“Я — вандроўны энтузіяст!”

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Мсціслаў Дабужынскі і Віцебск

(Заканчэнне. Пачатак у № 47 — 48.)

…Праз два тыдні пасля адкрыцця вучылішча намеснікам яго дырэктара Дабужынскага з падачы Шагала быў прызначаны скульптар і жывапісец, латыш Іван Цільберг (Яніс Робертс Цільбергс) — сябра Дабужынскага яшчэ па сумеснай вучобе ў пецярбургскай прыватнай мастацкай школе акадэміка Льва Дзмітрыева-Каўказскага. А ў Віцебск ён трапіў таксама па запрашэнні Шагала, а не Малевіча, як пішуць некаторыя віцебскія знаўцы, таму што Казімір Севярынавіч прыехаў у гэты горад амаль праз год пасля гэтых падзей.

Аднак скажу, што школа практычна працавала ўжо ўвесну 1918-га на базе прыватнай рысавальнай школы Юдэля Пэна, і першым яе дырэктарам быў усё той жа Марк Шагал. Так ці інакш, будзем лічыць, што ўстанова “ў другі раз” была адкрыта 28 студзеня 1919 года пры непасрэдным удзеле яе новаспечанага дырэктара Мсціслава Дабужынскага...

/i/content/pi/cult/403/8228/2-1.jpeg

9 сакавіка 1919-га петраградская газета “Искусство коммуны” ў выпуску № 14 паведаміла пра сход калегіі па справах мастацтва і мастакоўскай прамысловасці, на якім быў заслуханы даклад Дабужынскага пра дзейнасць Віцебскага пададдзела выяўленчых мастацтваў. Ён далажыў, што Віцебская камунальная майстэрня завалена работай, што ў вучылішча запісалася больш за 350 вучняў і што намечаны лекцыі па пытаннях мастацтва, для чаго ў якасці лектараў запрошаны Пятроў-Водкін, Радлаў і Вярэйскі. Распрацавана таксама пытанне аб арганізацыі ў Віцебску музея, у якім павінны быць два аддзелы — гістарычны і сучасны. Плануецца таксама аддзел ікон. У праекце — Музей Старога Віцебска. Распачаўся збор прадметаў для музея з рэквізаваных твораў мастацтва… Даклад Дабужынскага быў прыняты да ведама, а далей след мастака ў кантэксце прасторы Віцебска абрываецца.

Можна зрабіць здагадку, што гэты свайго кшталту справаздачны даклад, прачытаны ў Петраградзе, быў апошнім “словам” мастака адносна Віцебска. І дакладна не вядома, у які дзень лютага ці сакавіка 1919-га Мсціслаў Валерыянавіч здаў сваю пасаду дырэктара вучылішча Марку Шагалу ды назаўсёды пакінуў горад, і з якой прычыны ўсё гэта адбылося. Прынамсі, ягонае імя ў віцебскіх архіўных дакументах больш не згадваецца. Праўда, Заір Азгур калісьці расказваў мне, што на пачатку 1920-х Дабужынскі быццам бы наведваў Віцебск некалькі разоў для чытання лекцый па гісторыі мастацтваў у мясцовай кансерваторыі. Але асабіста я такіх дакументальных пацвярджэнняў не сустракаў…

/i/content/pi/cult/403/8228/2-2.jpeg

Такім чынам, прычыны ад’езду Дабужынскага з Віцебска. Ну, па-першае — яго сям’я, у тым ліку цяжка хворая дачка Вера, жонка Лізавета Осіпаўна і сын Расціслаў, заставалася ў Петраградзе. Па-другое — складаныя ўмовы ягоных паездак з Петраграда ў Віцебск і назад. Так, з лютага — сакавіка мастак быў ужо звязаны абавязацельствам па арганізацыі ў Пецярбургу Вялікага опернага тэатра, з’яўляўся членам яго Праўлення і кіраўніком мастацкай часткі. Акрамя таго, адначасова ён павінен быў працаваць і над афармленнем оперы Ш.Гуно “Фаўст”, і над спектаклямі “Дантон” Леўберга, “Кароль Лір” ды “Макбет” Шэкспіра, “Разбойнікі” Шылера. Трошкі пазней яго выбралі прафесарам Інстытута гісторыі мастацтваў. А яшчэ — удзел у арганізацыі мастацкай камуны ў маёнтку М.Д. Гагарынай "Халамкі", што ў Пскоўскай губерні. Я ўжо не кажу аб працы ў мастацкім Савеце архітэктурнай майстэрні па ўрэгуляванні плана Петраграда і яго наваколля, працы над ілюстрацыямі да пушкінскай “Барышни-крестьянки”.

Вы спытаеце: навошта ён браў на сябе такую нагрузку? Адкажу: не ведаю. Мабыць, такая натура, такая душа, што патрабавала заўсёды быць у руху, у парыве. Смерць 18-гадовай дачкі Верачкі ў жніўні выбіла Дабужынскага з творчай каляіны, але ненадоўга: праз месяц ён пагадзіўся стаць прафесарам кафедры дэкаратыўнага мастацтва пры Інстытуце фатаграфіі і фотатэхнікі і нават адкрыў сваю ўласную мастацкую студыю. Адначасова ён чамусьці пачаў весці заняткі ў вядомай у Петраградзе прыватнай мастацкай студыі свайго равесніка і сябра Аляксандра Гаўша — на жаль, сёння забытага таленавітага мастака і педагога, жыццё якога трагічна абарвалася ў Крыме пасля Вялікай Айчыннай. Ці патрэбна было Дабужынскаму “абдымаць неабдымнае”? Апошні ўдар ён атрымаў на пачатку снежня 1919-га, калі ў вёсцы Сямёнаўка пайшла з жыцця яго маці. Карацей, той год быў для Мсціслава вельмі няпростым і “незабыўным” ва ўсіх сэнсах…

/i/content/pi/cult/403/8228/2-3.jpeg

Ёсць і зусім абсурдная версія прычыны ад’езду мастака з Віцебска. Напрыклад, І.Абрамскі, які на той час вучыўся ў Віцебску, узгадвае праз сорак пяць гадоў: “…Мастацкае вучылішча Малевіч літаральна разваліў. З-за яго паехаў з Віцебска М.В. Дабужынскі, які лічыў для сябе немагчымым працаваць з гэтым істэрыкам, што рабіў уражанне ці то ненармальнага чалавека, ці то авантурыста. Да таго ж, нягледзячы на ўсе свае разумныя артыкулы, Малевіч быў малакультурным чалавекам…” (“Гэта было ў Віцебску”, часопіс “Искусство”, № 10 за 1964 г., стар. 71). Пакінем на сумленні аўтара ягоную вострую нянавісць да К.Малевіча, але што да ад’езду Дабужынскага, дык… Мсціслаў Валерыянавіч паехаў з Віцебска больш чым за паўгода раней да з’яўлення Малевіча ў гэтым горадзе, і іхнія шляхі ніколі не перакрыжоўваліся…

Зараз хачу трошкі спыніцца на творчай дзейнасці Дабужынскага ў Віцебску. Як-ніяк, ён быў усё ж перш за ўсё творцам, а не чыноўнікам, і ў гэтым сэнсе нагадваў віцебскіх настаўнікаў Пуні і Багуслаўскую, пазней — Фалька. Да нас дайшло няшмат ягоных работ гэтага перыяду (сёння большасць яго акварэльных “віцебскіх” твораў — у Рускім музеі і Траццякоўцы), але ўсе яны — цікавыя, вельмі характэрныя для яго моцнага пэндзля 20-х гадоў. Тут, у Віцебску, ён стварыў цэлую серыю гарадскіх пейзажаў — найтанчэйшых акварэлей і далікатных аловачных малюнкаў, — а таксама эскізаў да аматарскага спектакля навучэнцаў мастацкай школы (студзень 1919 г.). Сярод віцебскіх пейзажаў — “Віцебск. Вуліца”, “Віцебск. Двор”, “Віцебск”, “Віцебск. Лесвіца”, “Віцебск. Рэчка Віцьба”, “Віцебск. Сабор з узбярэжжам”, “Віцебск. Цэрквы”, а таксама аловачны партрэт бацькі — В.П. Дабужынскага. Да некаторых віцебскіх сюжэтаў мастак вяртаўся і пазней, ужо жывучы пастаянна ў Петраградзе ці ў Каўнасе.

Галоўны прыём мастака ва ўсіх ягоных творах — наладжванне лінейна-жывапіснага рытму на паверхні. Ён выкарыстоўвае вельмі мяккі, плоска завостраны аловак, якім ён мог напісаць і тонкія, і шырокія “жывапісныя” штрыхі. Лінія набывае неабходную мяккасць, але яна магла быць рэзкай і моцнай. Некалькі штрыхоў мастаку было дастаткова для выказвання адчування спакою альбо няўрымслівага руху, пяшчоты ці трывогі. Вось толькі некалькі сюжэтаў.

…Ускраек горада. Драўляныя дамкі ля гасцінца, злева — светлыя сцены му раваных будынкаў на ўзгорку. Перспектыўную глыбіню малюнка акрэслівае сілуэт віцебскай ратушы на даляглядзе. Смелыя абагульняючыя штрыхі зроблены рукой першакласнага майстра, лінеарная манера малюнка цудоўна адпавядае музыцы ціхага гарадскога пейзажу. Тут няма нават і ценю таго змрочнага настрою, што так часта прысутнічае ў ранніх гарадскіх пейзажах “рабочых ускраін” Лондана, Амстэрдама альбо Гаагі. І ў творы “Віцебск. Лесвіца” сюжэт — найпрасцейшы: з высокага берага ўецца да Дзвіны маляўнічая драўляная лесвіца. За плотам — выразныя сілуэты старых дамкоў. І ўсё. Але як гэта пададзена! А вось тая самая віцебская лесвіца —напісаная праз чатыры гады, ужо ў Петраградзе. Кампазіцыйны матыў застаўся ранейшым, але толькі замест дня Дабужынскі адлюстраваў вечар, дакладней — позні надвячорак. Па цёмным загадкавым небе плыве месяц, перарэзаны хмаркай. Унізе — віцебскія ваколіцы, знаёмая лесвіца. Сілуэты дамкоў, старых нахіленых платоў, голыя галіны дрэў, што перапляліся, нібы жывыя калючыя істоты. Душэўная цеплыня і смутак. Ці ж гэта не настальгія па тым горадзе, дзе ён так мала прабыў?..

Як склаўся лёс Дабужынскага далей? У 1924 г. мастак разам з сям’ёй па запрашэнні літоўскага паэта і дыпламата Ю.Балтрушайціса пераязджае на пастаяннае жыхарства ў Літву, што стала незалежнай дзяржавай. Жывучы ў Каўнасе, ён не разрывае сувязей з беларускай культурай. Афармляе беларускія кнігі; у напісанні некаторых назваў выкарыстоўвае шрыфт Скарыны. Цягам некалькіх гадоў выкладае ў Каўнаскай (былой Ковенскай) мастацкай школе, шмат вандруе па Еўропе, шмат выстаўляецца, афармляе спектаклі. На пачатку 1938 г. Міхаіл Чэхаў запрашае Дабужынскага для ўдзелу ў пастаноўцы ў Лондане “Бесов” паводле Дастаеўскага. Праца над дэкарацыямі і касцюмамі не была скончана: пачалася Другая сусветная вайна і першыя бамбардзіроўкі англійскай сталіцы. Тэатр вырашылі адправіць у ЗША, каб там завяршыць распачатую справу...

22 ліпеня 1938-га Мсціслаў Валерыянавіч з жонкай ды малодшым сынам пакінуў Еўропу, і як аказалася — назаўжды. Пасля вайны, жывучы ў Нью-Ёрку, Дабужынскі зрабіў ілюстрацыі да “Слова аб палку Ігаравым”, аформіў балет на музыку С.Пракоф’ева “Рускі салдат”, напісаў шэраг станковых твораў… Пайшоў з жыцця ён 20 лістапада 1957-га ў сваёй майстэрні — 55 гадоў таму — пад час працы над варыянтам даўняй сваёй жывапіснай карціны (1926 г.) “Вітаўт — Вялікі князь Літоўскі”. Пра гэта шмат гадоў таму ў Ленінградзе мне і беларускай мастацтвазнаўцы Люсі Лапцэвіч распавёў Натан Альтман, які добра ведаў Дабужынскага. Менавіта Люся пазнаёміла мяне з Альтманам. Напрыканцы аповеду Натан заўважыў: “Мабыць, Мсціслаў Валерыянавіч спяшаўся сустрэцца са сваімі далёкімі продкамі-землякамі…”

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"