Як паведаміў "К" метадыст мясцовага РМУ Сяргей Жылік, у склад гэтага ўнікальнага помніка гісторыі і навукова-тэхнічнай думкі з калекцыі Сусветнай культурнай спадчыны UNESCO ўваходзіць геадэзічны пункт Тупішкі, размешчаны непадалёк ад Гальшан. Таму цалкам лагічна, што стварэннем музея, прысвечанага Дузе Струвэ, заняліся супрацоўнікі Гальшанскай сельскай бібліятэкі.
Па словах яе загадчыка Ліліі Рагінскай, музей будзе існаваць як у віртуальнай, так і ў рэальнай прасторы. Знайсці яго ў Інтэрнэце можна будзе па адрасе www.struve.by. А ў адным з памяшканняў бібліятэкі ўжо сёння можна азнаёміцца з сабранымі экспанатамі: тут прадстаўлены геаграфічныя карты і кнігі, прысвечаныя Дузе Струвэ, буклеты пра яе стваральнікаў Карла Тэнера, Васіля Струвэ і Осіпа Ходзьку, ды многае іншае. Сабрана інфармацыя аб усіх знойдзеных геадэзічных пунктах Дугі і прадстаўлены іх каардынаты. Паводле задумы ініцыятараў, музей будзе знаёміць не толькі з гісторыяй Дугі Струвэ ды яе значэннем для навукі, а таксама і з культурай ды традыцыямі народаў, праз землі якіх яна была пракладзена.
Немалаважны і той факт, што работы над гэтым праектам фінансуюцца Ашмянскім райвыканкамам і за кошт гранта асветніцкага фонду. І калі мясцовыя ўлады выдаткавалі, па словах Ліліі Рагінскай, прыкладна шэсцьдзясят мільёнаў рублёў для рамонту памяшкання, дзе цяпер месціцца музей Дугі Струвэ, дык грант памерам звыш васьмі тысяч еўра пайшоў на набыццё і ўстаноўку вітрын, закупку экспанатаў, а таксама на ўсе арганізацыйныя работы, звязаныя з напаўненнем віртуальнай старонкі ў Інтэрнэце.
У планах мясцовых бібліятэкараў — да адкрыцця ўстановы распрацаваць экскурсію па музеі Дугі Струвэ, а таксама ўключыць яго ў раённы турмаршрут. І, як упэўнена Лілія Рагінская, музей абавязкова будзе запатрабаваны ў жыхароў ды гасцей Гальшан.