“Лякала” эмоцыі

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Шлях да творчай свабоды

Анатоля Кузняцова ведаюць усе, хто цікавіцца сучасным беспрадметным жывапісам. Таму яго выстаўка пад назвай “Шлях”, што прайшла ў сталічным Палацы мастацтва, стала не толькі святам для душы, але і своеасаблівым “метадычным дапаможнікам” для больш глыбокага разумення: якое месца займае абстрактны жывапіс на сучасным этапе развіцця беларускага шматгалосага выяўленчага мастацтва, поўнага супярэчнасцей, процілегласцей і супрацьстаянняў.

Нагадаю, што Анатоль Кузняцоў — выхаванец БДТМІ, вучань П.Крахалёва, Х.Ліўшыца, А.Бараноўскага. Творца выстаўляецца амаль сорак гадоў, уключаючы выстаўкі ў Расіі, ЗША, Японіі, краінах Прыбалтыкі і Еўропы. Атрымаўшы моцную акадэмічную школу, ён да канца 1970-х ствараў работы ў, так скажам, звыклай рэалістычнай манеры. Потым, па яго словах, стаў “паўтарацца” — і ў тэматыцы, і ў каларыстыцы, і ў вобразных структурах. Па прыродзе чалавек-шукальнік, які імкнуўся ў мастацтве “дайсці да самой сутнасці”, ён кардынальна змяніў свае погляды, рызыкуючы наклікаць на сябе перуны з боку артадаксальных апекуноў, прыхільнікаў савецкага акадэмічнага рэалізму.

/i/content/pi/cult/403/8229/1-1.jpeg

Канешне ж, рашэнне радыкальна пераўтварыць свой творчы фундамент, які быў закладзены ў інстытуце, прыйшло не ў адзін дзень. І ў рэшце рэшт мастак знайшоў сваю ўласную формулу: убачыць навакольны свет праз кампазіцыйную манументальную прастату, жывую лінію і дэкаратыўную пляму, у аснове якіх — вольная імправізацыя і моцная энергетыка колерамузыкі.

Вось так на пачатку 1980-х Анатоль Кузняцоў прыйшоў да свайго беспрадметнага жывапісу, і ў гэтым сэнсе стаў у Беларусі ледзь не адзіным эмацыйным аналітыкам “жывога” жыцця праз музыку фарбаў ды метафару прастораў. Яго канцэпцыю можна азначыць так: прастора і час — адзіная форма, у якой будуецца быццё, і, значыць, па гэтым “лякале” павінна будавацца мастацтва. Цікава, што Кузняцоў не аддзяляе змест ад формы — яны ўтвараюць адно цэлае. Твор не гаворыць пра нешта — ён існуе сам па сабе. Такім чынам, палатно мастака абстрактнае, “абсалютнае” толькі ў сваім метадзе, а не паводле ўнутранай сутнасці. Бо ўнутраная сутнасць — шматлікая прырода рэчаў і чалавека, якая “падказвае” аўтару ўсе філасофскія арабескі быцця.

/i/content/pi/cult/403/8229/1-2.jpeg

Сам мастак кажа: “Мая творчасць — інтуітыўная. Калі я падыходжу да чыстага палатна, яшчэ не ведаю, што атрымаецца. Вобразы нараджаюцца ў працэсе імправізацыі”. Гэта так, але, на маю думку, не зусім. Усё роўна ў жывапісца перад чыстым палатном у думках лунае галоўнае: што ён хоча фарбай сказаць гледачу і сабе, як, напрыклад, разбіць белы ці блакітны колер на неабходныя спектры, рэфлексы, адценні, каб рэалізаваць тую ідэю карціны, дзеля якой мастак у дадзены момант і падрыхтаваў палітру ды пэндзлі. Так ці інакш, але створаныя ім серыйныя манументальныя цыклы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, уражваюць: “Парад планет”, “Метафізічныя разважанні”, “Афарыстычныя парадоксы”, “Узаемадзеянні супярэчнасцей”, “Мінімалізм срэбрам”, “Непрадбачанае развіццё падзей”, “Вяртанне ў Егіпет”, “Трансфармацыя часу”, “Метафары забытых ісцін”, “Пераўтварэнне прасторы”… Нават у назвах дакладна прачытваецца глыбокая філасофская канцэпцыя твораў Кузняцова, скіраваная на расшыфроўку яго духоўнага “аўтапартрэта”, ядром якога з’яўляецца пластычна-музычнае ўвасабленне аўтарскага “касмічнага патоку ўсведамлення”.

Іншымі словамі, творчасць мастака — гэта складаны пошук уласнага шляху да ўнутранай свабоды. І, думаю, гэты шлях ён шчасліва знайшоў і ў актыўным прыманні навакольнага свету, і ў свядомасці сістэмы ўласных мастакоўскіх каардынат, і ў рытмах класічнай музыкі (так-так, бо калі я бачу прасторавы жывапіс мастака, чую гукі твораў ці то Баха, ці то Бетховена, ці то Вагнера). Канешне, я разумею, што пакуль для большасці звычайных гледачоў, якія выхаваны, у асноўным, на мастацтве перадзвіжнікаў і сацрэалістаў, жывапіс Кузняцова яшчэ складаны для ўспрымання. Але час ідзе, чалавечы густ і адносіны да сучаснага мастацтва змяняюцца (такое неаднойчы адбывалася ў гісторыі сусветнага мастацтва), і тое, што сёння выклікае вострыя дыскусіі ды пытанні, а часам — і поўнае адмаўленне, заўтра зробіцца класікай…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"