АРТЫСТ “НА ПАДПЕЎКАХ” У… ФІГУРЫСТА, або Двайны эфект “НЕ-парнага” катання

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Як эстрадныя зоркі, ды не толькі яны, выпрабоўваюць сябе на “ледзяным” шоу дзеля…

Вось і надышоў той актуальны час, калі ёсць нагода экіпіравацца па спартыўна-зімоваму ды сустрэцца з сябрамі на якім-небудзь катку. “ Ну а пры чым тут зіма?” — можа запытацца любы з беларусаў у любым рэгіёне краіны. Маўляў, лядовых палацаў хапае для таго каб, не зважаючы на прыродныя з’явы, “выпісваць” кругі канькамі — хоць бы сабе тады, калі майскія салаўі спяваюць, хоць бы тады, калі грыбы збіраюць. І кожны будзе, безумоўна, мець рацыю ў канстатацыі месца прывязкі да канькоў: сучасныя лядовыя арэны па ўсёй Беларусі і сапраўды вокам не прамінеш. Вокам… А далей? У сэнсе здаровага цела ды здаровага духу. “А як жа! Секцый там дастаткова! — зноўку ўступіць у палеміку апанент. — Найперш возьмем хаця б дзіцячыя хакейныя, канькабежныя, фігурнага катання…”

Пры чым тут канапа?

На жаль, менавіта вось тут, прынамсі, у звязку з фігурным катаннем, апанент не зусім мае рацыю. Інакш…

А інакш не было б патрэбы пісаць гэты, на першы погляд — не для “культураўскіх” палос, матэрыял. Аднак фігурнае катанне — гэта не толькі спорт, а і сімбіёз апошняга з мастацтвам: музыкай, танцам, эксклюзіўным дызайнерскім касцюмам. Словам, відовішча. Шоу. Ды толькі падобнае іскрамётнае шоу мы, у асноўным, прызвычаіліся бачыць на блакітнай “плазме” з падачы расійскіх тэлепрадзюсараў і шоуменаў, лежачы на канапе. І гэткае спажыванне сімбіёзу працягвалася б, мусіць, для мяне асабіста і надалей у віртуальным варыянце, каб не спроба пераканаць у адваротным. “Сцягнуўшы” маю персону тэлефонным званком у адзін з выхадных з той самай “канапы”, арганізатары абяцалі зусім іншы паварот развіцця падзей...

/i/content/pi/cult/403/8224/1-1.jpeg

А чаму б і не на “Славянскім…”?

Афіша на тумбе шыкоўнага Лядовага палаца ў Маладзечне паведамляла пра выступленні беларускіх фігурыстаў і артыстаў. Пакуль ішла рэпетыцыя, я вырашыла ўсё ж пазнаёміцца з кулуарамі, параспытваць арганізатараў пра тое, як узнікла ідэя ўласна беларускага шоу на каньках, ці запатрабавана яно ўвогуле, бо сваіх фігурыстаў, у адрозненне ад артыстаў эстрады, родныя мас-медыя амаль зусім не піяраць, і публіка іх наўрад ці добра ведае.

Мне адразу пашчасціла: у адным з пакояў, што выходзіў вокнамі на лёд, знаходзіўся галоўны спартыўны кіраўнік праекта — віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар “Мінск-Арэны” Мікалай Ананьеў, які назіраў за рэпетыцыйным прагонам. З вышэйадзначанымі пытаннямі я і звярнулася да яго.

— Тут неардынарная сітуацыя, — сказаў Мікалай Канстанцінавіч. — Вы цудоўна ведаеце, што дзяржава зрабіла многае для таго, каб жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі маглі карыстацца падобнымі лядовымі палацамі штодзень. І галоўнае — каб апошнія былі запатрабаваныя, не пуставалі. Так, хакей на гэтых пляцоўках, безумоўна, развіваецца, але не толькі адно для яго ўзводзіліся гэтыя спартыўныя збудаванні — жыхары гарадоў і вёсак павінны бачыць, што ў нас ёсць таксама і фігурнае катанне, і шорт-трэкі. Я з’яўляюся старшынёй Саюза канькабежцаў краіны і, як кажуць, знутры ведаю, за што трэба брацца, каб перспектыўныя планы ператвараліся ў рэальнасць. І вось гэты праект з фігурыстамі ды артыстамі, які даволі паспяхова прэзентаваўся ўжо ў дзясятку гарадоў Беларусі, мы з медыя-групай “Белая Русь” прадумалі і ўвасобілі найперш для таго, каб яго ўбачылі дзеткі, школьнікі, моладзь і каб у іх узнікла жаданне займацца гэтым відам спорту. Мы пераконваемся ў тым, што людзі ўспрымаюць праект добра, і з кожным новым выхадам на лёд шоу становіцца больш дынамічным, цікавым, назапашваецца вопыт.

Спадзяюся, у хуткім часе беларусам будзе з чым параўноўваць расійскія шоу фігурнага катання, калі расіяне вырашаць прыехаць сюды на гастролі… Ведаеце, мы пасля Чэмпіянату свету па фігурным катанні сярод юніёраў у лютым правялі заключныя паказальныя выступленні на “Мінск-Арэне” з удзелам усіх пераможцаў і прызёраў гэтага спаборніцтва, у тым ліку і беларускіх спартсменаў. На “Мінск-Арэне” ў той дзень прысутнічала сямнаццаць тысяч гледачоў — унікальнае відовішча было! Па сёння ўсе фігурысты мараць ізноў вярнуцца на падобны трыумфальны лёд ды пры такой запаўняльнасці залы… І тады акрэсліўся новы праект…

Нечакана ў думках я правяла аналогію з аншлагамі на гарачых віцебскіх канцэртных пляцоўках у час “Славянскага базару…”. А мо ёсць сэнс лядовае шоу беларускіх фігурыстаў і зорак эстрады паспрабаваць прэзентаваць у спякотныя ліпеньскія дні, тым самым у нейкай ступені далучыўшы фестываль да справы папулярызацыі, узняцця прэстыжу нацыянальнага фігурнага катання? Падзялілася з віцэ-прэзідэнтам НАКа. У адказ пачула: “Да “Славянскага базару…” многія хацелі б “прыхінуцца”. Але агучаная вамі ідэя, мусіць, мае права на існаванне: у Віцебску — добрая лядовая пляцоўка, ды і летам яна не такая загружаная…”

/i/content/pi/cult/403/8224/1-2.jpeg

Ярмоленка, “Гуды”, Ялфімаў і свая “ВІА-ГРА” на каньках

Пустуюць, сапраўды пустуюць глядацкія месцы ў лядовых палацах, перакананы адзін з заснавальнікаў і арганізатараў праекта Сяргей Пракаповіч. Пустуюць нават пад час хакейных матчаў, бо не ўмеюць у нас прадаваць білеты, не ведаюць, як, — жорстка канстатуе ён. І дадае: прынамсі, праблема запаўняльнасці залаў лядовых палацаў — адзін з фактараў нараджэння айчыннага шоу на лёдзе. А яшчэ ўключаецца фактар дапамогі дзеючым фігурыстам, якія, як мяркуюць арганізатары, сваім спартыўным мастацтвам могуць прыцягнуць інтарэс публікі: як кажуць, і сябе паказаць, і жывую рэакцыю людзей “памацаць”. Але найперш — папулярызацыя гэтага віду спорту сярод юных яго аматараў — будучыні фігурнага катання. “Мы зразумелі, што наш праект запатрабаваны, праехаўшы з ім Ліду, Баранавічы, Магілёў, Віцебск, Гродна ды іншыя гарады Беларусі, пераканаліся, што не памыліліся”, — падкрэслівае Сяргей Іванавіч.

З фігурыстамі зразумела: ім не хапае, у прыватнасці, своеасаблівага пастаяннага трэнінгу на вачах у гледача, каб потым, выязджаючы на буйныя замежныя спаборніцтвы, дзе залы — паўнюткія, быць адаптаванымі да пільнай увагі патрабавальнай і дасведчанай публікі. А што артысты?

Яны і сапраўды падставілі плячо фігурыстам, а тым самым па першым часе наўпрост удзельнічалі ў раскрутцы праекта. Імёны — зорныя: Анатоль Ярмоленка, Эдуард Ханок, Пётр Ялфімаў, Алег Жукаў, Алег Елісеенкаў… Але ж пастаянна гастраляваць з фігурыстамі — гэта ж наўрад ці?

Аказваецца, як патлумачыў Сяргей Пракаповіч, арганізатары шукаюць цяпер пад кожнае канкрэтнае шоу маладыя таленты. “Шчыльна супрацоўнічаем з Універсітэтам культуры і мастацтваў: запрашаем музыкантаў — скрыпачоў, ударнікаў, гітарыстаў. Напрыклад, знакаміты калектыў “Гуды”, які з намі пастаянна выязджае, у прыватнасці, адкрываў наша шоу ў верасні на “Мінск-Арэне”, куды прыйшло дзесяць тысяч гледачоў. Звычайна з намі ездзяць парадку дваццаці фігурыстаў, пяць музыкантаў і чатыры-пяць артыстаў… Так, арыентуемся на моладзь. А ўвогуле ў хуткім часе ў нас заспяваюць і самі фігурысты. Ёсць такія дзяўчаты-фігурысткі, цудоўныя спартсменкі, прафесіяналы, якія і скачкі рабіць будуць, і адначасова з трукамі — спяваць. Словам, свая “ВІА-ГРА” на каньках. А чаму б і не! У фігурыстаў жа спартыўны век не доўгі: дваццаць пяць гадоў — і “пенсія”…”

Размеркавацца ды ўзяць вяршыні Авербуха?

“Але мы робім зусім іншае шоу, чым у Расіі, — парыруе мяне прадзюсар праекта Дзмітрый Лазар, калі я выказала меркаванне аб, так бы мовіць, “перапевах” шоу расійскіх фігурыстаў. — Там тэлевізійны праект, а тут людзі бачаць фігурнае катанне ўжывую. Да таго ж, пабыць на гастрольных шоу славутых расійскіх фігурыстаў не кожны можа: яны вельмі дарагія для нашага гледача…”

Я даведалася з аповеду Дзмітрыя, што ў краіне існуе тры школы фігурнага катання: дзве асноўныя — Мінская і Гомельская, яшчэ адна, менш моцная, — Віцебская. Даведалася і пра тое, што касцяк сталых удзельнікаў беларускага шоу фігурыстаў — дзеючыя трэнеры, яны выкладаюць як у маленькіх спарстменаў, так і ў дарослых. Ёсць і студэнты, якія навучаюцца на кафедрах масавых відаў спорту, фігурнага катання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі фізічнай культуры і спорту. “Мы цяпер ездзім па гарадах, па лядовых палацах, а наступны этап праекта для фігурыстаў нашага шоу — размеркаванне, якое ўсе выпускнікі атрымаюць у тыя ж лядовыя палацы. Там, у рэгіёнах, яны будуць выкладаць ды шукаць таленавітых дзяцей-самародкаў, якія часам не могуць раскрыцца, бо няма трэнера, таго, хто можа іх заўважыць, навучыць. А ў фігурнае ж катанне прыходзяць літаральна малечы: чатырох-, пяцігадовыя дзеткі…”

Яшчэ адно, вельмі важнае, я пачула з вуснаў прадзюсара: усе спартсмены, хто ўдзельнічае ў шоу-праекце, з’яўляюцца членамі зборнай Беларусі па фігурным катанні, усе маюць разрады і нават званні чэмпіёнаў. Некаторыя з іх працавалі як у праектах знакамітай Таццяны Тарасавай, так і ў куміра фігурыстаў Ільі Авербуха, якія ажыццяўляліся ў сусветнай прасторы. “Аднак у апошні час тыя, хто даведаўся пра наш праект і паўдзельнічаў у прапанаваных мерапрыемствах, прынялі рашэнне вярнуцца на Беларусь, — кажа Дзмітрый не без гонару. — Дарэчы, на нас ужо выйшлі прадстаўнікі расійскіх напрамкаў еўрапейскіх асацыяцый фігурнага катання. Беларусь для іх была неспасціжнай, невядомай у сэнсе гэтага віду спорту. Маўляў, чым мы адрозніваемся ад Расіі — хіба геаграфічна? Але я ўпэўнены: пабачыўшы нашых, яны зразумеюць, што ў нас ёсць таленавітыя хлопцы. І, мабыць, у перспектыве будуць на ўзроўні, а мо і вышэй чым Авербух ды
Плюшчанка. Бо яны — маладыя і выпраменьваюць ужо новую энергію, паказваюць сябе з новага боку…”

…Унікальны момант: арганізатары не заяўляюць у афішы ніводнага імя — ні фігурыстаў, ні артыстаў эстрады. Проста, абстрактна абвяшчаюць: “Зоркі фігурнага катання і артысты эстрады”. А людзі, ідучы на лядовае шоу, не задаюцца пытаннем, якія артысты там выступаюць, — ім цікавае само дзейства, сам лёд, фігурнае катанне. “І напрыканцы дзеі, — падкрэслівае Дзмітрый, — глядач успрымае з большай цікавасцю фігурыста, "на падпеўках” у якога аказваецца ў гэтым праекце артыст, а зусім не наадварот…”

/i/content/pi/cult/403/8224/1-3.jpeg

“Агу, людзі!..”

— Гэта сацыяльны праект, — рэзюмуе яго дырэктар Сяргей Дарашэвіч. — Ён цалкам пазбаўлены камерцыйнага сэнсу. Калі мы, як кажуць, завабім людзей на лёд — гэта ўжо наша перамога. Але найбольш важная задача — даць магчымасць маладым фігурыстам працаваць на публіцы. Яны даходзяць да чэмпіёнскіх званняў пры пустых залах, і калі выязджаюць на спаборніцтвы ў Еўропу ды на чэмпіянаты свету, то губляюцца, бо не ведалі ніколі, як працаваць на публіцы. А эмоцыя ж залы — гэта вельмі сур’ёзная нагрузка для фігурыста, тым больш, калі гледачоў збіраецца з дзясятак тысяч. І тут многія спартсмены не могуць паказаць свой сапраўдны ўзровень майстэрства, патэнцыял, вынік… У нас, на вялікі жаль, адсутнічае культура наведвання спаборніцтваў. Так, людзі збяруцца на адкрыццё ці закрыццё нейкіх маштабных гульняў, але з улікам таго, што там будзе і “развлекалка” ў тым ліку. А проста прыйсці “пахварэць” на звычайныя спаборніцтвы, дык — не. Колькі фігурыстаў даходзіць да буйных прафесійных вяршынь пры пустых залах!.. Гэта ж вялікая розніца: слухаць сімфанічны аркестр па тэлевізары ці ў філармоніі. Так і з фігурыстамі. Той, хто пабачыў іх на лядовай арэне, проста ў шоку: настолькі гэта прыгожа, эмацыйна, інакш глядзіцца… І, бадай, самае галоўнае: многія з тых спартсменаў, з-за таго, што з’ездзілі на наша шоу, узняліся ў рэйтынгу. Вось гэта і ёсць асноўнае дасягненне нашага праекта.

“Гала Чэмпіёнс”: рабіць стаўку на этна!

“Добры вечар, дарагія сябры! Вас вітае першае Беларускае лядовае шоу “Гала Чэмпіёнс”, якое ўпершыню было прадстаўлена на найбуйнейшай пляцоўцы Еўропы — “Мінск-Арэне” 9 верасня 2012 года…” Менавіта такімі словамі вядучыя Лідзія Заблоцкая і Ілья Казаноўскі прэзентуюць пачатак кожнага дзейства ў тым або іншым горадзе краіны. Абое яны, дарэчы, таксама працуюць у кантэксце шоу: Лідзія — салістка Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Беларусі, — спявае, а Ілья — шоумен, артыст размоўнага жанру, парадыст — грае ў праекце на саксафоне. Да таго ж, ён — рэжысёр лядовага шоу “Гала Чэмпіёнс”. І, зноў жа, абое выязджаюць на лёд на каньках.

— У гэтым шоу мая задача як рэжысёра — “спрацоўваць”, так бы мовіць, артыста і фігурыста. І гэта вельмі складана, — кажа Ілья. — Ехаць, адначасова граць або спяваць, нейкія фігуры ствараць — суперняпроста. Бо трэба і ў ноты трапляць, ды яшчэ кантраляваць сябе, каб не ўпасці. Канешне ж, асабіста я раней стаяў на каньках як звычайны аматар. Але ж катацца на катку для задавальнення — гэта адно, а вось граць пры тым на саксафоне (а я граю толькі пад “мінус”, бо сам прафесійны музыкант, і для мяне імітаваць гукі пад фанаграму — значыць зневажаць сябе ды публіку) — зусім іншае...

За гэтыя паўгода ад часу, як мы працуем, у нас стварылася каманда аднадумцаў — зладжаная каманда артыстаў і фігурыстаў. У далейшым будзем рабіць стаўку на аўтарскія праграмы, каб яны былі эксклюзіўна нашымі. Бо ёсць менавіта наша, беларуская, этнаграфія, шмат нацыянальнага традыцыйнага, што можна перадаць і на лёдзе. Так, ніхто не спрачаецца: на лёдзе складана. Але папулярызацыя айчыннага фігурнага катання — гэта і ёсць ідэя ўвасаблення нашай этнакультуры ў драматургію ды жыццё. Гэта і ёсць, бадай, самае галоўнае, чым мы павінны ў далейшым займацца… Я доўгі час працаваў прадзюсарам за мяжой, і тое, што там бачыў на падобных праграмах, асабліва ў плане тэхнічнага падыходу да шоу — тых жа святла, гуку, спецэфектаў, — хачу ўвасобіць у нашай дзеі. А гэта сапраўдная махіна, якую трэба падымаць…

Зразумела, прайс вымагае грошай. Але на сёння і Сяргей Іванавіч Пракаповіч, і тыя, хто фінансуе, і Федэрацыя фігурнага катання — яны гатовы падтрымліваць праект да канца. А працэс ужо нельга спыніць, і я думаю, што на пэўным этапе мы ўсё ж закупім і сваё абсталяванне, і сваё святло. На сёння мы іх арандуем у “Славянскага базару ў Віцебску”. Канешне ж, задаволены якасцю гуку, святлом, але хацелася б дэкарыраваць шоу цалкам з дапамогай найноўшых тэхналогій, якімі карыстаюцца ў свеце на падобных відовішчах.

/i/content/pi/cult/403/8224/1-4.jpeg

Чытаць “з ліста” саўндтрэк

Ды ўсё ж, як ужо акцэнтавалася маімі суразмоўцамі, галоўнымі дзеючымі асобамі на “Гала Чэмпіёнс” з’яўляюцца, прынамсі, спартсмены-прафесіяналы, чэмпіёны і прызёры розных спаборніцтваў. Безумоўна, разабрацца ва ўсіх гэтых “двайных тулупах” ды “акселях”, якія яны па-майстэрску “круцяць”, мне, недасведчанай у тонкасцях і нюансах “кухні” фігурнага катання, не выпадае. Але абысці, скажам, пытанне кшталту “Наколькі артысты дапамагаюць фігурыстам, а мо, па шчырасці кажучы, яны ім увогуле перашкаджаюць на лёдзе?” я не магла. Натуральна, пытанне трапіла да неабходнага адрасата.

Трэнер Гомельскай школы фігурнага катання Аляксандр Марозаў, які са сваімі выхаванцамі прыязджае з абласнога цэнтра на ўсе прадстаўленні, адказаў, нібыта здзівіўшыся долі правакацыйнасці ў агучанай мной сентэнцыі.

— Для нас праект — вельмі цікавы, — падкрэсліў масціты трэнер. — У Беларусі, як вядома, ён праводзіцца ўпершыню, хоць праекты падобнага роду шырока распаўсюджаны ў свеце. Няхай не мы першаадкрывальнікі гэтай ідэі, але нам выпала асэнсаваць тое лепшае, што напрацавана ў сусветнай практыцы, у прыватнасці, у еўрапейскай, ды прыўнесці сваё, нацыянальнае. Цяпер наша жыццё стала больш разнастайным, насычаным і цікавым… Ну а кантакты ў такім творчым асяродку, у праекце з зоркамі эстрады, цудоўнымі музыкантамі па-сапраўднаму ўзбагачаюць. Што нам гэта дае на практыцы? Найперш мы прывучаемся па-новаму глядзець на музычныя творы, на музычную канву, стылістыку выканання праграм. Нам прапаноўваюць абсалютна новыя цікавыя задачы: фігурысты становяцца не проста паслухмянымі выканаўцамі, якія ні на крок не адступяцца ад ужо створанага, наадварот — яны ўдзельнічаюць у імправізацыі. Напрыклад, артысты прапаноўваюць нам песню або аранжыроўку, і спартсмены літаральна “з ліста” прыдумваюць нумар. Што тут казаць: неаспрэчна, узаемнае творчае ўзбагачэнне…

...Арт-дырэктар медыя-груп, а таксама выканаўчы прадзюсар праекта “Казкі на лёдзе” Валерый Мулявін днямі вярнуўся з камандзіроўкі ў Жлобін. “Парадавала тое, што на наша шоу фігурыстаў і артыстаў амаль усе білеты прададзены, — падзяліўся ён. — Хацелася б, каб 12 студзеня ў зале Лядовага палаца быў бы аншлаг і ў горадзе Гомелі, дзе мы таксама выступаем”.

Дарэчы, Аляксандр Марозаў, трэнер згаданай гомельскай школы, рэпеціруе нумар на аснове твораў Уладзіміра Мулявіна, але пакуль яшчэ яго не паказваў. А 15 і 16 снежня на “Мінск-Арэне” пройдзе Чэмпіянат Беларусі па фігурным катанні. У яго апошні дзень, пасля ўзнагароджання пераможцаў, выйдзе на лёд і “Гала Чэмпіёнс”.

Замест рэзюмэ

…Калі праграма ў Маладзечне завяршылася пад гучныя і ўдзячныя апладысменты паўнюткай залы, якая вітала фігурыстаў і артыстаў стоячы, я папрасіла падысці да мяне самага юнага спартсмена-фігурыста — дванаццацігадовага Ваню Пракаповіча. Ён ужо мае чэмпіёнскі тытул сярод аднагодкаў, шмат іншых узнагарод. Вось што сказаў у дыктафон гэты бялявы стройны хлопчык, які адкатаў за гэты вечар некалькі сольных нумароў: “Я пачаў разумець залу, я не губляюся…”

Маналогі пра планы і мары

Пра не-топавую скіраванасць “другой скрыпкі” ды будучы мюзікл на будучай Ёлцы

Ну а цяпер — пра чыста творчы складнік у заяўленым праекце, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца вядомы беларускі кампазітар Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ:

— Для нас гэта ні ў якім выпадку не камерцыйны праект — гэта спроба зрабіць штосьці сінтэзуючае: музыка і спорт. Для чаго патрэбна змычка з эстраднымі нумарамі ў дадзеным праекце? Факт, што галоўныя ў ім — самі фігурысты. Іншая справа, што музычныя нумары патрэбны, каб не было аднастайнасці, каб фігурысты маглі перадыхнуць, пераапрануцца. І ў гэтым выпадку артысты, хоць яны часам і больш вядомыя людзі, іграюць тут ролю “другой скрыпкі”, калі можна так сказаць. Разам з тым, мы не імкнёмся пастаянна абапірацца толькі на гучныя імёны. Па-першае — каб не адцягваць увагу ад фігурыстаў. Па-другое, артыста можна паслухаць і ў канцэртнай зале. Па-трэцяе, уключаецца эканамічны фактар: аплата харчавання, праезд, ганарары. Таму абапіраемся на тых людзей, з якімі сябруем, супрацоўнічаем і якія гатовы падтрымаць нас, у тым ліку, за кошт сціплага ганарару, што мы можам ім прапанаваць.

Але прыходзім у творчасці і да таго, каб на арэне адбывалася цэласна выбудаванае лядовае шоу. На сённяшні дзень у нас ужо падрыхтаваны сцэнарый дзіцячага мюзікла, дзе ёсць свая сцэнічная канва, драматургічная лінія. Спрабуем рухацца ў гэтым напрамку, каб гледачы ўбачылі не проста абстрактнае спартыўна-музычнае дзейства, а дзейства канкрэтнае, з вызначанай рэжысурай для абранай “Казкі на лёдзе” або мо і “Навагодняй казкі на лёдзе”. Гэта — не мюзікл у брадвейскім сэнсе слова, а звязаныя сюжэтам асобныя музычныя нумары, прынамсі, як практыкавалася калісьці ў оперы. Сцэнарый мюзікла напісала цудоўны наш рэжысёр Ніна Осіпава. Яна ж павінна быць і сарэжысёрам пастаноўкі. Рэжысёрам жа абавязкова прызначым прафесіянала, які працаваў у гэтай якасці менавіта на лядовых пляцоўках.

Вельмі важныя тут і трэнер па фігурным катанні, і харэограф. Цяпер у нашым першым шоу мы выкарыстоўваем і светлавыя эфекты, і гук дадатковы ўводзім. А ў мюзікле, да ўсяго, будуць апранаць канцэртна-тэатральныя касцюмы персанажаў, накладваць грым, мае разгортвацца нейкая гісторыя, і г. д. — словам, цэласны спектакль. І вось тут патрэбна апрабацыя вышэй згаданай змычкі, бо фігурысты не з’яўляюцца прафесійнымі шоуменамі, і патрэбна, каб яны зразумелі, што гэта за від мастацтва. Але і артыстам, і спартсменам давядзецца адчуць агульнае дыханне прадстаўлення: фігурыстам неабходна зразумець, дзе можна катацца разам, дзе, умоўна кажучы, “акампаніраваць” сваім катаннем артысту, і наадварот.

Стварэнне дзіцячага лядовага шоу — найважнейшая задача. У нас мала падобных прадстаўленняў для дзяцей. Маленькі чалавек прыйдзе на казку-шоу, а там, глядзіш, — і захопіцца гэтым відам спорту. Да таго ж, тое відовішча — цікавая забава, чаго для дзяцей не бывае зашмат. А яшчэ ў перспектыве на “Мінск-Арэне” можна будзе праводзіць сваю лядовую Ёлку, і марым, каб яна была не менш цікавай за тую, што праводзіцца ў Палацы Рэспублікі, цікавай дзецям сваёй навізной. А Ёлка на лёдзе — гэта тое, чаго не можа сабе дазволіць ніякая іншая пляцоўка, ніякі іншы палац, акрамя як лядовы.

Урэшце, гэта перспектыўныя планы, якія вымагаюць асобнага бюджэту. Як толькі ён складзецца, так і прыступім да ажыццяўлення мары…

...Я патэлефанавала аўтару літаратурнага сцэнарыя дзіцячага мюзікла — рэжысёру Ніне Віктараўне Осіпавай, каб даведацца пра новую яе творчую іпастась. “Для мяне гэтая прапанова была нечаканай і прыемнай, бо гэта сапраўды новае ў маёй практыцы. Пісала сцэнарый ужо з разлікам на лёд. Ён закранае тэмы, на якія хочацца гаварыць з дзецьмі. Кніга ці камп’ютар… Бураціна і Гары Потар… Імгненнае і вечнае… Карацей, сюжэт мюзікла — гэта трыумф Кнігі!

“По-то-лок ле-дя-ной…” ды іншая настальгія

Ну канешне ж, пазнала: па калідорах Лядовага палаца ў Маладзечне насустрач шпарка рушыў Эдуард Сямёнавіч ХАНОК, які падзяліўся эмоцыямі пасля свайго выступлення і бісіравання з гэтай нагоды публікі ў зале:

— Я ўжо ў другі тур езджу. А першы вялікі тур пачаў з Ліды. Увогуле, мне вельмі падабаецца выступаць апошнім часам, бо гэта вяртае мяне ў маю маладосць. Без усялякіх комплексаў выходжу на лёд. Аднойчы паслізнуўся і ледзь не ўпаў. Ведаеце, калі “заносіць”, ідуць эмоцыі, перастаеш страхавацца, каб не ўпасці. Мару ў гэтым праекце выехаць да гледача на каньках, так, вельмі хачу! У юнацтве катаўся на “нажах” — канькі такія, з доўгім лязом. Але на іх жа праходку па лёдзе не зробіш. А таму, калі знайду варыянт, дык выйду абавязкова…

Пацікавілася ў народнага артыста Беларусі пра ягоны “хіт у тэму” праекта, маючы на ўвазе, вядома ж, суперпапулярны шлягер пра ледзяную столь у хацінцы на ўскрайку лесу:

— Вось калі б “Палеская зорачка” была тут… Яны ж гэта танцуюць, ды толькі на падлозе… Як вы кажаце, паставіць іх на канькі? А што, падказка добрая! Тым больш, і касцюмы зімовыя ў іх ёсць. Можна паспрабаваць вывесці на які-небудзь “важны лёд”… Усё, я “завёўся”! Сам — на канькі, дзяцей — на канькі, і — “то ли еще будет, ой-ёй-ёй”! Словам, пажывём — пабачым…

Фота аўтара