Вішчанскі скарб

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Кім была багатая гаспадыня?

Паміж вёскамі Вішчын і Кісцяні, што ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці, размешчаны ўнікальны археалагічны помнік — Вішчанскае замчышча. Калісьці тут быў магутны драўляны замак. Нават у наш час гэтае месца ўражвае сваёй прыгажосцю і непрыступнасцю. З усходняга боку — высачэзны абрыў, ля ўзножжа якога нясе свае воды Днепр. З паўднёвага і паўночнага бакоў колішні замак абкружалі глыбокія яры. А з заходняга — узвышаліся тры магутныя штучныя валы з равамі. На адным з іх — унутраным — былі ўзведзены драўляныя сцены з вежамі.

/i/content/pi/cult/403/8225/1-1.jpeg

Сцен гэтых даўно няма, як і ўнутранай забудовы замка. Але захаваліся зарослыя густой травой валы. Доўгі час сеяў на гэтым месцы селянін з Кісцянёў бульбу. А ў 1977 годзе навукоўцы аблюбавалі яго для археалагічнай практыкі студэнтаў гістфака БДУ. І ў першы ж сезон раскопак атрымалі мноства каштоўных знаходак: шыферныя прасліцы, кавалкі шкляных бранзалетаў, наканечнік стралы… Знаходкі гэтыя дапамаглі высветліць час існавання замка: сярэдзіна ХІ — сярэдзіна ХІІ стагоддзя. Стала зразумела і тое, што замак быў спалены пад час варожага нападу і больш не адрадзіўся.

Замчышча настолькі зацікавіла археолагаў, што вырашана было працягваць раскопкі і надалей. Замчышча радавала даследчыкаў знаходкамі і ў наступныя гады. А 24 ліпеня 1979-га, за некалькі дзён да заканчэння сезонных раскопак, адбылася сенсацыя. Некалькім студэнтам даручылі даследаванне падмуркаў унутранага вала. Якраз у тым месцы знаходзілася скопішча вялікіх камянёў. І вось на плоскай паверхні аднаго з гэтых камянёў, амаль пад дзёрнам, заблішчэла на сонцы залатая лілеяпадобная падвеска. А між камянёў было і яшчэ штосьці. Рыдлёўкі паляцелі ўбок: цяпер праца вялася нажамі ды кістачкамі. Час ад часу даводзілася адкладваць нават іх, каб не пашкодзіць каштоўную знаходку. Ачышчалі тое, што паўставала з зямлі, уласным дыханнем…

/i/content/pi/cult/403/8225/1-2.jpeg

Нарэшце гэтая папраўдзе ювелірная работа была скончана: набыткам навукі стаў унікальны скарб. Належыў ён, хутчэй за ўсё, жанчыне, бо складаўся цалкам з дамскіх упрыгожанняў, прычым жанчыне багатай, бо яе аксесуары былі залатымі і срэбранымі, тонкай ювелірнай работы, і незвычайна прыгожымі. Больш за тое: падвеска ў форме лілеі аказалася не адна — іх было цэлых тры. Такія падвескі звычайна вешалі на ланцужок, у выніку чаго атрымліваліся каралі.

На нашай зямлі ў старажытнасці модніцам былі невядомы завушніцы. Аднак яны насілі колты — вельмі падобныя па выглядзе да завушніц упрыгожанні, якія, тым не менш, прымацоўваліся да галаўнога ўбору, а не да вушэй. “Камплект” такіх колтаў — залатых, упрыгожаных эмалямі з выявамі дзіўных птушак, магчыма, сірына ці фенікса, аказаўся і сярод вішчанскіх знаходак. Былі выяўлены таксама два сярэбраныя, прыгожыя, але няпарныя колты. Схавала вішчанская гаспадынька і раскошныя сярэбраныя бранзалеты: адзін — віты, са змяінымі галоўкамі, другі — шырокі, плоскі, з мудрагелістым узорам. Але найбольш уразіла ўсіх пара падвесак-бразготак: філігранныя, разныя, як у казачных усходніх прыгажунь. Зрэшты, прыхавала яна не толькі свае ўпрыгожанні, але і тагачасную “валюту” — сярэбраныя грошавыя зліткі-грыўны, агульная вага якіх склала амаль два кілаграмы.

Археолагаў здзівіла і тое, што скарб не быў закапаны глыбока ў зямлі, як гэта звычайна рабілася: у нашым выпадку, усяго засунулі мяшэчак з каштоўнасцямі між камянёў ды ледзь-ледзь прысыпалі зямлёй. Пэўна, гаспадыня вымушана была прыхоўваць свае каштоўнасці ў спешцы. Можа, якраз у той час, калі замак ужо быў ахоплены полымем і захопнікі вось-вось маглі ўварвацца ў паселішча. Схавала, але так і не вярнулася на папялішча за сваімі ўпрыгожаннямі. Каштоўнасці ж шмат стагоддзяў чакалі яе. І ўрэшце трапілі ў рукі археолагаў, а пасля — і ў экспазіцыю нумізматычнага музея, які дзейнічае на гістарычным факультэце БДУ.

Вішчанскі скарб як адзін з самых каштоўных (на думку спецыялістаў, ён каштуе, па мінімальных падліках, больш за 250 тысяч долараў ЗША) трапіў ва ўсе даведачныя выданні па археалогіі. І — пакінуў даследчыкам шэраг пытанняў, на якія няма адказу. Кім была гэтая багатая жанчына, гаспадыня скарбу? Баярыня? Жонка ваяводы? Што сапраўды з ёю здарылася: загінула ці трапіла ў палон? Тады — да каго? Хто былі тыя жорсткія захопнікі, якія знішчылі замак, што знаходзіўся на выгадным гандлёвым шляху — Дняпроўскім (адсюль усяго за тыдзень можна было па вадзе дабрацца да Кіева)? І чаму нават у летапісах не захаваліся свадчанні пра тыя падзеі?

Згодна з археалагічнымі данымі, гэтыя землі ў ХІ — ХІІ стст. належалі Смаленскаму Княству, якое якраз тады пазбавілася ад улады Кіева і пачало набываць магутнасць. Смаленскі князь Расціслаў, мяркуецца, жыў у згодзе з суседзямі, і гарады яго не ведалі разбурэнняў ды войнаў, там развіваліся рамёствы і будаваліся храмы. Толькі напрыканцы ХІІ ст., як сведчаць летапісы, сын Расціслава, Давыд, на якога мелі нейкія крыўды падданыя. Смаляне зрабілі спробу выказаць князю сваю незадаволенасць і паплаціліся за гэта галовамі. Аднак, згодна з данымі археолагаў, замак, які ў свой час існаваў паміж сучаснымі вёскамі Вішчын і Кісцяні, тады ўжо быў спалены. Можа, летапісы нешта “не дагаворваюць” пра час Расціслава? На жаль, пра тое мы ўжо наўрад ці калі даведаемся. Каб бранзалеткі ды колты маглі размаўляць, яны, пэўна, распавялі б нам пра тыя драматычныя падзеі…

Ірына МАСЛЯНІЦЫНА, Мікола БАГАДЗЯЖ