— Варта нагадаць, што гэта самы старадаўні дзеючы ў Беларусі тэатр, — заўважыла "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. — Рэканструкцыя з тэхнічным пераўзбраеннем пачалася ў 2011-м, але яе асноўны этап прыйшоўся на 2012 год. Лічу, будаўнікі выдатна справіліся з задачай…
За гэты час рэстаўрацыйныя работы былі праведзены ў памяшканнях тэатра, на сцэнічнай пляцоўцы, у глядзельнай зале. Прыбудаваны новы адміністрацыйна-гаспадарчы блок для майстэрні, дырэкцыі і дапаможных службаў. Набыта і ўстаноўлена новае светлавое, гукаўзмацняльнае абсталяванне, дымавая машына і машына для штучнага снегу. Таксама ўзмоцнены канструкцыі будынка, заменены камунікацыі. Па словах Алены Клімовіч, вельмі важна, што ў старадаўнім будынку захаваўся шэраг аўтэнтычных рэчаў. Гэта і інтэр’еры, і старадаўняя драўляная лесвіца, а таксама цэнтральная крыштальная люстра ў глядзельнай зале. Работы па рэканструкцыі фінансаваліся па абласной інвестпраграме, згодна з якой на рамонтныя работы было выдаткавана каля 31 мільярда рублёў.
Нагадаем, па выніках сёлетняй ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі трыумфатарамі сталі менавіта гродзенскія лялечнікі з "Пікавай дамай" у пастаноўцы Алега Жугжды. А 16 снежня ў абноўленым тэатры гледачоў чакае спектакль "Паляванне на зубра" па матывах паэмы Міколы Гусоўскага.
Фота Сяргея ГАЎРЫЦКАГА
На здымках: апошнія штрыхі да абноўленага тэатра.