12.12.12.: “тры ў адным” = нічога?

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Арыфметыка супадзенняў, або Ізноў пра алібі абласных філармоній

Наступная серада ўвойдзе ў гісторыю нацыянальнай культуры не толькі “містычным” спалучэннем лічбаў — 12.12.12, — але і прынцыпам адначасовасці, даведзеным да абсурду. А 19-й гадзіне, акрамя разнастайных лакальных імпрэз, маюць адбыцца ажно тры падзеі, наўпрост звязаныя з далейшым развіццём і прасоўваннем нацыянальнага складніка ў нашай музыцы.

Гэта цырымонія ўручэння Другой Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва, прэм’ера rondo-оперы Ларысы Сімаковіч “Люцыян Таполя” паводле аднайменнай паэмы Максіма Танка да стагоддзя з дня нараджэння паэта, а таксама прэм’ера новай пастаноўкі оперы Сяргея Картэса “Юбілей” сіламі опернай студыі Акадэміі музыкі (да 80-годдзя гэтай ВНУ). Усе гэтыя мерапрыемствы пройдуць, вядома, на розных пляцоўках: у Палацы спорту, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у Канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — відаць, каб “ахапіць” ідэяй беларускасці ўсю сталіцу. Ці, пэўна, каб падкрэсліць, што падобных беларускіх прэм’ер у нашай культуры так шмат, што іх немагчыма размеркаваць інакш: на адну часавую адзінку, маўляў, іх трывала, штодзень, прыпадае па некалькі.

Не менш адметным, дарэчы, быў і ўчарашні вечар — 7 снежня. Лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі выступалі адначасова на дзвюх пляцоўках. У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбыўся эстрадны канцэрт “Таленты Беларусі”. А ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі распачаўся цыкл канцэртаў, прысвечаны святкаванню 80-годдзя Акадэміі музыкі, што традыцыйна з’яўляецца адной з ВНУ з найбольшай колькасцю тых самых лаўрэатаў і стыпендыятаў: гэтым днём там выступілі калектывы ды музыканты, якія граюць на народных інструментах.

Цікава, ці займее працяг такі беларускі “зоркапад”? Для пачатку мы паспрабавалі высветліць, наколькі гатовы прыняць тую ж rondo-оперу “Люцыян Таполя” абласныя філармоніі. Датэлефанаваліся да Віцебска. Дырэктар Алена Падаляк пракаменціравала сітуацыю наступным чынам: “Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча — вельмі вялікі калектыў, таму прыняць яго не так проста. Шмат залежыць ад умоў, на якія пагодзяцца музыканты: самая вялікая частка выдаткаў тут прыпадае, зразумела, на праезд. Да таго ж, снежань у нас традыцыйна праходзіць пад знакам Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салярцінскага, восем канцэртаў якога завершацца 22-га, выступленнем ансамбля салістаў “Класік-Авангард”, дзе будуць гучаць і беларускія творы. Таму на штосьці яшчэ сабраць публіку будзе вельмі цяжка. Ну а далей — будзем глядзець…”

У Брэсце, як вядома, хутка распачнецца ХХV Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” — таксама без згаданай rondo-оперы. Можна, вядома, спаслацца на тое, што нельга дзяліць шкуру незабітага мядзведзя: маўляў, няхай спачатку прэм’ера адбудзецца, тады і будзем прыкідваць, што і як з ёй рабіць далей. А можна паразважаць інакш: хто ўвогуле ў нас зацікаўлены ў прасоўванні падобных беларускіх праектаў? Бо “Люцыян Таполя” — гэта ўжо не першы зварот усё таго ж аркестра імя І.Жыновіча да нацыянальнай паэзіі. Былі адноўлены “Гусляр” Ігара Лучанка і “Песня пра долю” Уладзіміра Мулявіна паводле Янкі Купалы. Той жа Ларысай Сімаковіч быў створаны “Апокрыф” паводле Максіма Багдановіча. Ці пачулі гэтыя работы самі беларусы, акрамя, вядома, сталічнай эліты, што рабіла аншлагі ў філарманічнай зале?

— Вывезці буйныя творы ў тыя ж рэгіёны пакуль не атрымліваецца, — кажа мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Казінец. — Але на кожную такую прэм’еру мы запрашаем прадстаўнікоў абласных філармоній, каб яны маглі хаця б пазнаёміцца з новай работай. Праўда, звычайна ніхто не прыязджае…

Дык вось, пэўна, чым так карысна адначасовае правядзенне некалькіх розных беларускіх прэм’ер! Па меншай меры, у запрошаных заўсёды будзе “алібі”: маўляў, не былі тут, бо былі там. І наадварот. Хаця… Бывае і так, што не былі — нідзе. А што? Усё правільна: каб нікога не пакрыўдзіць! Зрэшты, згадаем тут нядаўні матэрыял “Алібі для абласной філармоніі” (гл. “К” № 45 за 2012 г.).

Падобныя асаблівасці канцэртна-гастрольнай дзейнасці вартыя таго, каб быць адлюстраванымі хаця б у нейкім сацыялагічным даследаванні. Да прыкладу, такая тэма: уздзеянне канцэртна-тэатральнай афішы на фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Цікава, што, пры жаданні, гэтую праблематыку можна скіраваць адно ў пазітыўны бок: пералічыць падрыхтаваныя прэм’еры. І, галоўнае, не забыцца на іх жанравыя азначэнні: той жа “Апокрыф” быў названы мюзіклам, “Люцыян Таполя” — операй з прыстаўкай “rondo”, чаго ўвогуле не сустракалася раней у сусветнай практыцы. А пра тое, што ўсё гэта існуе ў напаўканцэртным выкананні, блізкім да “аднаразовага”, лепш не згадваць.

Затое опера С.Картэса “Юбілей” атрымлівае ажно чацвёртую пастаноўку! Спачатку ставілася нашым Вялікім тэатрам для опернага фестывалю ў Швейцарыі, арганізатары якога і замовілі кампазітару гэты новы твор і яго сусветную прэм’еру. Чым не прыклад удалага “экспарту”? Потым быў студэнцкі варыянт Акадэміі музыкі ды Акадэміі мастацтваў, пад піяніна і ўдарныя замест аркестра. Далей — яшчэ адна “экспартная пастаноўка”: паўнавартасны спектакль у Маскоўскім акадэмічным музычным тэатры імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Нарэшце, цяперашняя версія — зноў жа, маладзёжная і, адпаведна, блізкая да “аднаразовай”.

Так што з нацыянальным музычна-тэатральным рэпертуарам у нас — усё ў парадку! А пра тое, што ўручэнне Нацыянальнай прэміі запланавана быццам бы “як альтэрнатыва” іншым нацыянальным прэм’ерам, лепш не згадваць. Як і пра папулярызацыю нацыянальнага мастацтва ўвогуле: то “ўсё разам”, па прынцыпе “тры ў адным”, — то нічога. Бо тады “карцінка” стане не такой вясёлкавай.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"