Абноўкі “каменных дзевачак”

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Адным з прэтэндэнтаў на ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO з’яўляецца беларускі абрад, звязаны з шанаваннем старажытных каменных крыжоў антрапаморфнай формы, якія захаваліся ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны. “Каменныя дзевачкі” — так званы аброчны абрад сёння пашыраны ў вёсцы Данілевічы.

А зусім нядаўна, як адзначыла метадыст мясцовага РМЦ Марыя Тушынская, гэтаму абраду быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека.

/i/content/pi/cult/403/8226/1-3.jpeg

У прыватнасці, адным з рытуальных сакральных цэнтраў гэтай вёскі з’яўляецца каменны ідал, які з даўніх часоў называюць Каменнай дзевачкай, Святым каменем або Евай. Такі ж камень знаходзіцца і непадалёк ад суседняй вёскі Баравое. Мясцовыя жыхары ўпэўнены, што гэтыя камяні калісьці былі людзьмі. Існуе легенда, што вельмі даўно маці і дачку ў час жніва заспела навальніца. Маці стала падганяць дачку, а тая ў адказ пачала абурацца: “Мама, я стамілася, дай пастаю!”. “А каб ты скамянела!” — сказала маці. У той жа час ударыла маланка і дзяўчына ператварылася ў камень…

Абрад звязаны з культам шанавання камянёў, верай чалавека ў тое, што камяні, каменныя крыжы калісьці былі людзьмі, але ў выніку праклёну скамянелі. Варта адзначыць, што культ “Каменных дзевачак” унікальны як для Усходняга Палесся, так і для ўсёй Беларусі. Доўгі час ён заставаўся малавядомым.

З часоў сівой даўніны і дагэтуль кожны год на Вялікдзень жыхары навакольных вёсак імкнуцца ўстаць крыху раней і прынесці свае дары да каменя. Каменнай "дзяўчынцы" нясуць пірагі, грошы, фарбаваныя яйкі. І “дораць”-апранаюць яе ў абноўкі: вопратку, упрыгожанні. Пры гэтым старое ўбранне здымаюць і спальваюць... Мясцовыя жыхары шчыра просяць у каменя дапамогі і вераць у яго сілу.

К.А.

На здымку: у час абраду.