Партызанскі антураж

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

Арыгінальная акцыя распачалася гэтымі днямі ў сценах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, да 11 студзеня будзе працаваць выстаўка-конкурс на лепшую хатку для партызанскага Дзеда Мароза "Сярод соснаў і бяроз…".

Як адзначыла супрацоўнік аддзела развіцця музея Настасся Наркевіч, галоўнае патрабаванне да ўдзельнікаў конкурсу — работа павінна адпавядаць партызанскай тэматыцы, адлюстроўваць ваенны побыт. Пры вызначэнні пераможцы журы конкурсу будзе ацэньваць арыгінальнасць выкарыстаных матэрыялаў і тэхнік, узровень мастацкага вырашэння, якасць выканання, творчую прэзентацыю работ.

Аўтар самай арыгінальнай "партызанскай" хаткі атрымае сучасны лічбавы планшэт ад спонсара ўстановы. Акрамя таго, усіх удзельнікаў акцыі чакаюць салодкія, а таксама памятныя падарункі ад музея.

Па словах Настассі Наркевіч, з першых дзён акцыі адчуваецца зацікаўленасць з боку аматараў айчыннай гісторыі. Варта адзначыць, што інфармацыю, якая дапаможа ў стварэнні праектаў, можна знайсці ў бібліятэцы музея, выставачных і экспазіцыйных залах, а таксама атрымаць у навуковых супрацоўнікаў установы.