"Пераўзброеныя" лялькі

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

14 снежня пасля дзевяцімесячнай рэканструкцыі адкрываецца абноўлены Гродзенскі абласны тэатр лялек.

— Варта нагадаць, што гэта самы старадаўні дзеючы ў Беларусі тэатр, — заўважыла "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. — Рэканструкцыя з тэхнічным пераўзбраеннем пачалася ў 2011-м, але яе асноўны этап прыйшоўся на 2012 год. Лічу, будаўнікі выдатна справіліся з задачай…

/i/content/pi/cult/403/8214/2-2.jpeg

За гэты час рэстаўрацыйныя работы былі праведзены ў памяшканнях тэатра, на сцэнічнай пляцоўцы, у глядзельнай зале. Прыбудаваны новы адміністрацыйна-гаспадарчы блок для майстэрні, дырэкцыі і дапаможных службаў. Набыта і ўстаноўлена новае светлавое, гукаўзмацняльнае абсталяванне, дымавая машына і машына для штучнага снегу. Таксама ўзмоцнены канструкцыі будынка, заменены камунікацыі. Па словах Алены Клімовіч, вельмі важна, што ў старадаўнім будынку захаваўся шэраг аўтэнтычных рэчаў. Гэта і інтэр’еры, і старадаўняя драўляная лесвіца, а таксама цэнтральная крыштальная люстра ў глядзельнай зале. Работы па рэканструкцыі фінансаваліся па абласной інвестпраграме, згодна з якой на рамонтныя работы было выдаткавана каля 31 мільярда рублёў.

/i/content/pi/cult/403/8214/2-3.jpeg

Нагадаем, па выніках сёлетняй ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі трыумфатарамі сталі менавіта гродзенскія лялечнікі з "Пікавай дамай" у пастаноўцы Алега Жугжды. А 16 снежня ў абноўленым тэатры гледачоў чакае спектакль "Паляванне на зубра" па матывах паэмы Міколы Гусоўскага.

Фота Сяргея ГАЎРЫЦКАГА

На здымках: апошнія штрыхі да абноўленага тэатра.