадства. Глядзіш гэтыя стужкі — і мімаволі параўноўваеш іх з сённяшнімі творамі айчынных дакументалістаў. Нават умоўную назву праграме далі: “Двух галасоў пераклічка”. Повязь пакаленняў — трывалая і дзейсная. Цудоўна разумееш, на якой урадлівай глебе вырасла сённяшняя слава беларускага неігравога кіно... Дый увогуле, вельмі цікава прасачыцьза зменамі ў мове дакументалістыкі, у нашым успрыманні рэчаіснасці, бо гэта выключна важна для неігравога кіно...

— Крыху падрабязней пра конкурсную праграму.

— Яна ўключае 31 фільм з 20 краін, у тым ліку стужкі ўганараваныя, з вялікай колькасцю

 /i/content/pi/cult/137/823/Demjanova1.jpg

Кадр з фільма “Дзюбай і кіпцюром” (рэжысёр — Крысціян Матысек, Польшча, 2003 г.).

самых прэстыжных прызоў, — арыгінальныя і тонкія па мове, якія будуць цікавыя для спецыялістаў і эстэтаў. У той жа час гэтыя фільмы шматгранна і ўсебакова раскрываюць нам нацыянальную палітру свету. Напрыклад, кітайская карціна распавядае, што ў гэтай краіне, на беразе маляўнічага возера, існуе апошняе матрыярхальнае племя.
Хіба ж не цікава?..
Беларусь прадстаўлена творамі “Марыя” Віктара Аслюка, “Завядзёнка” Галіны Адамовіч, “Крывая ніва” Сяргея Рыбакова, “Даведнік. Віцебск” Наталлі Баярынцавай, “Пагаворым на “ты”, альбо Сеанс скульптурнай лепкі як псіхааналіз...” Аляксандра Карпава. Апошні фільм, напрыклад, — дыялог рэжысёра з вядомым скульптарам, кніжным і станковым графікам, мастаком анімацыйнага кіно Мікалаем Байрачным...
У конкурснай праграме ўдзельнічаюць дакументальныя стужкі з Расіі, Украіны, Арменіі, Грузіі, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Таджыкістана, Ірана, В’етнама, Швецыі, Велікабрытаніі, Кубы, Даніі.
У чацвер ва ўтульнай зале відэакомплексу “Цэнтр-Відэа” (гандлёвы комплекс “Сталіца”) конкурсная праграма была распачата. Як думаецца, паспяхова.
Апрача конкурснай праграмы паказана будзе і праграма інфармацыйная. Менавіта сюды ўключана беларускае рэтра (лепшыя дакументальныя фільмы мінулых гадоў), карціны-лаўрэаты міжнародных кінафорумаў, экалагічнае, хрысціянскае кіно. Фільмы будуць дэманстравацца ў “Цэнтры-Відэа”, Экалагічным універсітэце імя Сахарава, кінатэатрах “Ракета” і “Перамога”.
Намінацыі наступныя: “Лепшы фільм фестывалю”, “Лепшы кароткаметражны фільм”, “Лепшы поўнаметражны фільм” і “Фільм глядацкіх сімпатый”. Тут мы ішлі за сталымі ўжо традыцыямі “Лістапада”.

— Журы, неаспрэчна, прадстаўнічае?

— Канешне — і прафесіяналы высокага ўзроўню, і людзі проста цудоўныя. Старшыня журы

 /i/content/pi/cult/137/823/Demjanova2.jpg

Кадр з фільма “Даведнік. Віцебск” (рэжысёр і сцэнарыст — Наталля Баярынцава, Беларусь, 2007 г.).

— наша зямлячка Валянціна Гуркаленка, якая цяпер — мастацкі кіраўнік студыі “Леннаучфильм”, рэжысёр з вялізнымі творчымі набыткамі. У рамках фестывалю пройдзе паказ і яе фільмаў, адзін з іх — “Валерый Гаўрылін. Весела на душы” — неаднаразова тытулаваны... Сярод членаў журы — Людміла Жулай, доктар мастацтвазнаўства, загадчык сектара Маскоўскага НДІ кіно. Яна займаецца менавіта дакументальным кіно і сваю апошнюю кніжку збіраецца прэзентаваць у Беларускай акадэміі мастацтваў... І, натуральна, у склад журы ўвойдуць нашы суайчыннікі. Гэта Людміла Саянкова, кіназнаўца, загадчыца кафедры мастацкай крытыкі БДУ, Алег Сільвановіч, кіназнаўца і кнігавыдавец, Міхась Жданоўскі, вядомы рэжысёр, лаўрэат Дзяржпрэміі краіны, мастацкі кіраўнік студыі “Летапіс”.

— Пра вынікі конкурсу дакументальных стужак казаць яшчэ рана. Але сцвярджаць, што першы “дакументальны” блін на творчай кухні “Лістапада-2007” не атрымаўся камяком, напэўна, ужо можна?

— Аднойчы адзін рэжысёр сказаў мне, жартуючы, пра аніматараў, што яны так сябруюць паміж сабой згодна з уласцівасцямі “малых народнасцей”, якія знаходзяцца ў цені вялікіх кіношнікаў. Тое ж жартам можна сказаць і пра кінадакументалістаў свету. У нас не было ніводнай адмовы даслаць сваю карціну з самага далёкага замежжа для конкурснага ці пазаконкурснага паказу. Абсалютная добразычлівасць! З дапамогай яе і назапашваўся наш арганізацыйны досвед. І рыхтавацца да наступнага фестывалю пачнём адразу пасля заканчэння “Лістапада-2007”. Я ўпэўнена, наш першы досвед не будзе апошнім.

Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ