А зусім нядаўна, як адзначыла метадыст мясцовага РМЦ Марыя Тушынская, гэтаму абраду быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека.
У прыватнасці, адным з рытуальных сакральных цэнтраў гэтай вёскі з’яўляецца каменны ідал, які з даўніх часоў называюць Каменнай дзевачкай, Святым каменем або Евай. Такі ж камень знаходзіцца і непадалёк ад суседняй вёскі Баравое. Мясцовыя жыхары ўпэўнены, што гэтыя камяні калісьці былі людзьмі. Існуе легенда, што вельмі даўно маці і дачку ў час жніва заспела навальніца. Маці стала падганяць дачку, а тая ў адказ пачала абурацца: “Мама, я стамілася, дай пастаю!”. “А каб ты скамянела!” — сказала маці. У той жа час ударыла маланка і дзяўчына ператварылася ў камень…
Абрад звязаны з культам шанавання камянёў, верай чалавека ў тое, што камяні, каменныя крыжы калісьці былі людзьмі, але ў выніку праклёну скамянелі. Варта адзначыць, што культ “Каменных дзевачак” унікальны як для Усходняга Палесся, так і для ўсёй Беларусі. Доўгі час ён заставаўся малавядомым.
З часоў сівой даўніны і дагэтуль кожны год на Вялікдзень жыхары навакольных вёсак імкнуцца ўстаць крыху раней і прынесці свае дары да каменя. Каменнай "дзяўчынцы" нясуць пірагі, грошы, фарбаваныя яйкі. І “дораць”-апранаюць яе ў абноўкі: вопратку, упрыгожанні. Пры гэтым старое ўбранне здымаюць і спальваюць... Мясцовыя жыхары шчыра просяць у каменя дапамогі і вераць у яго сілу.
К.А.
На здымку: у час абраду.