Музыка, графіка, слова

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

3 снежня ў Віцебску адкрыўся ХХІV Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага, які прадоўжыцца амаль тры тыдні. Галоўная асаблівасць сёлетняга свята, што з’яднала прадстаўнікоў Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Францыі, — прымеркаванасць да 110-годдзя з дня нараджэння знакамітага музыказнаўцы і тэатральна-музычнага крытыка, імя якога носіць фестываль.

Ураджэнец Віцебска, Іван Салярцінскі вучыўся і працаваў у Санкт-Пецярбургу. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што самыя, бадай, трывалыя сувязі наладжаны ў фестывалю з расійскімі даследчыкамі ды музыкантамі. Вось і сёлета большая частка выступленняў на традыцыйных Навуковых чытаннях, што ладзяцца ў рамках фестывалю, была прысвечана не толькі асобе ды творчай дзейнасці І.Салярцінскага, але і беларуска-расійскім культурным узаемадзеянням. Госцем Віцебска стаў сын музыказнаўцы — Дзмітрый Салярцінскі. У Музычнай гасцёўні была адкрыта выстаўка графікі яшчэ аднаго яго сваяка — Мікіты Шаркова-Салярцінскага, які некалькі гадоў таму пайшоў з жыцця. Да цяперашняга юбілею быў выдадзены зборнік артыкулаў, дзе знайшлі адлюстраванне і гісторыя віцебскага фестывалю, і ўласна навуковыя даклады, што рабіліся на чытаннях у розныя гады.

Канцэртная афіша фестывалю складзена, пераважна, з расійскіх выканаўцаў. Але фіналам стане беларуска-польскі праект "Колазварот", з якім віцебская публіка пазнаёміцца ўжо на наступны дзень за сталічнай.

Н.Б.