Геральдычная анімацыя

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

На студыі мультыплікацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” завершаны першы цыкл гістарычна-пазнавальнай стужкі “Аповесць мінулых гадоў”. Аўтар сцэнарыя Дзмітрый Якутовіч нездарма абраў для назвы фільма імя славутага летапісу — у новым праекце беларускіх аніматараў расповед ідзе пра старадаўнія гербы нашых гарадоў. Фінансаваўся праект дзякуючы гранту з Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

 /i/content/pi/cult/137/822/Apovesc-min-gadou1.jpg

— Наша задача — распавесці, апрача некаторых гістарычных момантаў, пра традыцыі, адметнасці таго ці іншага горада, — расказаў адзін з аўтараў гэтага праекта, рэжысёр Аляксандр Ленкін. — Мастацкімі сродкамі мы хочам нагадаць гледачам пра іх карані.
Для ажыццяўлення мастацкіх планаў аніматары павінны былі ўкласціся ў хвіліну сорак пяць секунд на кожны герб. Пры працы з такім складаным матэрыялам памылкі не дапушчальныя, таму здымачная група рупліва збірала гістарычную інфармацыю з самых розных крыніц, падымала архівы ў Нацыянальнай бібліятэцы, кансультавалася ў супрацоўнікаў Геральдычнага савета пры Прэзідэнце РБ.
... Першапачаткова здымаць карціну мусіў Ігар Волчак, аднак з прычыны доўгага падрыхтоўчага перыяду пачатак саміх здымак зацягнуўся, і таму было вырашана “падзяліць” фільм паміж трыма асобнымі групамі. У выніку задача ўскладнілася, але ж творчы вынік атрымаўся яшчэ больш цікавы. Рэжысёры працавалі ў розных тэхніках. Напрыклад, серыю пра Брэст Аляксандр Ленкін зрабіў маляванай, “Мінск” Уладзіміра Пяткевіча зняты ў тэхніцы камп’ютэрнай перакладкі, а саракасекундны ролік на пачатку стужкі, які паведамляе аб гісторыі паходжання саміх гербаў, і перабіўкі паміж фільмамі Міхаіл Тумеля выканаў у пясочнай тэхніцы. Ужо ў жніўні з’явіліся серыі пра Гродна— Ігара Волчака, Гомель — Ірыны Кадзюковай, Магілёў — Наталлі Хаткевіч, Віцебск — Аляксандра Ленкіна. А агучыў іх Сяргей Журавель.
Фільм зроблены настолькі пераканаўча, што ён адразу ж атрымаў вышэйшую катэгорыю,

 /i/content/pi/cult/137/822/Apovesc-min-gadou2.jpg

хаця звычайна такой адзнакі дабіваюцца толькі тыя стужкі, якія ўжо даўно знаходзяцца ў пракаце і маюць прэстыжныя фестывальныя прызы, збіраючы вялікую колькасць гледачоў. На жаль, пабачыць “Аповесць мінулых гадоў” змаглі пакуль што толькі брэсцкія школьнікі, якія наведалі конкурсную праграму сёлетняга Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнага кіно.
— Мы з калегамі зрабілі вельмі добры фільм, але складваецца такое ўражанне, быццам ніхто не ведае пра “Аповесць…”, — узрушана распавядае Аляксандр Ленкін. — Калі на закрыцці брэсцкага кінафестывалю я пачаў пытаць ў горадакіраўніцтва пра наш праект, яны разводзілі рукамі.
Ці іншы прыклад: нядаўна сталіца святкавала 940-годдзе. Чым не нагода паказаць мультфільм пра Мінск? Тым больш, што кінапраект “Аповесць мінулых гадоў” зроблены такім чынам, што яго можна паказваць цалкам альбо асобнымі серыямі. Мінчане б ганарыліся тым, што мы зрабілі такі праект для іх, для гасцей горада. Аднак гэтага не адбылося…
І ўсё ж падобныя непаразуменні пакуль не парушаюць галоўнага — прагу аніматараў здымаць наступныя геральдычныя гісторыі. Яны ўжо акрэслілі ў кожнай вобласці па горадзе: Аляксандр Ленкін запусціў праект, прысвечаны Чэрвеню, Яўген Надточэй працуе над Полацкам, мастак-пастаноўшчык Таццяна Кубліцкая дэбютуе серыяй пра Шклоў. А планы сягаюць яшчэ далей.
І надзвычай прыемна, што “Лістапад”аўская праграма дасць магчымасць пазнаёміцца з гэтым безумоўна цікавым і маштабным праектам на шырокім экране.

Настасся ПАНКРАТАВА
На здымках: кадры з мультфільма
“Аповесць мінулых гадоў”.