Спіс спрыяе кан’юнктуры

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

“Непажаданае суседства” ці новыя магчымасці: мясцовыя праблемы сусветнай спадчыны

Другі Рэгіянальны семінар краін — удзельніц СНД з міжнародным удзелам, які прайшоў 21 — 24 лістапада ў Мінску і Міры, меў назву “Захаванне Сусветнай спадчыны ў кантэксце новых глабальных выклікаў”. Тым не менш, гаварылася на ім не толькі пра маштабныя пагрозы — такія, як змена клімату, стыхійная ўрбанізацыя і прэс турызму, — але таксама і пра невялікія, здавалася б, праблемы, датычныя буйных помнікаў беларускай спадчыны. На многія з іх эсперты звяртаюць увагу далёка не ўпершыню, іншыя ж усплылі на паверхню толькі нядаўна, па завяршэнні маштабнай рэстаўрацыі.

/i/content/pi/cult/403/8222/1-3.jpeg

“Грыбкі” побач з замкам

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а Мірскі замак — з аўтастаянкі, куды прыбываюць турысты. Гандлёвыя павільёны “вясёленькіх расфарбовак”, што яе атачаюць, наўрад ці спрыяюць пагружэнню ў атмасферу даўніны.

— Безумоўна, яны ўносяць у дадзены культурны ландшафт пэўны дысананс, негатыўна ўплываюць на ўспрыяццё помніка спадчыны, — адзначыў пад час семінара начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. — Перакананы ў тым, што гэты гандлёвы аб’ект павінен займець нейкае больш спрыяльнае візуальнае вырашэнне, яго неабходна “ўпісаць у канву” замка…

Тэма не новая: яе мы неаднаразова закраналі цягам мінулых гадоў на старонках газеты. Як адзначыла дырэктар Замкавага комплексу “Мір” Вольга Папко, паўплываць на сітуацыю яна не можа: на гэтую тэрыторыю кампетэнцыя музея не распаўсюджваецца, бо стаянка належыць мясцовым уладам. Апошнія, у сваю чаргу, неаднаразова агучвалі намер неяк яе ўпарадкаваць, але... аранжавыя павільёны па-ранейшаму “радуюць вока”. Таму музейны комплекс мае намер узяць гэтую пляцоўку ў доўгатэрміновую арэнду і ўжо самастойна шукаць зацікаўленага інвестара альбо нават укласці ўласныя сродкі ў пабудову стылізаванага сярэднявечнага рынку.

/i/content/pi/cult/403/8222/1-1.jpeg

Падобная праблема існуе і ў Нясвіжы: як адзначыў Ігар Чарняўскі, брызентавыя “грыбкі” летняй кавярні, усталяваныя за два крокі ад замка, не надта ўпісваюцца ў культурны ландшафт. Тут сітуацыя з размежаваннем уласнікаў дакладна паўтарае апісаную вышэй: парк музейнай установе ўжо не належыць.

— Наогул, часам складваецца ўражанне, што мясцовыя органы ўлады альбо як бы “не заўважаюць” помнікі Сусветнай спадчыны, што знаходзяцца на іх тэрыторыі, альбо нават умешваюцца ў тыя працэсы, якія павінны рэгуляваць менавіта спецыялісты ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, — канстатаваў Ігар Чарняўскі.

Увогуле, пра ролю мясцовых улад пад час сустрэчы экспертаў гаварылася вельмі шмат — аргументавана і пераканаўча. Адно што гэтыя заклікі не мелі непасрэдных адрасатаў: запрошаныя на семінар прадстаўнікі Карэліцкага і Нясвіжскага райвыканкамаў, на жаль, не знайшлі часу для ўдзелу ў ім.

Схаваць ад вачэй турыстаў

Праблему інфраструктуры, што атачае суперпапулярныя сярод турыстаў помнікі спадчыны, удзельнікі семінара здолелі адчуць непасрэдна. Вольных нумароў для размяшчэння якіх трыццаці чалавек у абодвух мірскіх гатэлях не ўдалося “наскрэбці” нават у “несезон”, і частку гасцей вазілі начаваць у Гарадзею, за пятнаццаць кіламетраў ад замка.

Зрэшты, сітуацыя спакваля выпраўляецца, але... тут узнікаюць новыя праблемы. Прыкладам, недабудаваны пакуль гатэль у цэнтры Нясвіжа паўстаў яўна не ў самым лепшым месцы — прынамсі, так мяркуюць спецыялісты ў сферы аховы спадчыны. Па словах Ігара Чарняўскага, заканадаўства ў дадзеным выпадку парушана не было: навабуд узнік за лічаныя метры ад межаў буфернай зоны. Затое парушаецца візуальная сувязь паміж замкам і яшчэ адной гістарычнай дамінантай — былым кляштаром бенедыкцінак.

— Праблема яшчэ і ў тым, што ў нашым заканадаўстве адсутнічае паняцце буфернай зоны, — распавяла каардынатар семінара — начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч. — На першы погляд, яно быццам супадае з зонай рэгуляванай забудовы, але гэта ўсё ж не адно і тое ж. Таму гутарка вядзецца і пра тое, каб неяк юрыдычна вылучыць аб’екты Сусветнай спадчыны і “кандыдатаў” з папярэдняга Спіса, стварыць для іх іншае нарматыўнае поле…

Здавалася б, у Міры падобных праблем існаваць не павінна: архітэктоніка і ландшафт мястэчка за стагоддзі істотна не змяніліся. Тым не менш, падыходзячы да замка, турыст бачыць на даляглядзе немалых памераў сучасны гмах. Як паведаміла Вольга Папко, мясцовы спіртзавод “разбудаваўся” параўнальна нядаўна, ужо ў нашым стагоддзі. Спецыялісты мяркуюць, што замест яго павінен быў узнікнуць зусім іншы аб’ект — турыстычны. Прыкладам, гатэль у адноўленым з падмуркаў палацы Святаполк-Мірскіх. Але... Зразумела ж, пра тое, каб “выкарчаваць” гэтую новую вежу, сёння нават гаворкі ўжо не можа весціся.

Адзін з удзельнікаў семінара — намеснік дырэктара Дэпартамента культурнай спадчыны Літвы Альгімінтас Дэгуціс прапанаваў надзвычай цікавае рашэнне гэтай праблемы: закрыць сучасны гмах з дапамогай своеасаблівай “сцяны кветак” — адмысловай канструкцыі з аўтаматычным водапад’ёмам, якая можа мець любыя абрысы. Такія тэхналогіі ўжо выкарыстоўваюцца шмат дзе ў свеце і не так даўно былі апрабаваны ў Паланзе: падобныя праблемы паўстаюць даволі часта.

/i/content/pi/cult/403/8222/1-2.jpeg

— “Зялёная сцяна” можа ператварыць дысанансны аб’ект у яшчэ адну атракцыю, — перакананы Альгімінтас Дэгуціс. — Але, вядома, парупіцца пра яе стварэнне павінен сам уласнік, гэта залежыць ад яго пазіцыі…

Падобныя ноу-хау для нас сапраўды вельмі важныя: многія з тых аб’ектаў, якія ўключаны ў папярэдні Спіс Сусветнай спадчыны, таксама маюць непажаданае суседства. Як, зрэшты, і іншыя знакавыя помнікі Беларусі: той сельскагаспадарчы аб’ект, што ўзвышаецца ледзь не ўсутыч з Гальшанскім замкам, даўно ўжо пара схаваць ад вачэй турыстаў…

Урэшце, у гістарычныя ландшафты апошнім часам сталі ўкліньвацца і праявы прагрэсу — вышкі сотавых аператараў. Вось і ў Міры яны былі ўстаноўлены на будынку каледжа, які суседнічае з замкам. Як падкрэсліў Ігар Чарняўскі, для іх там не самае лепшае месца.

Не пачувацца “чужародным элементам”

Суседства гэтай прафесійна-тэхнічнай навучальнай установы з помнікам спадчыны было абрана ў свой час невыпадкова: мерквалася, што навучэнцы каледжа, якія атрымліваюць рэстаўратарскія спецыяльнасці, будуць практыкавацца на руінах замка. Ды, як вядома, гісторыя апошняга склалася інакш...

— І вось, цяпер мы маем у сябе пад бокам натоўп малакіраванай моладзі, схільнай да вандалізму, — кажа Вольга Папко. — Літаральна з месяц таму пятнаццацігадовы хлопец зламаў тры ліхтары нашай шыкоўнай падсветкі... Нам падаецца, што такой установе ў турыстычнай зоне не месца, бо яна стварае для нас нямала праблем…

Прывёўшы гэты прыклад, дырэктар музейнага комплексу справакавала дыскусію на актуальную ў рамках канвенцый UNESCO тэму: стаўленне да помнікаў Сусветнай спадчыны мясцовай супольнасці. Па вялікім рахунку, раней на гэты конт ніхто асабліва не задумваўся.

— А ці магчыма вырашыць праблему вандалізму зусім іншым чынам: выкарыстаўшы свой культурна-адукацыйны патэнцыял для ўплыву на ментальнасць навучэнцаў? — задалася пытаннем праграмны спецыяліст Бюро UNESCO ў Маскве Любава Морава.

Ала Сташкевіч пераканана ў тым, што выхаваўчыя задачы помнікаў Сусветнай спадчыны не менш важныя за прыцягненне турыстаў. Асабліва калі справа датычыцца моладзі.

— Ёсць методыкі работы з такой спецыфічнай часткай супольнасці, існуюць маладзёжныя арганізацыі, здатныя дапамагчы ў рэалізацыі адукацыйных праектаў: скажам, тыя ж самыя рыцарскія клубы, — кажа яна. — І калі належна выкарыстаць гэты патэнцыял, навучэнцы каледжа, мабыць, ужо не будуць усведамляць сябе “чужароднымі элементамі” па суседстве з шыкоўным замкам. Іншая справа, што падобнай сацыяльна-культурнай дзейнасцю ў нас мала хто займаецца…

Правёўшы ў Міры некалькі сутак, многія ўдзельнікі семінара адзначылі, што замак нібы аддзелены ад мястэчка нейкім нябачным мурам: абодва жывуць сваім уласным жыццём, нібыта не звяртаючы адно на аднаго ўвагі. Ізноў жа, гэта не адпавядае тым прынцыпам, якія дэкларуе UNESCO.

— Трэба разумець, што межы аб’екта Сусветнай спадчыны не вызначаюцца сценамі замка — яны куды большыя нават за ўсталяваныя ахоўныя зоны, — кажа Ала Сташкевіч. — І таму неабходна выбудаваць цэлую стратэгію ўзаемаадносін з мясцовай супольнасцю — у прыватнасці, ведаць яе меркаванне адносна важных рашэнняў. Трэба “апусціцца” з замкавых вежаў да простых жыхароў, умець іх выслухаць і часам браць на сябе тыя функцыі, што выходзяць па-за рамкі прафесійных абавязкаў музейных работнікаў...

Зрэшты, як паказвае сусветная практыка, у тых мясцінах, якія сталі турыстычнымі цэнтрамі ўжо даўно, згаданая праблема інтэграцыі вырашылася неяк сама сабою. Хаця б праз тое, што мясцовыя жыхары знаходзяць магчымасць зарабіць сякую-такую капейчыну — няхай сабе нават такім банальным спосабам, як арэнда жылля ды транспартныя паслугі. І наўрад ці жыхары Міра маюць нейкія непераадольныя перашкоды для рэалізацыі гэтых магчымасцей.

Марна шукаючы на вуліцах Міра таксоўку або прыватную маршрутку і міжволі праводзячы паралелі, скажам, з турцэнтрамі ў Карпатах, разумееш, што мястэчка яшчэ проста не звыклася са свай новай роляй. На гэта патрэбны час.

Між іншым, кан’юнктура для такіх паслуг сапраўды навідавоку. Па старой і нядобрай традыцыі, апошні аўтобус, што злучае Мір з “вялікім светам”, адыходзіць прыблізна а шостай вечара. Шыкоўная падсветка замка прызначана, па сутнасці, для шчаслівых уладальнікаў аўто: відавочна, што пры распрацоўцы раскладу транспарту турыстычныя асаблівасці мястэчка зусім не ўлічваліся.

Напярэдадні іспыту

Як адзначыла Ала Сташкевіч, краіны, на тэрыторыі якіх знаходзяцца помнікі Сусветнай спадчыны, раз на шэсць гадоў павінны падрыхтаваць справаздачу аб іх выкарыстанні, запоўніўшы падрабязную анкету, што займае больш за сто старонак. І нас гэты складаны экзамен чакае ўжо ў наступным годзе.

Паводле яе слоў, баяцца нездавальняючай адзнакі нам не выпадае: тыя моманты, што выклікалі заўвагі экспертаў UNESCO адносна рэстаўрацыі і музеефікацыі, ужо выпраўлены альбо пакрысе выпраўляюцца (апошняе датычыцца, прыкладам, напаўнення экспазіцый арыгінальнымі прадметамі замест муляжоў). Гэта ўскосна магла засведчыць і рэакцыя на ўбачанае ў Міры і Нясвіжы ўдзельнікаў семінара — часам крытычная ў дачыненні да дэталей, але збольшага станоўчая.

— Аднак галоўная наша мэта ўсё ж — не толькі вытрымаць іспыт, — пераканана Ала Сташкевіч. — Самае важнае — гэта самааналіз, выяўленне тых праблем, з якімі мы сутыкнуліся, і, безумоўна, унясенне пэўных змяненняў у планы кіравання аб’ектамі, удасканаленне іх менеджменту. Дзякуючы семінару многія з гэтых праблем у чарговы раз звярнулі на сябе ўвагу…

Безумоўна, яны датычацца не толькі аб’ектаў з “элітнага” Спіса UNESCO, але і куды больш сціплых культурных каштоўнасцей. Удзельнік семінара, вядомы расійскі вучоны Юрый Вядзенін, які ўзначальвае Інтытут спадчыны Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, адзначыў карэспандэнту “К”:

— Я перакананы ў тым, што помнікі Сусветнай спадчыны павінны быць своеасаблівымі “палігонамі” для выпрацоўкі сучасных методык аховы аб’ектаў спадчыны, якія з цягам часу будуць распаўсюджаны і на ўсе астатнія культурныя каштоўнасці адпаведнага профілю. Бо калі ў нашай працы на ніве UNESCO адсутнічае повязь з усёй сістэмай аховы спадчыны, я ніякага сэнсу ў ёй не бачу…

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Мір — Мінск

Фота Вольгі ДЗМІТРЫЕВАЙ